Сучасныя электронныя адукацыйныя рэсурсы (ЭАР) дапамагаюць выхоўваць грамадзянскасць і патрыятызм у дашкалят.
Новыя патрабаванні часу
У эпоху тэхналагічных інавацый прынцыпова змяніўся лад і стыль жыцця грамадства, пастаянна абнаўляюцца змястоўныя і тэхналагічныя складнікі сістэмы адукацыі. Маральна-патрыятычнае выхаванне дашкольнікаў — адзін са складаных кірункаў, бо шматаспектнае паняцце “патрыятызм” не проста растлумачыць малому ў 4—5 гадоў з прычыны псіхалагічных асаблівасцей дзяцей гэтага ўзросту.
Базавы этап фарміравання ў дзяцей любові да Радзімы — гэта назапашванне сацыяльнага вопыту аб найбліжэйшым асяроддзі, засваенне прынятых у грамадстве норм паводзін і зносін. Некалькіх заняткаў не дастаткова, гэта працяглы, сістэматычны і мэтанакіраваны працэс. Да таго ж на практыцы ўзнікаюць і іншыя цяжкасці: недастатковая прафесійная кампетэнтнасць педагогаў па шэрагу метадычных аспектаў і валоданні сучаснымі адукацыйнымі тэхнічнымі сродкамі навучання, недастатковая ўзаемная зацікаўленасць ва ўзаемадзеянні з бацькамі і сацыяльнымі партнёрамі. Усе гэтыя фактары сталі зыходным пунктам для пошуку новых эфектыўных шляхоў у рабоце ўстаноў дашкольнай адукацыі Дзяржынскага раёна, якія ўдзельнічаюць у распрацоўцы і рэалізацыі раённага педагагічнага праекта “Павышэнне прафесійнай кампетэнцыі педагагічных работнікаў у пытаннях патрыятычнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту з дапамогай выкарыстання сучасных тэхналогій візуалізацыі”.
Сфарміраваць у дзяцей патрыятычныя пачуцці можна толькі на аснове яркіх уражанняў, даступных фактаў, інтэграцыі розных напрамкаў педагагічнай дзейнасці і тэхналогій і, што асабліва важна, у цесным узаемадзеянні ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу — дзяцей, іх бацькоў і педагогаў. Перад педагогамі паўстала задача выбару эфектыўных і сучасных форм, метадаў і прыёмаў работы, а таксама ўключэння законных прадстаўнікоў у адукацыйны працэс.
Этапы праекта
Прыярытэт быў аддадзены распрацоўцы і ўкараненню ў практыку ЭАР на аснове сучасных тэхнік візуалізацыі адукацыйнага працэсу з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. На першым этапе была створана раённая творчая група з 10 вопытных спецыялістаў, якія дзяліліся сваімі здабыткамі з калегамі на вучэбных занятках падчас работы метадычных фарміраванняў. Метадычныя матэрыялы ў дапамогу выхавальнікам былі размешчаны ў раённай сеткавай суполцы педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі Дзяржынскага раёна “Медыясфера”.
Затым была вывучана і прааналізавана навуковая і метадычная літаратура па пытаннях сацыяльна-маральнага, патрыятычнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту, распрацаваны змест адукацыйных мерапрыемстваў: заняткі, гульні, святы, забавы, квесты. А потым былі створаны аўтарскія электронныя адукацыйныя дапаможнікі з выкарыстаннем такіх тэхнік візуалізацыі, як інтэрактыўны плакат, скрайбінг, інфаграфіка, інтэрактыўная стужка часу, інтэрактыўная кніга, кросенс, вучэбныя відэаролікі і інш. Гэтыя тэхнікі дазваляюць структураваць вялікі аб’ём інфармацыі ў зручнай для разумення дзецьмі форме. Малышы хутка засвойваюць новы матэрыял і замацоўваюць пройдзены.
Наступным крокам стала распрацоўка інтэрактыўных гульняў і гульнявых практыкаванняў з дапамогай асваення розных праграмных прадуктаў, воблачных тэхналогій: дадатку “Google Прэзентацыя”, канструктара інтэрактыўных заданняў Learning Apps, інтэрактыўных плакатаў PowerPoint, Word wall, Genially, пазлаў Jigsaw Planet, вучэбных відэаролікаў Renderforest.
Лепшыя электронныя дапаможнікі і пазнавальны матэрыял мы сістэматызавалі на адзіным раённым тэматычным сайце “Каляндар падзей “Мая Беларусь” (платформа Google Сайты). Адукацыйны матэрыял размеркаваны па 12 тэматычных блоках: “Беларусь музычная”, “Мая родная мова — беларуская”, “Прырода Беларусі”, “Там Беларусі вышэй усёй зямля Дзяржыншчыны маёй”, “Вялікая Перамога — гонар пакаленняў!”, “Славутасці Беларусі”, “Дзяржаўныя і прыродныя сімвалы Беларусі”, “Мая сталіца”, “Беларускія паэты і пісьменнікі дзецям”, “Людзі, якія праславілі Беларусь”, “Прамысловасць Беларусі”, “Народныя промыслы Беларусі”.
Сучасныя тэхнікі візуалізацыі
Сярод тэматычных блокаў, прадстаўленых візітнай карткай (флэш-бук), якія анансуюць змест раздзела, вучэбныя відэаролікі, гульнятэка, фотагалерэя, відэалекцыі і карысныя спасылкі для педагогаў і бацькоў. Дыдактычны матэрыял для дзяцей заснаваны на гульнявых метадах навучання, носіць сістэмны характар і арыентаваны на вырашэнне задач патрыятычнага выхавання. Напрыклад, тэматычны блок “Беларусь музычная” дапамагае педагогу азнаёміць дзяцей з беларускімі народнымі песнямі і танцамі, ігрой на беларускіх народных інструментах. Тут прапанаваны сцэнарыі народных свят з неабходным наглядным матэрыялам: інтэрактыўнымі плакатамі, мультымедыйнымі прэзентацыямі (складальнік — музычны кіраўнік дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Дзяржынска Г.А.Валахановіч).
Азнаёміць дзяцей з дзяржаўнай сімволікай (сцягам, гербам, гімнам), з прыроднымі сімваламі Беларусі (хвояй, зубром, буслам, кветкай васілька, ільном, канюшынай) дапамагаюць анлайн-гульні і серыя займальных дыдактычных гульняў, якія выкананы з дапамогай канструктара інтэрактыўных заданняў LearningApps, Wordwall. А інтэрактыўная карта, створаная ў сэрвісе Genially, знаёміць з гербамі гарадоў Беларусі (складальнік — загадчыца ясляў-сада № 1 Дзяржынска Л.В.Навумава).
У абласным конкурсе “IT-мазаіка-2022” у намінацыі “Інтэрактыўны плакат” дыпломамі II і III ступеней адзначаны аўтарскія электронныя дапаможнікі педагогаў ясляў-сада № 3 Дзяржынска (Я.А.Кліменка) і ясляў-сада № 5 Фаніпаля (В.А.Кажанкова). Аўтарскі электронны дапаможнік Я.А.Кліменка атрымаў дыплом удзельніка на рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”.
Важную ролю ў фарміраванні патрыятычных пачуццяў у дашкольнікаў адыгрывае азнаямленне з галоўнымі гістарычнымі падзеямі нашай краіны, у тым ліку Вялікай Айчыннай вайной. Успаміны пра людзей і падзеі тых гадоў асабліва добра запамінаюцца, калі звязаны з асабістымі перажываннямі і сямейнымі гісторыямі. Так нарадзілася ідэя стварыць відэаролікі пра дзядоў і прадзедаў, удзельнікаў баёў. Сумесная творчасць педагогаў, бацькоў і дзяцей размяшчаецца ў адпаведным тэматычным блоку “Вялікая Перамога — гонар пакаленняў” (складальнік — выхавальнік дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Дзяржынска М.М.Жук). Там жа захоўваюцца электронныя кнігі “Раскажыце дзецям аб вайне: чытаем кнігі аб вайне”, “Чытайце разам” (Storyjumper), электронныя плакаты “Песні Перамогі”, “Мультыплікацыйныя фільмы аб вайне” (Thinglink), вучэбныя відэаролікі (Movavi Video Editor Plus), віртуальныя экскурсіі па Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”, музеі-панараме Сталінградскай бітвы, відэаэкскурсія “Ваеннымі дарогамі Фаніпаля”.
“Зямля Дзяржыншчыны маёй”
Асаблівае месца ў праекце займае блок, прысвечаны роднаму краю “Там Беларусі вышэй усёй зямля Дзяржыншчыны маёй” (складальнік — намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Дзяржынска Ю.М.Шыпценка). Эмацыянальна-пазнавальную цікавасць выклікаюць у дзяцей інтэрактыўныя гульні, якія іх знаёмяць з сацыяльнымі і прыроднымі аб’ектамі Дзяржыншчыны, дазваляюць здзяйсняць медыяпадарожжы па родным краі.
На раённым тэматычным сайце “Каляндар падзей “Мая Беларусь” прадстаўлены даследчыя работы дашкольнікаў. Сярод іх — работа выхаванкі ясляў-сада № 5 Фаніпаля Аляксандры Пупінай з доказам таго, чаму бусел стаў прыродным сімвалам Беларусі; работа выхаванкі ясляў-сада № 2 Фаніпаля Ганны Соя, дзе дзяўчынка расказвае, чаму яе вуліца носіць імя Якуба Коласа; работа выхаванкі ясляў-сада № 3 Дзяржынска Карыны Апраніч з даследаваннем гісторыі роднага горада “Тры імя майго горада — Крутагор’е, Койданава, Дзяржынск”.
Змястоўна прадстаўлены рознымі педагогамі матэрыялы аб прыродзе Беларусі, аб прамысловасці нашай краіны і людзях, якія яе праславілі, аб беларускіх народных промыслах і прадметах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Характэрна, што ў стварэнні пазнавальнага кантэнту ўдзельнічаюць выхаванцы старэйшага дашкольнага ўзросту і іх бацькі. Пазнавальныя відэарэпартажы маленькіх блогераў таксама знайшлі месца ў адпаведных тэматычных блоках нашага сайта. Блогерства выклікае жывую цікавасць у дашкольнікаў і з’яўляецца эфектыўным сродкам самаразвіцця дзяцей 5—7 гадоў, у якіх стымулюецца моўная матывацыя да пабудовы самастойных разваг, фарміруюцца камунікатыўныя навыкі.
Задачы маральна-патрыятычнага выхавання немагчыма ажыццявіць без супрацоўніцтва педагогаў і бацькоў, таму настаўнікі заклікаюць бацькоў актыўна карыстацца інфармацыяй тэматычнага блока аб славутасцях Беларусі. Можна не толькі даведвацца пра цікавыя гістарычныя месцы нашай краіны каля манітора камп’ютара, але і адправіўшыся ўсёй сям’ёй у займальнае міні-падарожжа.
Сёння здабыткі педагагічнага праекта актыўна праходзяць апрабацыю ва ўстановах адукацыі Дзяржынскага раёна, сайт папаўняецца новымі аўтарскімі распрацоўкамі.
Таццяна ГРЫГАРОВІЧ,
галоўны спецыяліст упраўлення па адукацыі,
спорце і турызме Дзяржынскага раённага выканаўчага камітэта.
Фота аўтара.