Таццяна Пукала, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі Белаазёрска Брэсцкай вобласці, прыклад таго, як паспяхова можна сумяшчаць работу, сям’ю, творчасць, захапленні — усё тое, што прыносіць радасць, напаўняе жыццё яркімі фарбамі, дазваляе рэалізаваць патэнцыял. Як вынікова працаваць, прафесійна не выгараць і знаходзіць гармонію з сабой і навакольнымі, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала Т.П.Пукала.
— Таццяна Пятроўна, як вы прыйшлі ў прафесію? Чаму сталі настаўніцай? Ці ёсць у вас педагагічнае крэда альбо жыццёвы прынцып, якім кіруецеся?
— Прызнаюся, у школьныя гады марыла стаць доктарам. Нават у 10 класе вучылася на падрыхтоўчых курсах медыцынскага інстытута. Але калі прыйшоў час выбіраць прафесію, мама сказала, што я буду добрай настаўніцай. Матуліны словы сталі для мяне арыенцірам. Пасля заканчэння школы паступіла ў Брэсцкі педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна, які скончыла з адзнакай у 1994 годзе. Атрымаўшы прафесію настаўніцы пачатковых класаў, была размеркавана ў сярэднюю школу № 2 Белаазёрска (цяпер гэта гімназія). Ужо амаль 30 гадоў я кожны дзень з радасцю спяшаюся на работу ў гэтую навучальную ўстанову. І зараз я з упэўненасцю магу сказаць, што гімназія — гэта маё жыццё.
Маё педагагічнае крэда надзвычай простае: любіць дзяцей і паважаць калег, з якімі разам робім адну агульную справу. Што тычыцца жыццёвых прынцыпаў, то тут узгадваецца прытча “Мудры возчык”: “Неяк адзін возчык вёў павозку, у якой сядзела жанчына са сваім дзіцяткам. Выпала многа снегу, і ранак быў вельмі халодным. Жанчына ўвесь час старалася лепш ухутаць дзіця, каб яно не змерзла. Але возчык пачаў заўважаць, што сама жанчына ад холаду паступова страчвае прытомнасць. Тады стары ўзяў дзіця, выштурхнуў жанчыну з павозкі і паехаў прэч. Жанчына была шакіравана. Яна пусцілася бегчы, крычаць, лямантаваць. А праз паўкіламетра гэтага марафону возчык спыніў павозку, пасадзіў жанчыну і сказаў: “Цяпер вы сагрэліся. Я павінен быў зрабіць гэта, інакш вы маглі б загінуць”. Так і ў жыцці. Калі пачынаем “замярзаць”, лёс падкідвае нам новыя выпрабаванні, каб мы ўстрапянуліся і ішлі далей.
— Вы з’яўляецеся намеснікам дырэктара гімназіі. Якія напрамкі работы курыруеце? Як адносіцеся да таго, што на кіраўніцкай пасадзе больш часу даводзіцца займацца паперамі, а менш — урокамі?
— Сапраўды, з 2010 года я з’яўляюся адным з намеснікаў дырэктара па вучэбнай рабоце. Хачу адзначыць, што наш калектыў адміністрацыі — гэта каманда людзей кампетэнтных і творчых. Узначальвае яе дырэктар Святлана Уладзіміраўна Саўко, мудры кіраўнік, неабыякавы да праблем кожнага з нас. Мне ж даручана курыраваць адукацыйны працэс у пачатковых класах, у тым ліку работу класаў інтэграванага навучання і выхавання, работу настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя, работу групы прадоўжанага дня. Займаюся ўлікам дзяцей да 18 гадоў, якія пражываюць у мікрараёне гімназіі. Кірункаў работы шмат.
Безумоўна, сама пасада прадугледжвае той момант, што больш часу даводзіцца займацца дакументамі і рознымі справаздачамі, а менш — урокамі. Вельмі стараюся да гэтага адносіцца спакойна. А той час, які магу правесці са сваімі вучнямі, дае магчымасць чэрпаць сілы і натхняе на нешта новае ў рабоце з імі.
— Якіх правіл прытрымліваецеся ў рабоце з калегамі?
— Ёсць некалькі выказванняў, якіх я прытрымліваюся і якія лічу асноўнымі ў рабоце з калегамі: калі не ведаеш, як рабіць, — рабі па-людску; калі хочаш навучыцца кіраваць людзьмі, то спачатку павінен навучыцца кіраваць сабой. Яшчэ дабаўлю: не прымаць непрадуманых рашэнняў падчас складаных сітуацый, знаходзіць кампрамісы, прымаць крытыку, умець выслухаць кожнага і заўсёды помніць, што ўсе людзі розныя. Паважаю тых, хто даручаную справу выконвае якасна і своечасова. Люблю ва ўсім парадак і арганізаванасць. Паверце, у нашым калектыве менавіта так і адбываецца.
У скарбонцы дасягненняў Т.П.Пукала выданне метадычных дапаможнікаў для правядзення факультатыўных заняткаў у 2—4 класах “Вакол мяне дзівосны свет!”, “Я жыву сярод людзей”, “Для чаго мы, людзі, на зямлі жывём?” у суаўтарстве з В.Сцяпурка. За плённую работу педагог адзначана нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”.
— Што вы думаеце пра матывацыю і стымуляванне педагогаў? Як заахвочваеце настаўнікаў у сваім калектыве?
— Калі трэба матываваць настаўнікаў на нейкую новую дзейнасць, новы праект, то стараюся сама ўключыцца ў такую дзейнасць: не быць назіральнікам збоку, а быць актыўным удзельнікам. Наогул, асабісты прыклад — добры матыватар у нашай агульнай справе. Ну а стымуляваць педагогаў дапамагаюць прэміяльныя фонды. Кажуць, што грошы патрэбны для таго, каб пра іх не думаць.
— Таццяна Пятроўна, ці ёсць у вас у калектыве мужчыны?
— Мужчыны ў нашым калектыве ёсць. Усе яны таленавітыя педагогі, з якімі прыемна працаваць. Мне наогул здаецца, што нашы мужчыны — самыя лепшыя. Кожнага з іх паважаю і спадзяюся, што гэта ўзаемна.
Канечне, хацелася б, каб мужчын у педагогіцы было больш. У адным з артыкулаў нядаўна прачытала разважанне мужчыны-педагога. Ён піша, што вялікімі педагогамі-вучонымі-метадыстамі былі якраз мужчыны. Не магу з гэтым не пагадзіцца. Думаю, што і для мужчын, і для жанчын быць педагогам — гэта прызванне. Але мужчыны ў адукацыі проста неабходны, яны выхоўваюць у хлопцаў мужчынскі характар.
— Кім складаней кіраваць: жанчынамі ці мужчынамі?
— Да калег я стараюся адносіцца аднолькава, незалежна ад таго, хто гэта — мужчына ці жанчына. Жанчыны па сваёй прыродзе, вядома, больш эмацыянальныя. Але ў той жа час яны больш мяккія. Мужчын паважаю за рацыянальнасць і ўменне стрымліваць негатыўныя эмоцыі.
— Чым адметная ваша гімназія на адукацыйнай карце раёна? Што на сёння вызначае яе развіццё?
— Наша гімназія з’яўляецца адзінай установай адукацыі такога тыпу ў Бярозаўскім раёне. Гімназія сёння — гэта 579 навучэнцаў і 52 педагагічныя работнікі, 81% якіх маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Разам з вопытнымі педагогамі эфектыўна працуюць маладыя спецыялісты.
Вялікую ролю ў развіцці прафесійнага майстэрства настаўнікаў адыгрывае работа ў інавацыйным рэжыме. Зараз мы працуем над праектам “Укараненне мадэлі бяспечных паводзін у сетцы інтэрнэт суб’ектаў адукацыйнага працэсу”.
Выніковасць работы ўсяго педагагічнага калектыву — гэта перамогі нашых вучняў у абласных і рэспубліканскіх конкурсах і алімпіядах.
Не толькі ў раёне, але і за яго межамі гімназія вядома сваім гісторыка-краязнаўчым музеем, раённым STEAM-цэнтрам, тэатральнай студыяй АRTeFaCT, валанцёрскімі атрадамі. У гэтым навучальным годзе ў гімназіі адкрыты інжынерны клас.
Гімназія Белаазёрска ўзнагароджана дыпломам I ступені і прызнана лідарам па выкананні крытэрыяў і паказчыкаў дзейнасці ў вырашэнні задач развіцця адукацыі сярод гарадскіх устаноў адукацыі Бярозаўскага раёна за 2023 год.
— Якім тэхналогіям вы аддаяце перавагу на ўроках?
— Лічу, што на ўроку павінна быць цікава. Цікава і настаўніку, і вучням. Дзеля гэтага выкарыстоўваю сукупнасць форм, метадаў і прыёмаў розных тэхналогій: інфармацыйна-камунікацыйных, модульнага і праблемнага навучання, гульнявыя і праектныя тэхналогіі. Рэалізую STEAM-падыход у навучанні. Не забываю пра здароўезберагальныя тэхналогіі. Лічу, што самае галоўнае ў адукацыі — захаваць здароўе дзяцей, як фізічнае, так і псіхічнае, а таксама навучыць клапаціцца пра сваё здароўе як самую галоўную каштоўнасць у жыцці кожнага чалавека.
“І шчасце будзе зноў і зноў”
— Таццяна Пятроўна, што для вас 8 Сакавіка? Які самы памятны падарунак можаце ўзгадаць?
— 8 Сакавіка для мяне — гэта найперш свята вясны. Нездарма А.С.Пушкін назваў гэтую пару “утром года”. У гэты дзень многа кветак, многа прыемных слоў і многа ўвагі ад мужчын.
Святкаванне 8 Сакавіка стала традыцыйным мерапрыемствам у нашай гімназіі. Нам, жанчынам, прыемна прымаць віншаванні і ад вучняў, і ад мужчын-калег. Я радуюся любым падарункам, галоўнае — каб яны былі ад душы. А самыя памятныя, безумоўна, ад родных дзяцей. У дзяцінстве на кожнае свята яны майстравалі нешта сваімі рукамі, падпісвалі паштоўкі. Я да гэтага часу захоўваю ўсё і час ад часу пераглядаю і перачытваю.
— Вы заўсёды прыгожая, стыльная. Як вам гэта ўдаецца?
— Дзякуй вялікі. Лічу, што жаночая прыгажосць для кожнага свая. А каб яе падтрымліваць, трэба кожны дзень удзяляць сабе хоць некалькі мінут.
Адкрыцці, якія Таццяна Пукала зрабіла падчас работы намеснікам дырэктара: кіраваць людзьмі даволі няпроста, аднолькавых настаўнікаў не існуе, работа прыносіць задавальненне, калі з табой разам каманда аднадумцаў.
— Як вы абстрагуецеся ад спраў, адпачываеце?
— Ёсць цудоўнае выслоўе: “Хто не ўмее адпачываць, той не ўмее і працаваць”. Канечне, я стараюся пра гэта помніць і таму выкарыстоўваю розныя магчымасці адцягнуць увагу ад спраў. Люблю актыўны адпачынак на прыродзе з сям’ёй і сябрамі, люблю падарожнічаць. Умеем мы адпачываць і сваім працоўным калектывам. Гэта яшчэ больш аб’ядноўвае. А прафесійна выгараць мне не даюць тры рэчы: вучні, калегі і творчасць.
— Вясна, кветкі, падарункі — усё гэта паэзія. А як вы адносіцеся да паэзіі? Хто ваш любімы паэт?
— Паэзію вельмі люблю. Асабліва падабаюцца вершы на беларускай мове. Сярод паэтаў не выдзяляю любімага. З павагай адношуся да паэзіі маёй зямлячкі Ніны Мацяш. Яе вершы блізкія мне па духу. А наогул, люблю вершы, у якіх спалучаюцца глыбіня думкі і лёгкасць успрымання. Прызнаюся, што і сама крышачку пішу вершы. З гэтага навучальнага года вяду клуб юных паэтаў “Чароўнае пёрка” для малодшых школьнікаў.
Напярэдадні свята калег-жанчын хачу павіншаваць радкамі свайго верша:
Няхай заўжды смяюцца дзеці
І шчасце будзе зноў і зноў.
Жанчыну грэе ў гэтым свеце
Надзея, вера і любоў.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара