Прыхільнасць цяжка выявіць: яна не праяўляецца як рыса характару, а значыць, звярнуць на яе ўвагу практычна немагчыма. Тым не менш псіхолагі, размаўляючы з дзіцем, могуць заўважыць, што ў зносінах з бацькамі яно не можа ад іх аддаліцца і застацца адно.
Як можна вырашыць гэтую праблему і да якіх наступстваў у дарослым жыцці прыводзіць нездаровая дзіцячая прыхільнасць, расказала псіхолаг выкладчык кафедры сацыяльнай і арганізацыйнай псіхалогіі факультэта філасофіі і сацыяльных навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Ксенія ЛЕПЕШКО.
— Ксенія, як у дзяцей фарміруецца прыхільнасць да бацькоў?
— Трэба пачаць з таго, што прыхільнасць — гэта наша базавая патрэба, такая ж, як патрэба ў ежы, вадзе і інш. На думку заснавальніка тэорыі прыхільнасці Джона Боўлбі,
прыхільнасць — гэта працяглая сувязь паміж людзьмі. Таксама варта дадаць, што гэта эмацыянальная сувязь паміж чалавекам і іншым значным чалавекам. Тут нават можна прывесці метафару пупавіны, толькі эмацыянальнай. Дарэчы, гэтая сувязь не руйнуецца, яна стабільная ў часе. Мяняцца можа толькі якасць прыхільнасці.
Што тычыцца таго, як фарміруецца прыхільнасць у дзіцяці, то малыш, калі нараджаецца, зусім бездапаможны і безабаронны. Яго галоўная патрэба — у бяспецы, каб эмацыянальныя і фізічныя патрэбы задавальняліся мамай ці татам. Так, з першых дзён жыцця дзіця мае патрэбу ў апецы, клопаце і любові. Калі маці або бацька сунастроены з дзіцем, г.зн. улоўліваюць і разумеюць яго патрэбы, адгукаюцца своечасова, калі яны спагадлівыя, датыкаюцца, гладзяць і песцяць малое, то яно адчувае гармонію — тую самую бяспеку. Такім чынам маці і бацька становяцца аб’ектамі надзейнай прыхільнасці. Ад таго, як былі пабудаваны раннія адносіны, залежыць тое, як дзіця будзе будаваць свае адносіны з іншымі людзьмі, у прыватнасці, рамантычныя. Акрамя гэтага, вопыт ранняй прыхільнасці ўплывае на інтэлектуальнае, эмацыянальнае развіццё дзіцяці. Напрыклад, калі мама называе эмоцыі дзіцяці і дапамагае яму з імі справіцца (г.зн. яна адчувальная да яго), то малыш вучыцца ўжо з ранняга ўзросту сябе рэгуляваць. Калі такога не адбываецца, то ў дарослым узросце чалавек спраўляецца з эмоцыямі з дапамогай псіхасаматыкі (напрыклад, у яго з’яўляюцца галаўныя болі, калі яму не купляюць якую-небудзь рэч).
— Што адбываецца з дзіцем, калі прыхільнасць не сфарміравана?
— Прыхільнасць у дзіцяці ў любым выпадку сфарміруецца. Пытанне ў тым, якой яна будзе. У сітуацыі, калі патрэбы дзіцяці не задавальняюцца належным чынам, калі маці праяўляе ў адносінах да яго недаступнасць, жорсткасць, амбівалентнасць, узнікаюць парушэнні прыхільнасці, фарміруюцца яе небяспечныя стылі (трывожная, пазбягаючая або дэзарганізаваная). Адразу заўважу, што псіхіка дзіцяці вельмі адаптыўная і малое знаходзіць тыя стратэгіі, якія яму дапамагаюць жыць і існаваць, г.зн. нічога жудаснага не адбываецца.
Напрыклад, калі ў дзяцей сфарміравалася трывожная прыхільнасць, то ім складана праяўляць ініцыятыву і самастойнасць у даследаванні свету (пазнаваць нешта новае, цікавіцца, заводзіць знаёмствы і інш.). Надзейная прыхільнасць павінна забяспечваць сацыяльную адаптацыю, рэалізацыю, асобаснае развіццё і здаровае патомства. Дзеці, якія маюць трывожную прыхільнасць, вельмі чапляюцца за аб’ект прыхільнасці, ім пастаянна патрэбны тата або мама. Такія дзеці дрэнна адаптуюцца, яны няўпэўненыя ў сабе, у іх, як правіла, парушана спантаннасць і творчасць. Яны даволі цяжка перажываюць расставанне. У эксперыментах, якія сталі асноўнымі для вызначэння тыпаў прыхільнасці, дзеці, што былі трывожна прывязаны да мамы, не маглі самі гуляць у цацкі. Яны былі захоплены сваімі эмоцыямі і чакалі з’яўлення мамы. У дарослым узросце такія людзі могуць уступаць
у сузалежныя адносіны, быць раўнівымі і цяжка сепарыравацца ад бацькоў.
Дзецям, у якіх сфарміравалася пазбягаючая прыхільнасць, наадварот, лёгка даследаваць свет. Яны праяўляюць ініцыятыву і самастойнасць, але пазбягаюць блізкасці. Для іх такі стан вельмі ўразлівы. Такія дзеці могуць праяўляць лідарскія якасці, актыўна ўступаць у дэбаты, адстойваць свае правы і ў цэлым праяўляць кантроль і ўладу. Але яны будуць пазбягаць эмацыянальных размоў, сувязей. Яны трымаюць дыстанцыю і не падпускаюць да сябе. Такі тып прыхільнасці часта можна назіраць у дзяцей-сірот. Падчас эксперыментаў дзеці, якія мелі пазбягаючы тып прыхільнасці, расстаючыся з мамай, пачыналі гуляць з цацкамі, актыўна праяўлялі творчасць у гульні, фантазію. Калі мама вярталася, яны яе ігнаравалі.
Дзеці з дэзарганізаваным тыпам прыхільнасці — самыя няпростыя. Такі тып прыхільнасці фарміруецца ў тых малышоў, якія падвяргаліся сістэматычнаму жорсткаму абыходжанню і гвалту. Як правіла, іх інтарэсамі грэбавалі, а іх саміх эмацыянальна адвяргалі. Такія дзеці не ўмеюць кантраляваць свае пачуцці, у іх эмацыянальныя арэлі: у гэтую хвіліну ўсё добра, праз пяць хвілін усё жудасна! Яны дрэнна спраўляюцца са стрэсам, прычым можа даходзіць аж да фізічнага нанясення самім сабе шкоды. Яны не давяраюць ні сабе, ні іншым і маюць вельмі амбівалентныя імпульсы: люблю і ненавіджу (і хочацца і колецца), неадэкватна моцны гнеў і адсутнасць кантролю над ім. Такія дзеткі адчуваюць сябе адзінокімі, маюць зблытанае ўяўленне пра сябе. У эксперыментах з расставаннем з мамай дзеці, якія мелі гэты тып прыхільнасці, не маглі паўнавартасна пагрузіцца ў свет цацак, але і пры з’яўленні мамы не маглі наблізіцца да яе. У такіх дзяцей глыбокі ўнутраны канфлікт: аб’ект прыхільнасці (мама) асацыіруецца з моцным страхам і жаданнем атрымаць любоў, цяпло, клопат.
— Як па дзіцяці можна заўважыць, што ў адносінах да мамы створана нездаровая залежнасць?
— Акрамя тых крытэрыяў, якія я назвала вышэй, трэба звяртаць увагу яшчэ і на шэраг ускосных прымет. Так, залішняе чаплянне дзіцяці за маці, як быццам яно пастаянна прыліпае да яе, хаця можа ў гэты момант пайсці пабудаваць нешта ў пясочніцы або пагуляць з аднагодкамі, псіхасаматычныя захворванні, пазбяганне кантакту і блізкасці, амбівалентнасць паводзін (хоча наблізіцца і быць побач, але разам з гэтым хоча аддаліцца) — усё гэта прыметы няправільна сфарміраванай прыхільнасці. Таксама могуць назірацца неўрозы, агульная няўпэўненасць, недаверлівасць, баязлівасць і залежнасць ад дарослых.
Варта адзначыць, што асабліва моцна патрэба ў прыхільнасці праяўляецца ў перыяды стрэсу ці хваробы, расставання. Але ў гэты час трэба назіраць за тым, як паводзіць сябе дзіця. Напрыклад, калі яно замыкаецца ў сабе, само сябе супакойвае або ўпадае ў стан моцнага тармажэння, то гэта нельга пакідаць без увагі.
— Якая прыхільнасць, залежнасць ад бацькоў лічыцца правільнай? Што спрыяе яе фарміраванню?
— Самая правільная прыхільнасць — надзейная. Каб яна сфарміравалася, маці і бацькам трэба быць адчувальнымі да патрэб дзіцяці, сунастроены з ім. Дарослыя павінны быць чуллівымі, спагадлівымі і стабільнымі. Важна, каб дзіця адчувала абарону і клопат, падтрымку і разуменне з боку бацькоў. Дарослыя ў сваю чаргу павінны ведаць і разумець, што адбываецца з дзіцем, спачуваць яму. Малому трэба прадастаўляць права на асабістую прастору і межы. Дарослыя таксама павінны ўмець расставацца з дзіцем, давяраць яму і заставацца гнуткімі. Напрыклад, калі дзіцяці пастаянна трансліруецца, што свет — злы, давяраць яму нельга і наогул нікому давяраць нельга (у тым ліку самому сабе), то гэта стварае магутную аснову для фарміравання трывожнага або пазбягаючага тыпу прыхільнасці.
— Ці можа школьны псіхолаг дапамагчы дзіцяці сфарміраваць прыхільнасць да бацькоў без удзелу саміх бацькоў?
— У дзіцяці першапачаткова ўжо сфарміраваны нейкі тып прыхільнасці, які ў яго дамінуе. Каб працаваць з яе якасцю, трэба разумець, што менавіта баліць, у чым заключаецца праблема. Безумоўна, тып прыхільнасці можа мяняцца і часцей за ўсё з цягам часу ён мяняецца. Так адбываецца, калі будуецца другая мадэль адносін з іншым значным чалавекам, тым дарослым, які пачынае мець большае значэнне для дзіцяці. Вядома, гэтым чалавекам можа быць псіхолаг, бо першыя часы ён гатовы стаць бацькоўскай фігурай. Тым не менш калі так адбываецца і значным дарослым становіцца псіхолаг, то гэта ўжо псіхатэрапія.
— Самая правільная прыхільнасць — надзейная. Каб яна сфарміравалася, мамам і татам трэба быць адчувальнымі да патрэб дзіцяці, сунастроены з ім. Дарослыя павінны быць чуллівымі, спагадлівымі і стабільнымі.
Безумоўна, псіхолаг дапаможа знайсці спосабы задаволіць тыя патрэбы, якія не былі закрыты ў дзяцінстве. Ён бачыць патрэбы дзіцяці, адгукаецца на іх, падтрымлівае і дае магчымасць самому з імі справіцца, калі гэта трэба ў нейкі момант. Гэта значыць спецыяліст можа быць своеасаблівым кантэйнерам, які перапрацоўвае складаныя пачуцці дзіцяці, дапамагае з імі справіцца, суцяшае, супакойвае і робіць тое, чаго калісьці не рабілі бацькі. Псіхолаг можа дапамагчы трансфармаваць няўдалы вопыт дзіцяці, зразумець, дзе і як нешта пайшло не так, і разам паспрабаваць змяніць гэта.
— Як адбіваецца на чалавеку ў дарослым узросце тое, што ў дзяцінстве ў яго была няправільна сфарміравана прыхільнасць?
— Калі была сфарміравана ненадзейная прыхільнасць ці была траўма прыхільнасці, то, вядома, гэта ўплывае на многія сферы жыцця ўжо дарослага чалавека. Перш за ўсё, могуць быць складанасці ў пабудове любых адносін. Так, можа з’явіцца залежнасць ад партнёра. Таксама чалавек можа знаходзіцца ў адносінах, якія не прыносяць задавальненне патрэб ці пагражаюць псіхічнаму і фізічнаму дабрабыту. Таксама бываюць праблемы ў пабудове даверных адносін: рэўнасць, жаданне трымаць усё пад кантролем і г.д.
Ненадзейная прыхільнасць можа ўплываць на развіццё асобы ў цэлым, а навучанне сацыяльным, эмацыянальным і адукацыйным навыкам можа мець складанасці. Так, людзі з ненадзейнай прыхільнасцю менш устойлівыя да стрэсаў і больш схільныя да псіхалагічных захворванняў. Яны часцей праяўляюць сацыяльную дэзадаптацыю, не прымаюць сябе, могуць мець хімічныя залежнасці і інш.
— Як празмерная прыхільнасць, залежнасць ад бацькоў уплывае на фарміраванне самастойнасці ў падлеткаў? Якія могуць быць наступствы?
— Трывожная прыхільнасць вельмі ўскладняе праяўленне самастойнасці, ініцыятывы і ў цэлым сепарацыю ад бацькоўскай сям’і. Такія падлеткі пастаянна арыентаваны на адабрэнне з боку дарослых, яны не праяўляюць сапраўдных эмоцый, бо не хочуць нікога пакрыўдзіць. Гэтыя падлеткі сарамлівыя, няўпэўненыя ў сабе, баязлівыя.
З-за таго, што ўяўленне аб сабе ў іх дастаткова негатыўнае, яны адчуваюць празмерную трывогу і страх, калі трэба праявіць сябе: недзе выступіць, здаць экзамен, паехаць у незнаёмае месца, дамовіцца аб нечым і інш. Увогуле, у такіх залежных дзяцей вельмі пакутуе сацыялізацыя. Як вынік — яны нясмелыя, у іх пастаянна прысутнічае страх. Сумненні ў саміх сабе пастаянна прыводзяць да бездапаможнасці, пасіўнасці, сацыяльнай нерэалізаванасці, да адчування сваёй некампетэнтнасці, мізэрнасці. Вялікая небяспека можа хавацца ў тым, што менавіта такія падлеткі з-за схільнасці да адабрэння, праблем з абаронай сваіх меж і адстойваннем уласнага меркавання могуць апынуцца ў дрэннай кампаніі. Між іншым, менавіта такія дзеці могуць падвяргацца булінгу.
Дзеці з пазбягаючай прыхільнасцю могуць быць самастойныя, саманадзейныя, упэўненыя ў сабе. Яны могуць самастойна вырашаць пытанні, адстойваць свае правы, але, як правіла, маюць складанасці ў пабудове сяброўскіх і рамантычных адносін. З-за няўмення сябе кантраляваць, уладнасці і жадання заўсёды мець рацыю, халоднасці і дыстанцыяванасці яны могуць быць адзінокімі, непрынятымі і адхіленымі іншымі. Усё гэта толькі ўмацуе іх перакананне аб тым, што свет — злы і яму нельга давяраць. Калі такое пачуццё сфарміравана, значыць, падлеткі не змогуць па-сапраўднаму адчуць усё хараство блізкіх, надзейных і даверлівых адносін.
— Ксенія, як псіхолагі павінны працаваць з прыхільнасцю?
— Перш за ўсё, разумець стыль прыхільнасці і ўжо ад гэтага адштурхоўвацца. Школьныя псіхолагі могуць гэта рабіць з дапамогай розных методык. Напрыклад, калі выяўляецца, што ў дзіцяці трывожны тып прыхільнасці, важна дапамагаць яму развіваць самастойнасць, падтрымліваць сепарацыю, упэўненасць у сабе, умацоўваць уяўленне аб сабе, сваім целе, межах і развіваць эмацыянальны інтэлект.
Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.





