Амаль кожны, каму ў дзяцінстве даводзілася ляжаць у бальніцы, можа прыгадаць свае адчуванні ў той час: трывога, тужлівы сум і адзінота. Ды і каму ж спадабаецца застацца аднаму без бацькоў, калі дрэнна сябе адчуваеш. Навокал — незнаёмыя людзі, а наперадзе — не самыя прыемныя працэдуры. Канечне, для маленькага чалавека гэта стрэс. Некаторым шчасціць пазбегнуць такіх негатыўных пачуццяў ці хаця б мінімізаваць іх. Так бывае, калі ў бальніцы дзейнічаюць валанцёры, напрыклад валанцёрскі атрад “Добрыя сэрцы” Мінскага дзяржаўнага механіка-тэхналагічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа. Ужо тры гады яны наведваюць маленькіх пацыентаў 3-й дзіцячай гарадской клінічнай бальніцы з цікавымі гульнямі і мерапрыемствамі. Валанцёры прапануюць свой метад аздараўлення — легатэрапію. Што гэта за тэрапія і каму яна дапамагае?
Ці можна аддаваць і пры гэтым станавіцца багацейшым?
Можна! Менавіта так адбываецца з валанцёрамі. Дорачы дабрыню і міласэрнасць тым, каму гэта патрэбна, яны ўзбагачаюць свой унутраны свет, атрымліваюць задавальненне, станоўчыя эмоцыі, радасць. Выхаванне добрымі справамі — так можна назваць валанцёрскую дзейнасць. І менавіта такі спосаб выхавання актыўна выкарыстоўваюць установы адукацыі. У Мінскім дзяржаўным механіка-тэхналагічным прафесійна-тэхнічным каледжы валанцёрская дзейнасць з’яўляецца часткай сістэмнай выхаваўчай работы.
— У каледжы выбудавана моцная сістэма выхаваўчай работы. Супрацоўнікі каледжа ўсведамляюць, што мы не проста даём маладым людзям прафесію. Наша мэта — выхаванне маральна сталай, духоўна развітой асобы, здольнай усведамляць адказнасць за сябе і лёс свайго народа, — расказвае намеснік дырэктара Мінскага дзяржаўнага механіка-тэхналагічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Наталля Пятроўна Стадольнік. — Каб дасягнуць гэтай мэты, мы працуем па розных напрамках. І валанцёрская дзейнасць — цудоўны сродак, які дапамагае далучаць моладзь да агульначалавечых каштоўнасцей, выхоўваць у іх самыя лепшыя маральныя якасці.
Наталля Пятроўна адзначае, што важным фактарам рэалізацыі названай мэты з’яўляецца ўзаемадзеянне каледжа з рознымі грамадскімі аб’яднаннямі. У першую чаргу з тымі, што найбольш масава прадстаўлены ў каледжы — БРСМ і Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа. З 2017 па 2020 год установа брала ўдзел у рэспубліканскім інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі фарміравання маральных каштоўнасных арыентацый вучняў праз арганізацыю валанцёрскай дзейнасці ў сістэме ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі, дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў”.
Мінскі дзяржаўны механіка-тэхналагічны прафесійна-тэхнічны каледж ажыццяўляе адукацыйную дзейнасць па падрыхтоўцы спецыялістаў з прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй для мясаперапрацоўчай прамысловасці, прадпрыемстваў грамадскага харчавання, фармацэўтычнай і халадзільнай галіны краіны. Установа прапануе навучанне па 13 кваліфікацыях: “кухар”, “вытворца мясных паўфабрыкатаў”, “абвальшчык мяса”, “афіцыянт”, “машыніст халадзільных установак”, “слесар-зборшчык бытавой тэхнікі”, “жылоўшчык мяса”, “складальнік фаршу”, “кулінар мучных вырабаў”, “тэхнік-тэхнолаг”, “мехатронік”, “апаратчык шырокага профілю вытворчасцей хіміка-фармацэўтычных прэпаратаў”, “дазіроўшчык медыцынскіх прэпаратаў”. Такія рэдкія для Беларусі спецыяльнасці, як “Тэхнічная эксплуатацыя абсталявання харчовых вытворчасцей”, “Тэхнічная эксплуатацыя абсталявання”, “Вытворчасць медыкаментаў, вітамінаў і прэпаратаў біясінтэзу”, “Мехатроніка”, можна атрымаць толькі ў гэтай установе адукацыі.
Падчас работы над праектам быў створаны валанцёрскі атрад “Добрае сэрца”, а таксама распрацавана праграма аб’яднання па інтарэсах “Валанцёр”, удзельнікі якога ажыццяўляюць валанцёрскую дзейнасць па некалькіх напрамках. Яны дапамагаюць ветэранам і выхаванцам дзіцячага дома № 7, бяруць удзел у акцыях і мерапрыемствах рознай тэматыкі, займаюцца добраўпарадкаваннем памятных месцаў і азеляненнем сталіцы. Дарэчы, за сваю дзейнасць у экалагічным напрамку валанцёрскі атрад атрымаў Падзячны ліст адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Мінска за ўнесены ўклад у добраўпарадкаванне гэтага раёна сталіцы.
Надзвычай плённа ўзаемадзейнічаюць валанцёры каледжа з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа, актыўна ўдзельнічаючы ў праекце “Псіхасацыяльная падтрымка дзяцей з выкарыстаннем канструктара LEGO і клоўнатэрапіі”. Валанцёры каледжа выкарыстоўваюць легатэрапію, каб дапамагаць дзецям. Легатэрапія — гэта комплекс рэабілітацыйных мер, якія выкарыстоўваюцца для сацыялізацыі, развіцця дробнай маторыкі, памяці ў дзяцей і дарослых пры дапамозе канструктара. Менавіта праз легатэрапію валанцёры дапамагаюць папраўляцца маленькім пацыентам гастраэнтэралагічнага аддзялення 3-й дзіцячай гарадской клінічнай бальніцы. Сустрэчы з валанцёрамі становяцца для дзяцей яркімі падзеямі ў аднастайным бальнічным жыцці.
Для таго каб эфектыўна ажыццяўляць легатэрапію, патрэбны спецыяльныя веды. Валанцёрскія мерапрыемствы ў бальніцах — гэта не толькі цікавае баўленне часу для дзяцей і адцягванне іх увагі ад думак пра хваробу. У гастраэнтэралагічнае аддзяленне часам дзеці трапляюць надоўга. Працяглы працэс лячэння з’яўляецца траўматычным для псіхікі дзіцяці, у прыватнасці нярэдка парушаюцца камунікацыйныя навыкі. Легатэрапія прадугледжвае спецыяльныя тэрапеўтычныя гульні, якія дапамагаюць пазбегнуць гэтых праблем. Яшчэ адна задача такіх гульняў і наогул сустрэч з маленькімі пацыентамі — падтрымліваць іх пазітыўны настрой, стымуляваць іх жыццёвую энергію, даваць эмацыянальныя сілы для барацьбы з хваробай. Таму спачатку валанцёры каледжа прайшлі навучанне, якое праводзілі валанцёры-інструктары Кастрычніцкай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. На занятках яны даведваліся, як ладзіць камунікацыю з дзецьмі рознага ўзросту, як іх зацікавіць, аб’яднаць у каманды і дапамагаць знаёміцца, як правесці цікавае мерапрыемства. Валанцёры назапасілі мноства разнастайных прыёмаў, гульняў, сцэнак, песень, казак, якія могуць спатрэбіцца падчас сустрэч з дзецьмі.
Далейшая работа праходзіць у рамках аб’яднання па інтарэсах “Валанцёр”, дзе навучэнцы набываюць і замацоўваюць веды і ўменні, абмяркоўваюць ідэі і плануюць свае мерапрыемствы. Педагогі каледжа, педагог-псіхолаг заўсёды гатовы аказаць навучэнцам-валанцёрам педагагічную падтрымку. Кіраўнік аб’яднання — педагог-арганізатар Аляксандра Уладзіміраўна Рэмізевіч. Малады педагог і сама займалася валанцёрствам падчас навучання ў педуніверсітэце. А сёння з радасцю развівае гэты рух у каледжы.
— Для паспяховай работы з дзеткамі валанцёрам патрэбны розныя якасці. На занятках аб’яднання па інтарэсах “Валанцёр” працуем над развіццём лідарскіх якасцей, каб яны маглі весці за сабой, запальваць агеньчык цікаўнасці ў дзецях, разнявольваць іх. Развіваем камунікацыйныя навыкі, а таксама ўменне працаваць у камандзе, бо валанцёрства немагчыма без цеснага ўзаемадзеяння з людзьмі, — расказвае Аляксандра Уладзіміраўна Рэмізевіч.
Наведваць маленькіх пацыентаў валанцёры каледжа пачалі ў 2017 годзе. У атрадзе, які працуе ў гэтым напрамку, звычайна ад 12 да 15 чалавек. Групамі па 2—4 чалавекі яны два разы на тыдзень адпраўляліся ў бальніцу. Перад кожным наведваннем распрацоўвалі план мерапрыемства, прадумвалі, што прапануюць дзецям.
У каледжы навучаецца 660 чалавек на дзённай і завочнай форме навучання. Установа ажыццяўляе набор на аснове базавай, агульнай сярэдняй адукацыі на ўзровень ПТА. Атрымаўшы прафесійна-тэхнічную адукацыю, навучэнцы могуць прадоўжыць навучанне на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі па кваліфікацыях “тэхнік-тэхнолаг”, “мехатроніка”. У каледжы дзейнічае рэсурсны цэнтр па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі рабочых і спецыялістаў для прадпрыемстваў халадзільнай галіны.
Мерапрыемствы праводзяцца ў спецыяльным гульнявым пакоі. Кожная сустрэча ўключае гульні на знаёмства. Напрыклад, дзецям прапануецца выбраць дэталі канструктара любімага колеру, назваць колер і сваё імя. Потым ладзяцца гульні для згуртавання: дзеці аб’ядноўваюцца ў каманды і атрымліваюць каманднае заданне. Напрыклад, пабудаваць як мага вышэйшую башню з канструктара. Наступны этап — сумеснае канструяванне па пэўнай тэме. Дзеці могуць будаваць фантастычныя замкі, гарады, дэкарацыі да прыдуманай імі казкі і яшчэ многа чаго. Мерапрыемствы таксама ўключаюць музычныя размінкі, танцавальныя флэш-мобы, фізкультхвілінкі. Валанцёры імкнуцца знайсці да кожнага дзіцяці індывідуальны падыход, падабраць кожнаму занятак па душы.
На такіх сустрэчах заўсёды шмат смеху і весялосці. Дзеці забываюць пра сваю хваробу і адзіноту, яны адчуваюць клопат і ўвагу. І кожны раз з нецярплівасцю чакаюць валанцёраў, сустракаюць іх усмешкамі. Дактары аддзялення адзначаюць, што гэта ідзе на карысць пацыентам.
Такія мерапрыемствы нясуць карысць і валанцёрам. Кожны з іх адзначае, што радасць дзяцей перадаецца і ім. Гэтыя эмоцыі ні з чым немагчыма параўнаць.
— Першы раз, калі мы ішлі ў бальніцу, усе хваляваліся, — расказвае валанцёр Ксенія Шабан. — Але як толькі ўбачылі, як рады нам дзеці, захацелі як мага хутчэй пачаць мерапрыемства. І першае, і ўсе наступныя мерапрыемствы атрымаліся цудоўныя, прайшлі ў атмасферы добразычлівасці і сяброўства. У гэтых сустрэчах ёсць толькі адзін сумны момант — развітанне. Кожны раз дзеці просяць застацца і пагуляць з імі яшчэ крышачку. Аднак мы разумеем, што нельга іх занадта стамляць, ды і рэжым работы бальніцы вызначае пэўныя рамкі.
Яшчэ адзін станоўчы момант валанцёрства, які адзначае Ксенія, — гэта сяброўства. Валанцёры сталі сапраўднымі таварышамі не толькі ў агульнай справе, але і наогул у жыцці. Яны сваім прыкладам натхняюць іншых. Ксенія з такім захапленнем расказвае сваім сябрам, якія не вучацца ў каледжы, пра сваю дзейнасць, што і яны пачалі займацца валанцёрствам.
— Я наогул лічу, што кожны чалавек павінен займацца дабрачыннасцю. Тым больш што сёння для гэтага мноства магчымасцей — варта толькі пашукаць, — кажа дзяўчына. — Што тычыцца мяне, то я з гэтага шляху збочваць не збіраюся. Зараз вучуся на апошнім курсе, аднак з заканчэннем каледжа маё валанцёрства не скончыцца. Бо я пераканана, што такая дзейнасць мяняе чалавека да лепшага.
Акрамя мноства станоўчых эмоцый, валанцёрства дае карысныя ўменні. Удзельнікі праекта, звязанага з легатэрапіяй, вучацца хутка знаходзіць агульную мову з людзьмі, набываюць вопыт псіхалагічнай падтрымкі людзей, адпрацоўваюць навыкі арганізацыі праектаў, маюць магчымасць рэалізаваць свае ідэі.
— Мы назіраем, як добрыя справы мяняюць нашых навучэнцаў. Заўважаем, што тыя, хто ўдзельнічае ў валанцёрскай дзейнасці, па-іншаму глядзяць на жыццё — з мудрасцю і па-даросламу. Яны становяцца больш спагадлівымі, самастойнымі, адказнымі, — дзеліцца разважаннямі намеснік дырэктара каледжа Наталля Пятроўна Стадольнік.
Валанцёры атрада “Добрае сэрца” атрымалі Падзяку Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі за ўклад у развіццё валанцёрскага руху Мінска, актыўную сацыяльную пазіцыю і за ўдзел у гарадскім конкурсе на лепшы сацыяльныя праект і валанцёрскую ініцыятыву “Дзякуй!”, а таксама Падзячны ліст Кастрычніцкай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. А.У.Рэмізевіч адзначана прэміяй Мінгарвыканкама за перамогу ў гарадскім конкурсе “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы” ў намінацыі “Лепшы вопыт па арганізацыі працэсу выхавання”.
Зараз валанцёры каледжа вымушаны прыпыніць дзейнасць, бо наведванне бальніцы падчас пандэміі абмежавана. Яны сумуюць без маленькіх сяброў, аднак не марнуюць часу і пакуль шукаюць новыя гульні і прыдумваюць новыя прыёмы, каб сустрэчы пасля доўгага развітання былі яшчэ больш цікавымі і карыснымі.
Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі.