Сённяшні госць праекта “Мая школа” — педагог, дэпутат Палаты прадстаўнікоў шостага склікання, кандыдат фізіка-матэматычных навук, старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Раманаўна ЯКУБОВІЧ.
— Таццяна Раманаўна, раскажыце, калі ласка, адкуль вы родам?
— Мая радзіма — вёска Гарадок Кармянскага раёна Гомельскай вобласці. Бацькі — простыя людзі, якія ўсё жыццё працавалі на Кармянскім ільнозаводзе: маці Раіса Іванаўна — у цэху першаснай апрацоўкі льну, а бацька Раман Якаўлевіч быў вадзіцелем. На жаль, тата памёр вельмі рана, а маці зараз жыве ў Баранавічах, куды наша сям’я ў 1994 годзе пераехала з Кармянскага раёна, бо наша вёска трапіла ў зону абавязковага адсялення пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
— У чым былі асаблівасці сямейнага выхавання ў вашым дзяцінстве?
— Галоўным у выхаванні заўсёды быў асабісты прыклад: як трэба працаваць, як трэба размаўляць з людзьмі і дапамагаць ім. Мая маці, каб вывучыць траіх дзяцей (брат старэйшы за мяне на 10 гадоў, а сястра старэйшая на 6 гадоў), працавала ў тры змены, таму што зарплата была невялікая, але ў матулі была мэта: усе яе дзеці павінны атрымаць вышэйшую адукацыю.
Маці мае толькі 7 класаў адукацыі, і калі пэўны час жыла ва Украіне, яе хацелі ўзяць у школу Людмілы Зыкінай, бо яна вельмі добра спявала, але бацькі не адпусцілі. Яна пастаянна пра гэтае ўспамінае і, магчыма, па гэтай прычыне імкнулася вывесці нас у людзі. З намі ніхто не сюсюкаўся, і ў бацькоў не было магчымасці праводзіць з намі шмат часу. Мы жылі ў вёсцы, і, зразумела, была гаспадарка. Кожны з дзяцей меў пэўныя абавязкі. Мы ўсе, уключаючы старэйшага брата, умелі даіць карову. Калі былі малымі, палолі грады. У нашым доме заўсёды было шмат гасцей. Памятаю, як зімовымі вечарамі амаль паўвёскі прыходзіла да нас і мы па тэлевізары глядзелі выступленні Ірыны Радніной. Маці ніколі нікому не адмаўляла ў дапамозе: ці то па гаспадарцы, ці то па якіх іншых пытаннях. Нас гэтаму не вучылі спецыяльна, але ўсё гэта было на вачах ва ўсіх, таму сёння мой жыццёвы прынцып (і сваіх падначаленых я гэтаму пастаянна вучу) — калі ты можаш дапамагчы чалавеку, дапамажы, а калі не можаш — адразу так і скажы, не даючы марную надзею.
Сёння мы можам удзяліць больш увагі сваім дзецям, нас жа выхоўвалі выключна асабістым прыкладам.
— Што для вас значаць школьныя гады? Чым яны былі адметныя?
— Увогуле, я з цеплынёй успамінаю школьныя гады. Сярэдняя школа № 1 Кармы, дзе я вучылася, знаходзілася за 7,5 кіламетра ад дома. Калі не было аўтобуса, ішлі пехатой. Якая гэта была радасць: купіць у буфеце коржык за 8 капеек і ісці разам з сябрамі дадому.
На жаль, жыццё нас вельмі моцна раскідала па ўсім былым СССР. Мае аднакласнікі жывуць і ў Беларусі, і ў Расіі, і ва Украіне — Чарнобыль вельмі моцна паўплываў на наш лёс. Апошні раз мы збіраліся з нагоды 25-годдзя заканчэння школы. З 30 аднакласнікаў на сустрэчу змагла прыехаць толькі трэцяя частка, але нас было даволі шмат, бо збіраліся ўсёй паралеллю — яшчэ ў школьныя часы ўсе тры класы паралелі былі вельмі дружнымі. А калі пасля базавай школы з трох класаў зрабілі два, мы ўвогуле перамяшаліся. І на сустрэчы толькі па альбомах высвятлялі, хто з кім у класе вучыўся (смяецца).
З настаўнікаў змаглі прыехаць толькі класны кіраўнік паралельнага класа, настаўнікі гісторыі і беларускай мовы і літаратуры. Шкада, але шмат каго з нашых педагогаў ужо няма, многія ў вельмі паважаным узросце і не змаглі прыехаць, бо жывуць у іншай частцы Беларусі.
Увесь мой лёс быў звязаны з выдатнымі настаўнікамі. У пачатковай школе мяне вучыла Таісія Іванаўна Паплаўская — чулы і ўважлівы настаўнік, да якой цягнуліся дзеці. І, магчыма, бачачы гэта, адразу ў першым класе я сказала, што буду настаўніцай.
Я да гэтага часу захоўваю свае дзённікі з пяцёркамі. Я была з так званых уседлівых выдатніц. Мы жылі ў вёсцы, ніякіх забаў у нас не было. І пасля таго як дапамаглі бацькам па гаспадарцы, садзіліся за вучобу і кнігі.
У 4 класе мы перайшлі на іншую ступень навучання і сталі знаёміцца з новымі педагогамі. Матэматыку выкладала Валянціна Аляксандраўна Лашкевіч — даволі строгі і кампетэнтны педагог з глыбокімі прадметнымі ведамі. Мы яе вельмі баяліся, але паважалі і ставіліся да яе з вялікай цеплынёй. Менавіта яна “зачапіла” мяне матэматыкай.
Маё дзявочае прозвішча Вішнеўская, і сярод аднакласнікаў я мела мянушку Вішня. Неяк на ўроку матэматыкі ў 10 класе мы рашалі складаную алімпіядную задачу. Вядома, да дошкі выклікалі ўсіх выдатнікаў, якія былі ў класе, але ніхто задачу рашыць не змог. Нарэшце, дайшла чарга да мяне. Памятаю, як Валянціна Аляксандраўна, звярнуўшыся да мяне, сказала: “Вішня, ну калі і ты не рашыш задачу, усё вам будзе!” Каля дошкі да мяне прыйшло азарэнне — відаць, ад страху. (Смяецца.) Потым, пасля ўрока, яна падышла да мяне, абняла і сказала: “Таня, прабач, але я ў той момант нават прозвішча тваё не магла ўспомніць…” У тыя часы не было такой разнастайнасці вучэбных сродкаў, як зараз, і мы пасля ўрокаў у кабінеце матэматыкі пастаянна нешта выразалі і клеілі, пісалі карткі з заданнямі. Не таму, што нас прымушалі. Валянціна Аляксандраўна магла нас зацікавіць, і мы цягнуліся да яе. Настаўнік павінен не толькі даваць урокі, але і фарміраваць асобу навучэнца.
Для вучня важна не толькі тое, наколькі глыбока настаўнік валодае прадметнымі ведамі і можа зацікавіць сваім прадметам, але і яго чалавечыя якасці. Можна баяцца строгага педагога на ўроку, але пасля ўрокаў наладжваць з ім цёплыя і дружалюбныя зносіны.
Запомнілася настаўніца рускай мовы і літаратуры Валянціна Уладзіміраўна Беразоўская — яе ўрокі былі вельмі цікавымі і яркімі. У нас была цудоўны класны кіраўнік Наталля Паўлаўна Біруліна.
Калі сказаць шчыра, я ніколі не любіла гісторыю. Па складзе розуму я чысты матэматык, а “разважанні на тэму” даваліся мне цяжка. І каб атрымаць пяцёрку, мне прыходзілася некаторыя моманты з падручніка вучыць на памяць. Без завучаных прыгожых слоў мой адказ зводзіўся да трох сказаў, да дакладных дат, лічбаў і фактаў.
А вось геаграфія давалася лягчэй. Ды і настаўнік геаграфіі мяне любіў: выклікаў ледзь не на кожным уроку і ставіў у журнале кропкі. Пасля класны кіраўнік пыталася, чаму ў мяне так шмат кропак і ці вучу я геаграфію ўвогуле. Але так было таму, што пасля няўдалага адказу кагосьці з аднакласнікаў ён выклікаў мяне і пасля майго адказу прыгаворваў: “Ну, Таццянка, цябе хоць у макушку пацалуй!” А ў канцы чвэрці ўсе кропкі ператвараліся ў пяцёркі.
Сваім дзецям я заўсёды расказваю пра нашага настаўніка геаграфіі, якога мы вельмі паважалі. Ён быў ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і на фронце страціў руку. Гэты настаўнік заўсёды арганізоўваў для нас, школьнікаў, цікавыя экскурсіі. Калі я вучылася ў 7 класе, ён узяў мяне на экскурсію ў Ленінград. Акрамя таго, што наведалі ўсе славутасці горада, мы тры гадзіны выстаялі ў чарзе за апельсінамі — іх тады было вельмі складана купіць. Мы, дзеці, паклалі іх на балконе, і апельсіны падмерзлі. Прывезлі іх дадому падгнілымі, але ад гэтага радасці ў сваякоў не паменшылася, а я была вельмі гордай, што прывезла сям’і апельсіны. Мой муж, які родам з Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці, успамінаў, як яго бацькі ездзілі ў Вільнюс за варанай каўбасой, а нам з Гомельскай вобласці было бліжэй да Кіева, куды людзі таксама ездзілі за прадуктамі, якіх у вёсцы не было. Дзеці часам не вераць, што такое калісьці было. Я расказваю гэта дзецям, каб яны зразумелі, што тое, як мы жывём сёння, — вялікая праца не аднаго пакалення людзей.
— З якога часу вы сталі займацца грамадскай работай?
— Грамадская работа мяне захапіла яшчэ з першага класа. Калі прынялі ў акцябраты, была звеннявой. Пасля была старшынёй піянерскай арганізацыі школы, а потым, калі стала камсамолкай, — членам бюро Кармянскага райкама ЛКСМБ. Памятаю, калі яшчэ была вучаніцай 8 класа, разам з дарослымі, як мне тады здавалася, людзьмі (хаця ім усім тады было па 25—30 гадоў) удзельнічала ў рабоце з’езда камсамола Беларусі. Відаць, прычына ў маім няўрымслівым характары.
Ва ўніверсітэце ўсе пяць гадоў я была старастай, а таксама старшынёй прафсаюзнай арганізацыі матэматычнага факультэта.
— Якая падзея са школьных гадоў найбольш запомнілася?
— У школе я была актывісткай з самага пачатку. Мяне ўсе ведалі, і я заўсёды была гатова на любыя здзяйсненні. Мне падабалася грамадская работа, і ў мяне гэта нядрэнна атрымлівалася. У тыя часы было модна запрашаць на школьны педсавет лідараў грамадскіх арганізацый навучэнцаў. Не памятаю зараз, якія пытанні былі асноўнымі, але ў парадку дня разглядалася і пытанне работы з моладдзю. Намеснік дырэктара сказала на педсавеце, што сённяшняя моладзь дрэнная. Мяне гэта абразіла, але я стрымлівала сябе. І калі дырэктар школы запытала, хто хоча выступіць, я адразу ўзяла слова. “Вы ўсё правільна сказалі, — пачала я, — але не зусім так. Мы добра працуем, у нас ёсць паразуменне з класнымі кіраўнікамі і адміністрацыяй школы, праводзім шмат мерапрыемстваў. Моладзь зараз не дрэнная. Яна проста іншая. У вас жа таксама ёсць праблемы: вось, напрыклад, ідзе педсавет, а настаўнікі ў гэты час сшыткі правяраюць. А ў цэлым усё добра”.
Раніцай школа гудзела, усе пыталіся ў мяне, што я сказала на педсавеце. “Ці разумееш ты, што ў цябе залаты медаль, а раптам зрэжуць?” — гаварылі мне многія. Але вопытныя кіраўнікі, якія мяне добра ведалі, адрэагавалі на маю прамову адэкватна. Між сабой яны, безумоўна, гэта абмяркоўвалі, але не сталі мне помсціць, і свой залаты медаль я атрымала. Для мяне гэта стала своеасаблівым урокам, што ўсё трэба рабіць асэнсавана і абдумана, не паддаючыся эмоцыям і юнацкаму максімалізму.
— Ці былі ў вас, як у многіх выпускнікоў, ваганні наконт выбару УВА і будучай прафесіі?
— Ва ўніверсітэт я паступала ў паслячарнобыльскі час. А паколькі Кармянскі раён быў зонай абавязковага адсялення, мы паступалі ў маі. Пытання, куды паступаць, у мяне не было: я выбрала матэматычны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Да таго ж мая цётка па бацькавай лініі таксама была настаўніцай. Яна выкладала гісторыю, заўсёды выглядала інтэлігентна і дагледжана. Магчыма, гэта таксама паспрыяла таму, што я выбрала настаўніцкі шлях.
— Наколькі моцна адрознівалася навучанне ў школе і ва ўніверсітэце?
— Безумоўна, ва ўніверсітэце ўсё было інакш. Было шмат педагогаў, якія ляглі на душу. Леў Якаўлевіч Палякоў выкладаў у нас аналітычную геаметрыю, тлумачачы ўсё настолькі дакладна, што не зразумець было немагчыма. Але ён заўсёды любіў казаць: “Зразумела тое, што напісана”. І на самай справе, мы вельмі паспяхова здавалі яго прадмет, бо разумелі ў ім абсалютна ўсё. І менавіта ён заклаў ува мне імкненне максімальна даступна даносіць матэрыял да студэнтаў, каб яны не завучвалі формулы, а ўмелі імі карыстацца.
Не магу не сказаць пра майго навуковага кіраўніка Аляксандра Мікалаевіча Скрыбу. Гэта проста геній у навуцы — у 50 гадоў у яго ўжо было мноства абароненых аспірантаў, бязмежная колькасць ідэй. Сярод выкладчыкаў, якія прымушалі нас улюбіцца ў матэматыку, таксама Віктар Сцяпанавіч Манахаў і многія іншыя таленавітыя педагогі.
Нягледзячы на тое, што нас рыхтавалі як выкладчыкаў, курс матэматыкі быў фундаментальны. Нам чыталі тапалогію, алгебру і тэорыю лікаў і шмат іншых дысцыплін, якія, на першы погляд, зусім не патрэбныя настаўніку матэматыкі. Але, як ні дзіўна, дысертацыю я абараняла менавіта па алгебры і тэорыі лікаў.
На апошніх курсах універсітэта ў мяне таксама была магчымасць прайсці дадатковае навучанне па эканоміцы. А ў 2013 годзе, ужо працуючы ва ўніверсітэце, я скончыла Акадэмію кіравання.
Калі б не Чарнобыль, магчыма, вярнулася б на радзіму ў Карму і да гэтага часу працавала настаўніцай матэматыкі ў школе. Ну, можа, дарасла б да начальніка аддзела адукацыі. Але дзякуючы таму, што мы пераехалі ў Баранавічы, узніклі новыя выклікі, на якія патрэбна была адпаведная рэакцыя.
Калі вучылася ва ўніверсітэце, мы жылі ў інтэрнаце калідорнага тыпу. Усе жылі разам: першы і пяты курс, хлопцы і дзяўчаты… Гатуеш, напрыклад, на кухні курыцу. Адыдзеш на некалькі хвілін — а на патэльні толькі палова таго, што было, і запіска: “Дзяўчаты, дзякуй, было вельмі смачна. Проста вельмі хацелася есці”. (Смяецца.) Той, хто, напрыклад, умеў вязаць, вучыў гэтаму ўсіх жадаючых. І першыя шалікі і шапкі вязаліся менавіта там. Наш інтэрнат быў, да таго ж, інтэрнацыянальны. З намі жылі студэнты з Афганістана, Ірана, Егіпта і іншых краін. Шмат хто з тагачасных студэнтаў потым застаўся ў Беларусі. У інтэрнаце мы і вучыліся, і знаёміліся, і каханне там нараджалася — усякае было. Сёння ўмовы больш камфортныя, але такіх зносін, якія былі ў нас, на жаль, няма. І гэта вялікі мінус.
— Ці памятаеце вы ўрок, калі першы раз зайшлі ў клас у якасці настаўніка?
— Безумоўна, памятаю. Гэта была педагагічная практыка ў адной з сярэдніх школ Гомеля. Мы папярэдне абмеркавалі будучы урок з кіраўніком педпрактыкі, потым цэлую ноч я рыхтавалася, напісала падрабязны канспект — вельмі хацела, каб у мяне ўсё атрымалася. Па рэакцыі кіраўніка, якая сядзела за апошняй партай і сачыла, як усё праходзіць, а потым па аналізе майго ўрока я зразумела, што ўсё добра. Менавіта дзякуючы гэтай удачы мне захацелася развівацца далей.
Памятаю першыя заняткі па вышэйшай матэматыцы, праведзеныя мной ужо ў якасці выкладчыка каледжа. Гэта было больш складана і адказна. Першы год работы я да 2—3 гадзін ночы рыхтавалася да заняткаў: прарэшвала кожны прыклад, каб не было непрыемнасцей падчас заняткаў, паўтарала азначэнні. Мне было 24 гады, а маім навучэнцам — 18, і мне хацелася, каб яны не ўспрымалі мяне як дзяўчынку, якая нічога не ведае. Увогуле, я заўсёды імкнулася выкладаць без канспектаў, і мае студэнты часам пыталіся: “Таццяна Раманаўна, як вы ўсё гэта можаце памятаць?” А я ў адказ казала: “Пішыце за мной хутка, бо паўтарыць яшчэ раз слова ў слова не змагу”.
Я люблю выкладаць, і ў гэтым, відаць, было маё прызванне. Праз столькі гадоў я ні разу не пашкадавала, што выбрала такі шлях і такую спецыяльнасць. Мне камфортна ў маёй прафесіі.
— Ваша прафесійная кар’ера дазволіла пазнаёміцца з усімі ўзроўнямі сістэмы адукацыі нашай краіны. Ці дапамагае гэта ў рабоце на сённяшняй пасадзе?
— Гэта сапраўды так. Адзіны этап, які я не прайшла, — гэта дашкольная адукацыя. Але, маючы дваіх дзяцей, мела магчымасць бачыць праблемы сістэмы дашкольнай адукацыі і нейкім чынам рэагаваць на іх. Сёння, з’яўляючыся старшынёй галіновага прафсаюза, таксама шмат выязджаю па рэгіёнах і яшчэ больш дакладна разумею: менавіта ў дашкольным узросце закладваюцца ўсе якасці і здольнасці чалавека і праца педагогаў-дашкольнікаў вельмі складаная і надзвычай адказная, бо што мы закладзём у выхаванцаў, тое і атрымаем потым. Але не трэба забываць і пра ролю сям’і ў выхаванні. Менавіта сям’я павінна выхоўваць, сям’я павінна паказваць прыклад паводзін і быць на перадавой у выхаванні сваіх дзяцей. Сёння ні ў якім выпадку нельга перакладваць усё на дзіцячы сад, школу і — тым больш — на ўніверсітэт. Аднак, на жаль, такая тэндэнцыя яшчэ жывая, і шмат хто з бацькоў чамусьці ўпэўнены, што сістэма адукацыі павінна выхоўваць іх дзяцей.
Калі ў 1994 годзе, скончыўшы ўніверсітэт, я прыехала ў Баранавічы, месца настаўніка матэматыкі не было, і мне цэлы год давялося працаваць лабарантам кабінета хіміі ў сярэдняй школе № 22 Баранавіч. На шчасце, я мела права ўдзелу ў вучэбным працэсе і, калі патрабавалася замена, з радасцю рэалізоўвала сябе як педагог.
Менавіта ў той час пачыналіся рэспубліканскія прадметныя конкурсы. Адзін з маіх выхаванцаў заняў 3-е месца, і ў мяне з’явілася магчымасць выкладаць матэматыку.
Потым я перайшла працаваць у эканоміка-юрыдычны каледж, дзе прайшла ўсе ступені: спачатку працавала куратарам і настаўнікам матэматыкі, была загадчыкам завочнага аддзялення і намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. У гэты ж час абараніла дысертацыю на атрыманне вучонай ступені кандыдата фізіка-матэматычных навук.
У 2004 годзе, калі ствараўся Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, мяне запрасілі туды на пасаду прарэктара па выхаваўчай рабоце. Мне тады было ўсяго 33 гады. Перайшла ў БарДУ нават не з 1 верасня — не магла кінуць сваіх выхаванцаў у каледжы.
Новы ўніверсітэт павінен быў заявіць пра сябе, і стаўка была зроблена на ўдзел у мерапрыемствах па лініі выхаваўчай работы. Нам гэта ўдалося: нашы студэнты атрымлівалі ўзнагароды на разнастайных абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, тым самым ствараючы імідж установы. Выхаваўчую работу ва ўніверсітэце я курыравала 9 гадоў, а потым яшчэ каля трох гадоў была першым прарэктарам установы. За час работы давялося шмат паездзіць па краіне і глыбей убачыць усе працэсы, якія адбываюцца ў грамадстве.
У 2016 годзе мяне выбралі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, і на працягу майго дэпутацтва я з’яўлялася намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы.
Мая сённяшняя работа таксама вельмі цікавая. Я ўвесь час кантактую з людзьмі.
— Як бы вы ахарактарызавалі работу сістэмы адукацыі з пункту погляду прафсаюзнага лідара галіны?
— Сістэма адукацыі паступова развіваецца. Сёння ў нас дастаткова месцаў у дзіцячых садах і школах, і размова зараз ідзе пра забеспячэнне гэтымі паслугамі ў крокавай даступнасці.
Сучаснае жыццё патрабуе кіраўнікоў новый фармацыі, якія б не пабаяліся ўзяць на сябе адказнасць, маглі б нешта прапанаваць і зрабіць. Калі я скончыла ўніверсітэт у 1994 годзе, мы думалі, што мы вывучыліся і гэтага будзе дастаткова на ўсё жыццё. Сёння лозунг “адукацыя праз усё жыццё” — патрабаванне часу і жыццёвая неабходнасць. Таму што, не набываючы новыя веды, мы не будзем канкурэнтаздольнымі ні ў чым, бо прагрэс рухаецца ўсё хутчэй.
Ва ўмовах экстрэмальнай эпідэмічнай сітуацыі шмат хто не быў гатовы да дыстанцыйнага навучання, але педагогі краіны вельмі хутка змаглі перанастроіць сябе і рэалізаваць анлайн-навучанне. Сёння, сустракаючыся з калегамі, мы зразумелі, што кожны выходзіў з сітуацыі рознымі шляхамі, і зараз стаіць задача стварэння адзінай платформы дыстанцыйнага навучання — у сістэме назапашаны вялікі вопыт, які павінен быць даступны ўсім педагогам краіны.
— Якая вы мама?
— У мяне двое дзяцей: дачцэ Настассі 25 гадоў, а сыну Дзмітрыю — 13. Дачка скончыла Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, звязаўшы свой лёс з гасцінічным і рэстаранным бізнесам, і зараз паспяхова працуе ў адной з кампаній. Дачка, як і я, была выдатніцай, і пасля школы ў яе таксама не было ваганняў, куды пайсці вучыцца. Я дала ёй права выбару, нягледзячы на тое, што мне не зусім падабалася выбраная ёй спецыяльнасць. На мой погляд, я не зусім добрая мама, бо ў водпуску па доглядзе дзіцяці амаль не сядзела. Нарадзіўшы старэйшую, выйшла на работу праз год, а праз 7 месяцаў пасля нараджэння другога дзіцяці па просьбе рэктара ўніверсітэта выйшла, каб дапамагчы падчас першай акрэдытацыі нашай УВА.
Я ўдзячна лёсу, калі чую ад сваіх дзяцей, што з’яўляюся для іх самым лепшым прыкладам у жыцці. Мне здаецца, на сваім уласным прыкладзе выхоўваць дзяцей лягчэй, бо не трэба нічога гаварыць — проста рабі ўсё як належыць, і дзеці будуць пераймаць твае паводзіны.
Сёння я як мага больш часу імкнуся праводзіць з дзецьмі: разам ходзім на цікавыя мерапрыемствы, наведваем сваякоў — тое, што я недадала ім у дзяцінстве, стараюся кампенсаваць зараз.
— Як лічыце, 1 верасня — гэта чыё свята?
— Гэта агульнае свята: і дзяцей, і бацькоў, і педагогаў. Бясспрэчна, калі мы аддаём дзіця ў школу, многім здаецца, што на гэтым бацькоўскае выхаванне скончана і дзіцем павінны займацца настаўнікі. Сёння прыйшоў той момант, калі выхаваўчы працэс рэалізоўваецца з трох бакоў: дзіця, настаўнікі і бацькі. Напрыклад, калі мы сумеснымі намаганнямі дапаможам настаўніку пачатковых класаў падрыхтаваць дзіця да другой ступені адукацыі, гэта будзе выдатным вынікам. Сёння нельга спадзявацца толькі на настаўніка, у якога можа быць і 30 чалавек у класе — як бы яму гэтага ні хацелся, кожнаму дзіцяці ўвагу ён удзяліць не зможа. Важна працаваць з дзіцем дома, і тады вынікі будуць шматразова павялічвацца. Бацькі павінны выхоўваць сваё дзіця на асабістым прыкладзе, а настаўнік можа дапамагчы, падказаць і замацаваць.
Сваім паважаным калегам я хачу пажадаць моцнага здароўя, цярпення, удачы, удзячных вучняў і бацькоў. Калі былы вучань з цеплынёй успамінае вас як свайго настаўніка — гэта азначае, што вы адбыліся як педагог. Таксама педагогам краіны жадаю творчых поспехаў і здзяйсненняў, душэўнага спакою і раўнавагі.
Калі табе падабаецца работа, то, акрамя ўласнага адчування камфорту, хочацца спрыяць стварэнню такога ж камфорту для сваіх калег. Калі б мяне сёння спыталі, кім я хачу быць, я, не задумваючыся, сказала б, што хачу быць педагогам.
Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з уласнага архіва Таццяны Якубовіч.