31 студзеня на базе рэсурснага цэнтра прыродазнаўча-матэматычнай накіраванасці па вучэбных прадметах “Працоўнае навучанне. Абслуговая праца” і “Працоўнае навучанне. Тэхнічная праца” адбыўся міжрэгіянальны семінар-практыкум “Сучаснае адукацыйнае асяроддзе рэсурснага цэнтра як умова фарміравання творчых уменняў вучняў пры вывучэнні прадмета “Працоўнае навучанне. Тэхнічная праца”.
Гасцямі мерапрыемства сталі прадстаўнікі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, Нацыянальнага інстытута адукацыі, Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, прадстаўніцтва кампаніі Bosch у нашай краіне, спецыялісты ўпраўленняў адукацыі адміністрацый раёнаў і настаўнікі-прадметнікі сталічнага рэгіёна, Мінскай і Брэсцкай абласцей. Прадстаўнікі педагагічнай галіны азнаёміліся з тым, як арганізоўваецца адукацыйны працэс у школе, вызначылі эфектыўныя напрамкі і перспектывы развіцця адукацыйнай дзейнасці. У рамках семінара адбылася прэзентацыя школьных майстэрань, аснашчаных апошнімі тэхнічнымі навінкамі — дрэваапрацоўчым абсталяваннем кампаніі Dremel, якое кампанія Bosch прэзентавала сталічнай сярэдняй школе № 26.
— У рэсурсным цэнтры, арганізаваным на базе нашай школы, дзейнічае школа падрыхтоўкі да алімпіяды для вучняў сталіцы, праводзяцца першы, другі і трэці этапы Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Працоўнае навучанне”. Па суботах працуе школа юных кухараў “Вітамінка” і школа юных майстроў Dremel. Ужо некалькі гадоў на базе рэсурснага цэнтра праводзіцца гарадскі творчы інтэрнэт-конкурс “Свет майстэрства, фантазіі і творчасці” для вучняў 5—8 класаў. Значную ўвагу мы ўдзяляем і павышэнню кваліфікацыі настаўнікаў абслуговай і тэхнічнай працы. На базе школы праходзяць адкрытыя ўрокі, майстар-класы, семінары-практыкумы, дні адкрытых дзвярэй, ладзяцца творчыя мікрагрупы і стажорскія пляцоўкі. Дзейнічае школа педагагічнага майстэрства, якая збірае настаўнікаў з усяго горада, — расказала прысутным пра дзейнасць рэсурснага цэнтра яго кіраўнік Валянціна Яўстаф’еўна Шарапава.
У рамках семінара-практыкуму адбыліся адкрытыя заняткі вучняў 7 класа па тэме “Выкананне прапільнай разьбы па ўнутраным контуры электрычным лобзікам”, якія праводзіў настаўнік тэхнічнай працы cярэдняй школы № 26 Мінска Васіль Георгіевіч Фурсевіч. Васіль Георгіевіч — малады спецыяліст, выпускнік Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна, лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. На яго ўроку сямікласнікі прадэманстравалі спосабы і прыёмы выканання прапільнай разьбы па ўнутраным контуры з выкарыстаннем стацыянарнага электрычнага лобзіка Dremel. Электраінструменты Dremel добра падыходзяць для рэалізацыі як творчых, так і прафесійных ідэй і вырашэння тэхнічных задач, што патрабуюць дакладнасці выканання і працы з невялікімі дэталямі. Так, падчас заняткаў навучэнцы выразалі для ўпрыгажэння сухарніцы дэкаратыўныя элементы, якія затым дэкарыравалі пры дапамозе электрычнага гравёра і збіралі ў гатовы выраб, выкарыстоўваючы клеявы пісталет. Васіль Георгіевіч падкрэсліў, што сучасны адукацыйны працэс накіраваны не толькі на выпрацоўку ў дзяцей тэхнічных навыкаў, але на і развіццё ў іх творчага пачатку і самастойнасці.
— У нашай кампаніі існуе спецыяльная адукацыйная праграма, якая дазваляе штогод вучыць каля 2 тысяч чалавек — школьнікаў, студэнтаў, выкладчыкаў — рабоце з сучасным тэхнічным інструментам. Так, у рамках праграмы “Адукацыя” Bosh супрацоўнічае з Мінскім дзяржаўным каледжам будаўнікоў імя У.Г.Каменскага, пастаянна праводзіць курсы павышэння кваліфікацыі настаўнікаў працоўнага навучання. Сёння Dremel-майстэрні адчыніліся і ў сярэдняй школе № 26 Мінска. Ёсць і друкаваныя матэрыялы — вучэбны дапаможнік і рабочы сшытак “Шматфункцыянальныя інструменты Dremel”, прызначаныя для навучэнцаў і педагагічных работнікаў адукацыйных устаноў рознага тыпу, — расказаў тэхнічны спецыяліст аддзела электрапрыбораў канцэрна Bosh Раман Богдан.
На майстар-класе, які адбыўся пасля адкрытага ўрока, настаўнікі-прадметнікі змаглі на ўласныя вочы ўбачыць магчымасці электрычнага абсталявання і пачаць асвойваць прыёмы працы з электрычнымі інструментамі пры вырабе простых дэкаратыўных элементаў.
Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.