Пастаянны рух наперад, ініцыятыўнасць і мэтанакіраванасць. Гэтыя прынцыпы лічыць ключавымі ў рабоце начальнік аддзела па адукацыі Шклоўскага райвыканкама Таццяна Лодава. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— У педагогіцы вы больш за чвэрць стагоддзя, паспяхова працавалі на розных пасадах. У чым заключаецца алгарытм эфектыўнай работы?
— Нейкіх канкрэтных рэцэптаў не існуе. Але ёсць аспект, без якога наўрад ці што атрымаецца. Трэба любіць сваю прафесію. У гэтым плане я лічу сябе шчаслівым чалавекам, бо займаюся той справай, да якой ляжыць душа. Быць настаўнікам у свой час вырашыла свядома і ні разу не пашкадавала, што пайшла менавіта гэтай жыццёвай дарогай. А каб была выніковасць, неабходны добрасумленнасць, патрабавальнасць, самааддача і імкненне да ўдасканалення. Так адношуся да работы сама, на гэта накіроўваю і нашы педагагічныя калектывы.
— Што ўяўляе сабой сёння сфера адукацыі Шклоўшчыны?
— У раёне функцыянуюць 32 навучальныя ўстановы з агульным ахопам больш за 3 тысячы дзяцей. Усе педагагічныя калектывы працуюць зладжана і плённа. У арганізацыі адукацыйнага працэсу выкарыстоўваем сучасныя тэхналогіі, хутка рэагуем на новаўвядзенні, укараняем інавацыі, рэалізуем рэспубліканскія эксперыментальныя праекты. Шэраг нашых устаноў з’яўляюцца абласнымі рэсурснымі цэнтрамі па трансляцыі інавацыйнага вопыту. Першачарговае значэнне надаём якаснай адукацыі. Але ў цэнтры ўвагі заўсёды і асоба дзіцяці. Імкнёмся раскрыць здольнасці вучняў, выхаваць іх дастойнымі людзьмі, падрыхтаваць да дарослага жыцця.
— На што робіце ўпор у выхаваўчай рабоце?
— Асаблівую значнасць у сённяшніх рэаліях набывае патрыятычнае выхаванне. Праз разнастайныя мерапрыемствы стараемся фарміраваць у моладзі каштоўнасныя адносіны да гістарычнай і культурнай спадчыны, сацыяльную адказнасць і грамадзянскасць. У прыярытэце таксама прафарыентацыйная работа: нам важна дапамагчы кожнаму вучню знайсці сябе. Усвядомленаму прафесійнаму выбару спрыяе профільнае навучанне. Сёлета ў нас дзейнічаюць 23 профільныя класы, сярод якіх медыцынскія, ваенна-патрыятычныя, аграрныя, юрыдычныя, прававыя, педагагічныя. Акрамя таго, у рамках працоўнага навучання старшакласнікі яшчэ падчас вучобы ў школе маюць магчымасць набыць рабочую
прафесію.
— Прайшла палова навучальнага года. Як і дзе змаглі праявіць сябе вашы школьнікі?
— Вучні добра паказалі сябе ў алімпіядным руху. На трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах навучэнцы заваявалі 7 пераможных дыпломаў. Сярод найбольш значных творчых перамог — бліскучыя выступленні на міжнародным конкурсе “Зоркі Прыдняпроўя”, рэспубліканскім конкурсе літаратурных і даследчых работ “Свет праваслаўя”. Традыцыйна вынікова нашы дзеці выступаюць на спартыўных турнірах і спаборніцтвах.
— Поспехі вучняў заўсёды залежаць ад педагогаў…
— Канечне! І наша настаўніцтва — гэта выключныя прафесіяналы, якія бясконца любяць дзяцей і штодзень працуюць над раскрыццём іх талентаў. Педагогі бесперапынна займаюцца самаразвіццём, знаходзяцца ў творчым пошуку. Падтрымкай у гэтым ім служыць раённы вучэбна-метадычны кабінет, які матывуе на паляпшэнне прафесійнага майстэрства. Як вынік — звыш 70% педагогаў маюць вышэйшую ці першую кваліфікацыйную катэгорыю. Ёсць у нас і два настаўнікі-метадысты. Гэта Наталля Маскаленка з сярэдняй школы № 4 горада і Рыта Мішына з Забродскай сярэдняй школы.
— Якія мэты ставіце перад педагагічнымі калектывамі раёна на найбліжэйшую перспектыву?
— Планаў даволі шмат, і ўсе яны скіраваны на паляпшэнне якасці адукацыі. Калі гаварыць пра надзённае, то навучальныя ўстановы ўсебакова далучыліся да выбарчай кампаніі — многія школы з’яўляюцца ўчасткамі для галасавання. Педагогі праяўляюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, яны задзейнічаны ў рабоце ўчастковых камісій, уваходзяць у склад ініцыятыўных груп, самі балаціруюцца ў дэпутаты. Усёй настаўніцкай грамадскасцю выбары праводзім не для кагосьці, а для сябе, каб агульным народным рашэннем вызначыць далейшы шлях развіцця Беларусі.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара