На летніх канікулах юныя вандроўнікі 5 і 6 класаў Навадворскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна разам з класнымі кіраўнікамі разгарнулі карту маршруту і адправіліся ў пешы паход ва ўрочышча пад таямнічай назвай — Войтаў Мост. Гэтае месца прываблівае не толькі беларусаў, але і замежных гасцей сваёй прыродай, якая адрозніваецца ўнікальнасцю і некранутасцю. Пазнаёміцца з паўночнай часткай Белавежскай пушчы вырашылі і юныя навадворцы.
Урочышча Войтаў Мост знаходзіцца за 5 кіламетраў ад вёскі Новы Двор. Але вясёлая група людзей не заўважыла гэтай адлегласці: на працягу дарогі вучні спявалі, расказвалі гісторыі са свайго жыцця, а настаўнікі, карыстаючыся магчымасцю, знаёмілі выхаванцаў з раслінамі, якія трапляліся на вочы. На хутары вучні пяклі бульбу, а таксама лавілі рыбу. Маленькіх рыбакоў вельмі ўзрадавала навіна аб тым, што непадалёк ёсць лясное возера, і літаральна праз некалькі гадзін вучань 6 класа Аляксандр Кавальчук шчыра ўсміхаўся, трымаючы ў руках невялікага ліня.
Асноўнай мэтай пешага паходу на хутар было знаёмства юных падарожнікаў з прыродай Белавежскай пушчы, прывіццё беражлівых адносін да флоры і фаўны нашага краю. Падчас вандроўкі дзеці здалёк паназіралі за дзіком, пабачылі сям’ю высакародных аленяў, а таксама паглыбіліся ў вывучэнне ўнікальнай каўнерыкавай сасны, якая расце на тэрыторыі Белавежскай пушчы.
Вучні Навадворскай школы любяць адкрываць для сябе цікавыя мясціны малой радзімы. Напрыклад, у мінулым годзе яны пабывалі ў вёсцы Корнадзь Свіслацкага раёна і завіталі ў музей ручніка. А ў наступным годзе разам з класнымі кіраўнікамі яны плануюць наведаць вёску Студзенікі. Адным з самых славутых месцаў вёскі лічыцца гара Каменка. Легенда расказвае, што калісьці на тэрыторыі гары існаваў каталіцкі храм, а цяпер на яго месцы засталіся падземныя хады. Тэрыторыю вакол гары называюць “Бермудскім трохвугольнікам”. Кажуць, што адзінокі вандроўнік, які трапіў на гэтае месца, абавязкова заблытаецца і не знойдзе шляху назад, бо Каменка заблытае і падмане. Але вучням Навадворскай школы гэта нястрашна, таму што заўсёды побач ёсць аднадумцы і сябры, гатовыя прыйсці на дапамогу.
Галіна ГРЫЦКЕВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Навадворскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна.