Таямніца “дзікага палявання”

- 12:13Адукацыйная прастора

Аповесць Уладзіміра Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха” — адзін з самых папулярных твораў у маіх дзесяцікласнікаў (а іх у мяне ў мінулым навучальным годзе было 166 — 7 класаў па 23—24 вучні). І гэта не дзіва. Перш за ўсё яны разгадалі таямніцу.

Разам з Андрэем Беларэцкім, маладым вучоным-фалькларыстам, які на пачатку 80-х гадоў ХІХ стагоддзя трапіў у закінуты шляхецкі палац, мае вучні зразумелі, што гэта за “дзікае паляванне”, якое, гойсаючы па наваколлі, наводзіць жах на гаспадыню Балотных Ялін Надзею Яноўскую, забівае сумленных людзей, здзекуецца з бедных сялян; хто ж з’яўляецца сапраўдным злачынцам, хоць той спачатку не толькі не выклікаў падазрэнняў, але і здаваўся сімпатычным; які праклён вісіць над Балотнымі Ялінамі; што гэта за парода коней-дрыкгантаў, якія бясшумна ў палёце нясуцца над балотам, па парку; хто ж той Малы Чалавек, які ноччу з’яўляецца ў старым палацы; хто ж такая Блакітная Жанчына, вельмі падобная да той, што на старым партрэце.

Безумоўна, вучням спадабаўся Андрэй Беларэцкі, бо ён патрыёт, наведаныя ім мясціны лічыць этнаграфічным раем і ўсё робіць для таго, каб спасцігнуць народную творчасць, зразумець, хто ён, “якім багам павінен маліцца”, здольны прыгожа і чыста кахаць. Беларэцкі народжаны фантазіяй пісьменніка. Аднак, як сцвярджае даследчык А.Верабей, “прататыпам яго мог быць Еўдакім Раманавіч Раманаў, адзін з самых яркіх і значных фалькларыстаў канца ХІХ стагоддзя”. Сцвярджэнне вядомага даследчыка заахвоціла вучняў пазнаёміцца з такімі самаадданымі людзьмі — збіральнікамі вуснай народнай творчасці, як Раманаў, Сербаў, Федароўскі, Шэйн, Сержпутоўскі… Пазнаёміцца і зразумець, як шчыра яны любілі Беларусь і тых людзей, што жылі ў нашым краі.

Няма сумнення, што кожны мой чытач задумваўся аб прызначэнні чалавека ў свеце, спадзяюся, і сваім прызначэнні, аб лёсе беларускага народа. Аповесць нельга прачытаць і забыць, бо яна, як адзначае А.Мальдзіс, павучае, выхоўвае. Выказванні вучняў пацвярджаюць гэта: “Чаму так мала людзей, якія захапляюцца гісторыяй роднай краіны так, як галоўны герой?”, “З захапленнем шукала адказы на пытанні”, “Усё пераплялося ў душы: і любоў, і каханне, і патрыятызм, і фантастыка. А яшчэ ж абавязкова адгукнецца і ў вашым, і ў маім сэрцы”, “Адчуваю жах ад маральнага загнівання некаторых персанажаў”, “Паляванне на людзей… Што можа быць больш жахлівым!?”, “Апо-весць пакінула ў маёй душы настрой змагацца да канца”, “Надае сілу духу, жаданне вырашыць праблему, нягледзячы на свой страх”, “З’явілася жаданне адкрыць вочы і развя-заць рукі пакрыўджанаму народу”, “Не сумняваюся, што твор дастукаўся да сэрца кожнага з нас”, “Аповесць зацікавіла так, што з’явілася жаданне займацца этнаграфіяй”, “Легенды, паданні, быліны заўсёды ўражвалі мяне, але “Дзікае паляванне караля Стаха” прымусіла перайсці да дзеянняў, самастойных пошукаў”.

Аповесць Караткевіча закранула самыя патаемныя куточкі дзіцячых сэрцаў, многія з вучняў паглядзелі мастацкі фільм В.Рубінчыка па матывах аднайменнага твора. На этапе рэфлексіі давялося пачуць, што твор гэты — “неверагодны гістарычны трылер з элементамі цудаў”, “тое, чаго мне так не хапала ў беларускай літаратуры”, “уразіў сваёй нечаканай канцоўкай”, “трымаў у напружанні амаль да самага выкрыцця асобы караля Стаха”, “гэта была і ёсць цудоўная гісторыя”, “мабыць, гэта лепшае, што я чытала”, “раней я не чытала нічога падобнага ў беларускай літаратуры”, “я знайшла свой любімы твор”, “сказаць, што “Дзікае паляванне караля Стаха” мяне ўразіла — нічога не ”, “чытаць было вельмі проста, бо твор з’яўляецца сапраўды цікавым”, “захапляюся творам”, “канцоўку вельмі цяжка было прадбачыць”, “твор захапляе нечаканым сюжэтам”, “аповесць валодае своеасаблівым настроем, які абавязаны адчуць кожны”, “лепшы гістарычны дэтэктыў”, “хачу, каб усе творы былі такія цікавыя”, “я ў захапленні!!!”, “урааа!!! Гэта сапраўды першы твор, які ўразіў мяне”, “чытала з такой цікавасцю!!!”, “я знайшла свой твор”, “гэта аповесць стала маёй любімай”, “якія персанажы!!!”, “якая шляхта”, “ад стылю У.Караткевіча ў мяне дрыжыкі па целе пайшлі”, “аповесць ажыўляла карцінкі ў маёй галаве і давала палёт фантазіі”, “дух даўніны”, “вельмі змрочнае і страшнае для мяне”, “эмоцыі былі розныя, а пасля прачытання засталося захапленне”, “хваляванне за герояў не адпускала мяне з пачатку да самага канца”, “перажыванні, страх і цікавасць”, “хораша паказана гістарычная эпоха”, “былі моманты, калі мне станавілася страшна”, “коні-дрыкганты — гэта цікава, здорава, зайздросна і страшна”, “мне прысніўся Малы Чалавек, але страшна не было, а вельмі сумна і шкада яго”, “думалася, што будзе дзейнічаць магія да апошняга радка”, “кожную старонку я перагортвала з напружаннем, чакаючы, што ж будзе далей, як скончыцца твор”, “на жаль, фільм спадабаўся менш, чым аповесць”, “да апошняй хвіліны я верыла, што Надзея і Андрэй пажэняцца”, “радуюся за Яноўскую і Беларэцкага”, “Беларэцкі? Чаму не Беларускі?”.

Ступень сучаснасці, актуальнасці, папулярнасці твора і яго аўтара вызначаецца і немагчымасцю адарвацца ад чытання, і тым, што размову пра твор, любімых герояў, пісьменніка нельга скончыць, што гэтая размова мусіць працягвацца. Згадваецца напісанае А.Мальдзісам у манаграфіі “Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча”, што, “схаваўшы пад коўдру ліхтарык, хлапчук адолеў яе [аповесць] за адну ноч”, што “за яе браліся школьнікі, вызваленыя ад вывучэння беларускай мовы”. Сапраўды так, і мае вучні пра гэта гавораць: “чытала на адным дыханні і гатова перачытваць шмат разоў”, “інтрыга вымушала чытаць далей і далей, каб даведацца развязку”, “пакуль чытала, нічога не заўважала вакол сябе”, “чаму не чытала раней? Вельмі хочацца прачытаць зноў і зноў даведацца пра лёс Надзеі і Андрэя”, “рэдка бывае такое, што я магу чытаць кнігу начамі напралёт… А тут…”, “гэтую аповесць, я ўпэўнена, не толькі перачытаю яшчэ раз, але і буду раіць прачытаць іншым”, “усю ноч і ўвесь тыдзень я думала пра “Дзікае паляванне караля Стаха”, “шкада, што не магу забыць увесь твор і прачытаць яго зноў, як упершыню”, “жыву, быццам у Лошыцкай сядзібе, дзе мы здымалі па аповесці буктрэйлер”.

У нашым ліцэі магчымасці працягваць пачатае на ўроку на стымулюючых занятках, у пазакласнай рабоце з’яюляюцца часта. І хоць гэта патрабуе дадатковых сіл і часу, не адмаўляемся, бо вялікае шчасце — быць пачутымі, быць разам з вучнямі, адкрываць і спасцігаць роднае слова і родную літаратуру. Так, у мінулым навучальным годзе нашы вучні ўдзельнічалі ў канферэнцыі, прысвечанай
135-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, краязнаўчай канферэнцыі, паэтычных чытаннях “Бабіна лета ў Белаазёрску”, конкурсе чытальнікаў, конкурсе творчых работ “Ліст пераможцу”, фестывалі буктрэйлераў, свяце роднай мовы, сустракаліся з дырэктарам радыё “Беларусь” пісьменнікам Навумам Гальпяровічам, пісалі навуковыя артыкулы, рыхтаваліся да конкурсаў даследчых работ па беларускай мове і літаратуры.

Яркай і запамінальнай атрымалася літаратурная гасцёўня “Як ёсць у народа такія — не загіне давеку народ”. Гэта было пасляслоўе да ўрокаў па аповесці У.Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”. Поспех такога мерапрыемства залежаў ад сур’ёзнай падрыхтоўкі да яго. Так, па змесце аповесці былі складзены віктарыны і медыяазбукі, лепшыя з іх выкарыстоўваліся падчас правядзення гасцёўні.

Вучнямі 10 “Л-1”, 10 “ГЗ” і 10 “БХ-3” класаў разам з бацькамі і маімі выпускнікамі былі зняты буктрэйлеры — кароткія ролікі з самымі яркімі і пазнавальнымі момантамі твора (адзін з буктрэйлераў быў зняты ў знакамітым месцы нашага Ленінскага раёна — музеі “Лошыцкая сядзіба”).

Выбіраючы тэму літаратурнай гасцёўні, вучні спыніліся на цытаце з верша У.Караткевіча “Багдановічу”, бо яе можна аднесці не толькі да Багдановіча, але і да самога Караткевіча. Цікавячыся адносінамі Уладзіміра Сямёнавіча да асобы Багдановіча, давялося не толькі пазнаёміцца з артыкуламі Караткевіча з раздзела “Постаці”, але і пераканацца, што, напрыклад, “Купала застанецца першай нашай любоўю, нашымі вачыма, нашым сумленнем, нашым вечна жывым сэрцам”, а Я.Брыль “харошы чалавек і харошы друг. Чалавек. Асоба”. І як пра гэта не расказаць тым, хто наведвае гасцёўню? А яшчэ ж былі прачытаны інтэрв’ю з пісьменнікам. Вырашылі, што ў рамках гасцёўні створым вусны часопіс па вызначанай намі тэме мерапрыемства з наступнымі старонкамі: “Нельга не быць гісторыкам”, “Самая цікавая навука — жыццё”, “І застаўся ты ў нашых душах вечна светлы і вечна дужы, вечна юны, як наша зямля”, “Наша вечна жывое сэрца”, “І розум, і сумленне”.

Якая ж гасцёўня без паэзіі і музыкі? Гучаў і голас самога У.Караткевіча, і песні на словы паэта, а таксама напісаныя нашымі ліцэістамі. Так, у выкананні навучэнкі 11 “Л-2” класа Паліны Бядрыцкай прагучалі песні на словы У.Караткевіча, музыка да якіх была напісана навучэнкай 10 “Л-2” класа Анжалікай Вярбіцкай. Сярод гасцей былі і ліцэйскія дудары — хлопцы з 10 “БХ-3” класа, адзін з іх, Мікола Ніканчук, захапляецца ігрой на дудзе — унікальным музычным інструменце, а яшчэ двое падтрымліваюць сябра ігрой на скрыпцы і бубне.

Падарункам для гасцей стала праслухоўванне ўрыўкаў з радыёперадач “Мы з табою на мове гаворым адной”, аўтарам і вядучай якіх калісьці была я, пра сяброўства У.Караткевіча з Р.Барадуліным і В.Быкавым, а таксама радыёперадачы з запісам эсэ У.Караткевіча “Я люблю цябе” — гімнам роднай зямлі (сёння гэтае эсэ апублікавана ў томе 12 Збору твораў пісьменніка ў 25 тамах).

Завяршыў гасцёўню Радзім Астравух, які сёлета атрымаў дыплом ІІІ ступені за яскравае выступленне і творчае прачытанне мастацкага твора на Мінскім гарадскім этапе Рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка: прысвячэнне маёй Радзіме”. Радзім прачытаў верш У.Караткевіча “Быў. Ёсць. Буду”.

Творы У.Караткевіча, у тым ліку аповесць “Дзікае паляванне караля Стаха”, валодаюць высокім маральным патэнцыялам. І калі цікава і ўзрушана гаварыць пра іх на ўроках і на пазакласных мерапрыемствах, калі падтрымліваць у вучняў здзіўленне, суперажыванне, “будзіць” іх сэрцы, то ёсць надзея, што выхаваем у іх уменне не толькі ба-чыць і адчуваць, але і ўдзельнічаць у творчым працэсе, самім ствараць жыццё і быць адказным за яго.

Алена ПЕКАЧ,
настаўніца беларускай мовы
і літаратуры кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” ліцэя № 2 Мінска.