Таццяна Пархамчук: «У першую чаргу неабходна вывучаць гісторыю і традыцыі малой радзімы»

- 9:47Планерка

У Іванаўскім раёне паспяхова аднаўляюць гістарычную спадчыну, выхоўваюць патрыётаў. Пра ўсё гэта, а таксама пра летняе аздараўленне карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» расказала начальнік аддзела па адукацыі Іванаўскага райвыканкама Таццяна Пархамчук.

— Таццяна Валяр’янаўна, думаю, не памылюся, калі скажу, што Іванаўшчына — адзі­н
з найбольш самабытных куточкаў Беларускага Палесся. Як фарміруеце ў вучняў любоў да роднага краю, якія асаб­лівасці патрыятычнага выхавання ў школах раёна?

— І мінулы Год гістарычнай памяці, і папярэдні Год народнага адзінства, і цяперашні Год міру і стварэння для сістэмы адукацыі раёна кардынальна не адрозніваюцца. Усе яны напоўнены разнастайным зместам у плане рэалізацыі праграмы патрыятычнага выхавання насельніцтва на 2022—2025 гады. Склаліся свае традыцыі, у першую чаргу края­знаўчыя. Чатыры разы, у тым ліку ў мінулым го­дзе, нашы навучэнцы станавіліся пераможцамі адкрытага абласнога фестывалю фальк­лорнага мастацт­ва “Радавод”.

У сямі школах створаны музеі, два з іх носяць званне народнага. Гэта літаратурна-краязнаўчы музей Дастоеўскай сярэдняй школы імя Ф.М.Дастаеўскага і гісторыка-краязнаўчы музей Махроўскай сярэдняй школы. У 2022 го­дзе музей Дастоеўскай школы стаў дыпламантам Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”. А вось педагогамі і навучэнцамі Махроўскай школы пад кіраўніц­твам настаўніка геаграфіі Міхаіла Іванавіча Кунахаўца праведзена грунтоўная даследчая работа па тэме дзейнасці Пінскай партызанскай брыгады. Пры непасрэднай падтрымцы старшыні Іванаўскага райвыканкама Анатоля Ула­дзіміравіча Ткачука працягваецца аднаўленне штаба брыгады ва ўрочышчы Карасіна. З адпаведным праектам школа перамагла ў фінале “100 ідэй для Беларусі”. У лясным масіве з’явіліся зямлянкі, іншыя будынкі, лясная школа. Сёння гэты аб’ект актыўна выкарыс­тоўваецца пры правядзенні экскурсій для навучэнцаў.

Удасканаленню выхаваўчай работы садзейнічаюць стварэнне цэнтра грамадзянска-патрыятычнага выхавання на базе сярэдняй школы № 2 Іванава, прысваенне Махроўскай сярэдняй школе статусу “Школа міру”, сумесная работа з Іванаўскім благачыннем па арганізацыі ў Яечкавічах ваенна-патрыя­тычных атрадаў. Разам з Праваслаўнай царквой праводзім раённы фестываль дзіцячай творчасці “Калядны цуд”, удзельнічаем у розных канферэнцыях. Напрыклад, нядаўна ездзілі ў Мінск на ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу “Свет праваслаўя”.

Па выніках работы за мінулы год дыпломамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама ўзнагароджаны Іванаўскі раённы цэнтр дзіцячай творчасці, гімназія Іванава, Мотальскі дзіцячы сад як прызёры конкурсу на лепшую ўстанову адукацыі вобласці.

— У выхаваўчай рабоце сёння папулярная праектная дзейнасць. Якія ў гэтым плане дасягненні Іванаўскага раёна?

— Шмат увагі ўдзяляем рэалізацыі праектаў, прысвечаных гісторыі роднага краю. Гэта ўжо названы праект Махроўскай сярэдняй школы па аднаўленні стаянкі Пінс­кай партызанскай брыгады. Тая ж Дастоеўская школа многія гады актыўна даследуе сувязь Дастаеўскіх з нашым краем. Мясцовыя настаўнікі мараць пра аднаўленне сядзібы знакамітага роду па прыкладзе сядзібы роду Ордаў. Дарэчы, сумесна з супрацоўнікамі Раённага музейнага комплексу імя Напа­леона Орды Варацэвіцкая сярэдняя школа рэалізоўвае шэраг праектаў, прысвечаных жыццю і творчасці знакамітага мастака, музыканта, ураджэнца нашага краю. А сацыяльна-педагагічны праект “Памяць, якой не будзе канца…” на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня ў намінацыі “Мы — нашчадкі Вялікай Перамогі” адзначаны дыпломам ІІІ ступені.

У мінулым годзе мы рэалізоўвалі маштабны праект “Панарама эфектыўнага педагагічнага вопыту па патрыятычным выхаванні навучэнцаў Іванаўскага раёна”. Установы адукацыі абменьваліся вопытам з сусе­дзямі, праводзілі майстар-класы. На жнівеньскай нарадзе прадставілі абагульнены вопыт усіх устаноў адукацыі і выдалі зборнік матэрыя­лаў, для распаўсюджання вопыту перадалі гэтыя зборнікі ва ўсе школы.

На сёлетняй жнівеньскай нарадзе плануем падвесці вынікі работы па фарміраванні ў вучняў духоўна-маральных каштоўнасцей. Ужо па традыцыі будзе выдадзены зборнік педагагічнага вопыту. Дарэчы, выданне такіх зборнікаў таксама можна назваць праектам, які рэалізоўваецца ў раёне з 2015 года. Зборнікі не толькі даз­валяюць азнаёміцца з вопытам, але і нагадваюць пра значныя па­дзеі, мерапрыемствы, якія адбываліся на працягу таго ці іншага навучальнага года.

— Жнівеньская нарада бу­дзе толькі ў канцы лета. А як цяпер прахо­дзяць канікулы? Які ён — летні адпачынак іванаўскіх школьнікаў?

— Як і ўсюды па краіне, аздараўленчая кампанія прахо­дзіць у рамках акцыі “Правільнае лета”. Плануем аздаравіць 1595 дзяцей. Працуюць кругласутачныя 18-дзённыя лагеры і лагеры з дзённым знаходжаннем на базе ўстаноў адукацыі. Адзін з кругласутачных лагераў праводзім сумесна з Іванаўскім благачыннем, дзе да арганізацыі мерапрыемстваў далучаюцца праваслаўныя святары. Таксама ла­дзім ваенна-патрыятычны лагер у Махроўскай сярэдняй школе на 9 дзён для вучняў 10-х класаў. Для 45 падлеткаў там пройдуць і ваенна-палявыя зборы. Дапамогу педагогам аказваюць ваеннаслужачыя Пінскага пагранічнага атрада.

Ёсць у нас і цудоўны загарадны стацыянарны аздараўленчы лагер “Брыганціна”. У мінулым годзе ён быў прызнаны лепшым у краіне сярод лагераў, якія знахо­дзяцца ў аператыўным кіраванні аддзелаў па адукацыі выканаўчых камітэтаў. У нас там добрая база, цудоўныя педагогі. Ніколі няма праблем з камплектацыяй лагера. Але самае галоўнае, што дзеці атрымліваюць цікавы і карысны адпачынак.

— У нашай размове вы згадалі некалькі традыцый. А якіх прынцыпаў прытрымліваюцца вашы педагогі пры выхаванні патрыётаў?

— Сваім калегам я часта гавару: важна падарожнічаць па Беларусі, наведваць такія мясціны, як Хатынь, Брэсцкая крэпасць-герой. Сваю краіну трэба ведаць. Але ў першую чаргу неабходна выву­чаць гістарычныя аб’екты, якія знаходзяцца побач з табой, традыцыі, на якія багатая малая радзіма. І гэтую думку па­дзяляюць мае калегі. Я сама з педагагічнай дынастыі. Мае дзядуля і бабуля былі педагогамі, працавалі ў школе ў першыя пасляваенныя гады. Менавіта ад іх я пераняла любоў да малой ра­дзімы, да педагогікі. Многія гады дзялілася гэтай любоўю са сваімі вучнямі, калі працавала настаўніцай і дырэктарам, а таксама перадавала сваім дзецям. Мая дачка цяпер таксама настаўніца.

Трэба ганарыцца тым, што мы маем, сваёй гісторыяй, мовай, традыцыямі, але ў першую чаргу — людзьмі, бо людзі — самае каштоўнае, што ў нас ёсць. Гэта яны перамаглі ў Вялікай Айчыннай вайне, яны аднавілі краіну, дазволілі нам жыць. Мы павінны пра гэта памятаць.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара