Таўстун, Шапялявы, Плакса… Як баць­кам навучыць дзіця правільна рэагаваць на непрыемную мянушку?

- 13:23Новости, Приложение, Психолог в школе

Дзеці часта прыдумляюць адно аднаму мянушкі. Гэта звычайна пачынае адбывацца пасля трохгадовага ўзросту, становіцца больш частым ва ўзросце каля пяці гадоў і дасягае піка арыгінальнасці ў школьныя гады. Часта крыўдная мянушка становіцца для дзіцяці сапраўдным кашмарам.

Бывае і так, што дарослыя на сустрэчы выпускнікоў з усмешкай успамінаюць, як яны раней здзекаваліся адно з аднаго. Дык як жа вызначыць, нясе мянушка слоўную агрэсію ці не? Як баць­кам навучыць дзіця правільна рэагаваць на непрыемныя адрасныя фразы?

Для пачатку трэба зразумець, чаму ўтвараюцца мянушкі.

Імя/прозвішча

Самы просты для дзяцей спосаб прыдумаць мянушку — змяніць імя або прозвішча. Напрыклад, можна быць упэўненым, што калі ў хлопчыка проз­вішча Яжоў, то яго, хутчэй за ўсё, будуць зваць Вожык, як у свой час называлі яго бацьку, дзядзьку і іншых Яжовых.

Як рэагаваць? Калі мянушка, дадзеная па такой логіцы, не нясе ў сабе адцення абразы, растлумачце дзіцяці, што не варта звяртаць на яе ўвагі. Вы нават можаце разам пасмяяцца з таго, наколькі вы падобныя, што вас нават называюць аднолькава.

Рост, вага і іншыя знешнія адрозненні

Дзеці не любяць людзей, якія вылучаюцца на фоне астатніх. Гномік, Таўстун, Шапялявы ці Палка бываюць у кожным дзіцячым калектыве. Такія мянушкі абразлівыя і могуць выклікаць у дзіцяці ўстойлівае пачуццё непаўнацэннасці.

Як рэагаваць? У першую чаргу трэба паклапаціцца пра самаацэнку дзіцяці. Акрамя таго, шкодная мянушка можа быць для бацькоў сігналам да дзеяння: калі, напрыклад, з дзіцяці здзекуюцца за лішнюю вагу, варта паклапаціцца пра яго харчаванне, схадзіць да дыетолага ці павялічыць фізічную актыўнасць.

Характар і паводзіны

Такія мянушкі, як Плакса, Зануда, Даносчык, Баязлівец і іншыя, з’яўляюцца даволі сур’ёзным сігналам. Яны азначаюць, што дзіця не ўмее наладжваць адносіны з аднагодкамі.

Як рэагаваць? Дапамажыце дзіцяці пераадолець яго праблемы і ні ў якім разе не грэбуйце дзейснай дапамогай. Калі вы не ў сілах справіцца з гэтай сітуацыяй, варта звярнуцца па дапамогу да дзіцячага псіхолага.

Ёсць выпрацаваныя стратэгіі паводзін для дзяцей, якія зведалі слоўны булінг (крыўдныя мянушкі, цкаванне).

Па-першае, абараняйцеся.

Навучыце дзіця паво­дзіць сябе ўпэўнена побач з крыўдзіцелем: высока трымаць галаву, стаяць прама і глядзець яму ў вочы. Раю адразу спыняць неадэкватныя паводзіны ў адносінах да сябе, кажучы цвёрдым і спакойным голасам: “Ты мяне нервуеш. Калі ласка, перастань” ці проста “Хопіць”.

Па-другое, выкарыстоўвайце словы “я хачу”.

Многія псіхолагі прапаноўваюць вучыць дзіця звяртацца да крыўдзіцеля, пачаўшы са слоў “я хачу”, а затым цвёрда сказаўшы: “Я хачу, каб ты пакінуў мяне ў спакоі” ці “Я хачу, каб ты перастаў абзываць мяне”.

Па-трэцяе, смейцеся.

Фрэд Франкель, псіхолаг і аўтар кнігі “Добрых сяброў знайсці цяжка”, прапаноўвае заўсёды рэага­ваць на кпіны, але не выкарыстоўваць мянушкі. Яна сцвярджае, што ў такіх сітуацыях дзіцяці важна даць зразумець крыўдзіцелю, што яго гэта не тычыцца (нават калі гэта не так). Напрыклад, нехта сказаў: “Ты дурны”. Дзіця адказвае адным з наступных спосабаў: “Ну і што?”, “Праўда?”, “Што ты зробіш з гэтым?”.  Франкель падкрэслівае, што важна, як дзіця гэта вымаўляе. Выказванне варта адпрацаваць і гаварыць з найменшым эмацыянальным напружаннем.

Лёс дзіцяці, у тым ліку адносіны з аднагодкамі, фарміраванне здаровага пачуцця ўласнай годнасці і ўпэўненасці ў сваіх сілах шмат у чым залежаць ад бацькоў, псіхалагічнага клімату ў сям’і і выхавання. Таму, калі наву­чыць дзяцей паважаць сябе і іншых, праяўляць свае доб­рыя якасці, то, хутчэй за ўсё, нават самы “тоўсты акулярык” з дрэннымі адзнакамі зможа стаць душой кампаніі.

У школьным узросце за ўтварэннем мянушкі звычайна стаіць з’ява іерархічнасці адносін у калектыве, спроба даказаць сваю перавагу або няўменне выказваць свае словы і пачуцці. Практычна ўсё можа стаць падставай для кпінаў. У адных выпадках гэта будзе жаданне паказаць сваю перавагу, у іншых — зайздрасць.

Наталля СТЭЛЬМАХ,
педагог-псіхолаг дзіцячага сада № 161 Мінска,
кіраўнік МА педагогаў-псіхолагаў устаноў дашкольнай адукацыі
Ленінскага раёна сталіцы
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі