Таццяна Пархамчук: «Калі любіш тое, чым займаешся, вучні самі пойдуць за табой»

- 11:08Учитель года

Больш за 20 гадоў мінула з таго часу, як выпускніца БрДУ імя А.С.Пушкіна Таццяна Пархамчук прыйшла па размеркаванні ў гімназію № 2 Пінска настаўніцай біялогіі, але дагэтуль не ведае, што такое прафесійнае выгаранне. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

На яго ў педагога проста няма часу, бо няспынная вучоба і шматлікія крэатыўныя ідэі прымушаюць заўсёды знаходзіцца ў руху, шукаць новыя формы і метады работы. А іх яна апрабавала мноства і на дасягнутым не спыняецца.

Таццяна Віктараўна лю­біць свой прадмет і таленавіта перадае гэтую любоў дзецям. Каб зацікавіць іх, даводзіцца вучыцца самой. Так, у пачатку педагагічнай дзейнасці настаўніца асвоіла прафесію сакратара-рэферэнта.

— Хацелася ўмець хутка друкаваць, — тлума­чыць Таццяна Пархамчук. — Раздатачнага матэрыялу, які сама рыхтавала на ўвесь клас, раней не хапала. Атрыманыя навыкі спатрэбіліся затым у рабоце з камп’ютарам.

Таццяна Віктараўна прызнаецца, што жыццё рэгулярна кідае ёй выклік і яна без боязі яго прымае. Працаваць у школе маладой настаўніцы было спачатку страшнавата, але яе падтрымалі старэйшыя калегі, у прыватнасці тагачасны намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Людміла Былінская, якая акружыла ўвагай і клопатам. Дзякуючы гэтаму, педагог паспяхова сцвердзілася ў прафесіі і пераканалася ў правільнасці свайго выбару.

— Дзеці імкнуцца даведацца пра ўсё на свеце, — гаворыць Таццяна Пархамчук. — Мая задача — падтрымаць іх у гэтым. Як? Уласным прыкладам! Калі любіш тое, чым займаешся, вучні самі пойдуць за табой.

Настаўніца не цярпіць руціны. Ёй не сядзіцца на месцы ні ў рабоце, ні ў жыцці, бо Таццянай Віктараўнай рухаюць наватарства і творчы пошук, таму яна пастаянна наведвае розныя курсы і вэбінары. Такі падыход дазваляе не толькі рыхтаваць цікавыя і метадычна вывераныя ўрокі, але і пакараць прафесійныя вяршыні, у тым ліку з калегамі-аднадумцамі.

Адна з іх — настаўніца рускай мовы і літаратуры Алена Шумак, з якой яны вядуць педагагічны блог. Яго падпісчыкамі з’яўляюцца больш за 4 тысячы педагогаў з розных краін. Алена Шумак адзначае, што такога мэтанакіраванага чалавека, як Таццяна Віктараўна, ёй яшчэ не даводзілася сустракаць.

— Гэта мегапрафесіянал! — не хавае свайго захаплення калега. — Здавалася б, атрымаўшы кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”, можна было і спыніцца. Але гэта не ў характары Таццяны Віктараўны, якая натхнёна вучыць замежныя мовы, удасканальвае ІКТ-навыкі, здымае і манціруе відэа. А як рацыянальна яна выкарыстоўвае час! Гуляе, скажам, з сабакам і адначасова надыктоўвае з дапамогай спецыяльнага дадатку ў мабільным тэлефоне план урока. Альбо размаўляе з мужам і паралельна набірае тэкст сляпым метадам друку. Дзеці слухаюць Таццяну Віктараўну, нібы зачараваныя. Ім цікава ўсё, пра што яна расказвае.  

Творчы тандэм педагогаў дае магутны штуршок да іх прафесійнага развіцця. І ў іх нараджаецца шмат крэатыўных ідэй. 

Шэсць гадоў назад Алена Шумак, як і Таццяна Пархамчук сёлета, стала фіналістам рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”. Тады Таццяна Віктараўна ўваходзіла ў групу падтрымкі сяброўкі і шмат узяла для сябе са зносін з калегамі. Гэта падштурхнула да самаўдасканалення, а сам конкурс стаў чарговым жыццёвым выклікам, які яна з гонарам прыняла і тым самым даказала сваю прафесійную вартасць.

— Але хацелася дака­заць не толькі гэта, — заўважае Таццяна Пархамчук. — А найперш — прэстыж і веліч настаўніцкай прафесіі, у якой працуе шмат творчых і адданых любімай справе людзей. 

Калі педагог адправілася на спаборніцтва, ніхто нават не сумняваўся, што яно будзе для яе паспяховым. Таццяне Віктараўне было чым здзівіць калег і чарговы раз пераўзы­сці саму сябе. 

— Калі ўсе толькі пачалі гаварыць пра штучны інтэ­лект, мы з Аленай Шумак правялі ўрокі, напісаныя з яго дапамогай, і, шчыра кажучы, спачатку расчараваліся ў прымітыўным падыходзе машыннага розуму, — расказ­вае Таццяна Пархамчук. — Але не кінулі цікавую ідэю, а прымусілі штучны інтэлект стаць крэатыўным, для чаго скіравалі яго ў неабходнае рэчышча з дапамогай пэўных пытанняў і сказаў, дзе рас­тлумачылі, чаго мы ад яго чакаем. І нам гэта ўдалося!

Педагог лічыць, што наступны ўрок павінен быць лепшым за папярэдні, таму Таццяна Віктараўна любіць спаборнічаць сама з сабой. Гэта добры сродак і ад руціны, і ад прафесійнага выгарання, які яна рэкамендуе і сваім калегам.

Менавіта дзякуючы такому падыходу ў Алены Шумак і Таццяны Пархамчук 2 гады назад з’явіўся прафесійны блог. Сярод яго падпісчыкаў з Беларусі, Расіі, Казахстана, Чэхіі, Германіі і іншых краін — шмат маладых педагогаў, якія маюць патрэбу ў метадычнай падтрымцы. У блогу яны не толькі з задавальненнем вучацца ў вопытных калег і знаёмяцца з іх напрацоўкамі, але і задаюць пытанні, атрымліваюць парады ў складанні планаў урокаў.

— Мы заўсёды знаходзім час для блога, — гаворыць Таццяна Віктараўна. — Калі дзень-другі не абнаўляем яго, падпісчыкі пачынаюць хвалявацца. Работа ў такім фармаце надзвычай адказная, таму стараемся не падводзіць людзей, якія ў нас паверылі і пайшлі за намі.

Таццяна Пархамчук упэўнена, што ў школах павінны працаваць настаўнікі, якія шчыра любяць дзяцей, прафесію і даказваюць гэта кожным урокам, бо такія педагогі фарміруюць станоўчы імідж адукацыйнай галіны. І Таццяна Віктараўна цалкам адпавядае гэтым крытэрыям. Яе выхаванцы — паспяховыя ўдзельнікі алімпіяднага руху, а сама яна актыўна праводзіць майстар-класы, курсы павышэння кваліфікацыі, вэбінары і семінары для калег, піша артыкулы і нават кнігі. Сярод іх — метадычны дапаможнік “Клуб юных першаадкрывальнікаў: развіваем творчае мысленне малодшых школьнікаў”, падрыхтаваны ў суаўтарстве з Аленай Шумак. Акрамя таго, Таццяна Пархамчук запісала 50 модуляў для адзінага адукацыйнага рэсурсу на рус­кай і беларускай мовах для настаўнікаў біялогіі. 

Несумненны аўтарытэт у прафесійнай супольнасці дазваляе педагогу на працягу многіх гадоў узначальваць гарадское вучэбна-метадычнае аб’яднанне настаўнікаў біялогіі, а таксама ўвахо­дзіць у склад абласной творчай групы.

Таццяна Віктараўна прызнаецца, што гімназія для яе — не работа, а жыццё. І вельмі ганарыцца гэтым. А яшчэ марыць, каб айчынная адукацыя была адной з лепшых у свеце. Для гэтага яна са свайго боку робіць усё магчымае і заклікае да таго ж іншых.

 Сяргей ГРЫШКЕВІЧ