Тэрыторыя камфорту: чым адметная сярэдняя школа № 1 Салігорска

- 12:37Пресс-тур «Настаўніцкай»

У сярэдняй школе № 1 Салігорска вучыцца больш за тысячу дзяцей, але гэта не перашкаджае ствараць умовы для развіцця абсалютна кожнага навучэнца. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Дырэктар навучальнай установы Валянціна Каштальян расказала пра здабыткі і традыцыі сваёй школы — перамогі на прадметных алімпіядах, сістэму ваенна-патрыятычнага выхавання, якое ў школе вя­дзецца з 2012 года, пра эксперыментальны праект па распрацоўцы і апрабацыі прафарыентацыйнай ма­дэлі для школьнікаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Безумоўна, за час знаходжання ў навучальнай установе мы не паспелі паглядзець усё, але прадстаўленыя кірункі работы таксама вельмі ўразілі. Не першы год навучэнцы 1-й школы Салігорска дэманструюць выдатныя вынікі на розных этапах рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Напрыклад, сёлета Вераніка Зак­рэўская абараняла гонар школы на алімпіядзе па працоўным навучанні. Яе, як і пераможцаў мінулых гадоў, рыхтавала настаўніца працоўнага навучання Святлана Гліністая. Святлана Мікалаеўна не толькі прафесіянал у педагогіцы, але і вельмі творчы чалавек. Вышыўка стужкай, бісерам, ніткавая графіка — гэта далёка не ўвесь пералік творчых інтарэсаў педагога.

Затым наведалі заняткі ў класе з удзелам супрацоўнікаў Салігорскага аддзела Дэпартамента аховы МУС, якія гаварылі на тэму бяспекі і бяспечных паводзін. Канечне, самай цікавай часткай размовы стала дэманстрацыя экіпіроўкі супрацоўнікаў дэпартамента. Як заўважыла дырэктар, супрацоўніцтва з Дэпартаментам аховы не толькі павышае культуру бяспечных паводзін, але і з’яўляецца выдатным прафарыентацыйным сродкам. Дзеці маюць магчымасць задаваць пытанні напрамую і бачаць перад сабой прыклад людзей, адданых сваёй прафесіі. Яшчэ на базе школы дзейнічае раённы рэсурсны цэнтр па бяспецы дарожнага руху, які быў створаны пры актыўным удзеле мясцовага ДТСААФ.

Сярэдняя школа № 1 Салігорска адметна і развіццём інклюзіўнай адукацыі. У навучальнай установе дзейнічае рэсурсны цэнтр інклюзіўнай адукацыі, педагагічны калектыў пастаянна працуе над удасканаленнем адаптыўнага асяроддзя. Тут дзяцей з асаблівасцямі імкнуцца ўключаць у звычайны адукацыйны працэс. Прынамсі, на ўроку працоўнага навучання для хлопчыкаў дзейнасць такога дзіцяці арга­нічна ўпісвалася ў сцэнарый заняткаў. З ім працавалі як настаўнік-прадметнік, так і памочнік выхавальніка. Дарэчы, настаўнік працоўнага навучання Уладзіслаў Чарнушэвіч — малады спецыяліст, які паспеў паслужыць у арміі і вярнуцца да педагагічнай дзейнасці, што, канечне, вельмі радуе, асабліва дырэктара навучальнай установы.    

Калі гаварыць пра набыццё прафесійных кампетэнцый вучняў, якія дадуць магчымасць уладкавацца на работу адразу пасля заканчэння школы, то выпускнікі могуць атрымаць прафесіі наладчыка праграмнага забеспячэння і аператара ЭВМ. А буду­чыя журналісты могуць пракачацца ў школьных СМІ: тут выпускаюць часопіс “Сюжэт” і працуюць на радыё “Вялікі перапынак”. Было прыемна пазнаёміцца з магчымымі калегамі — старшакласнікамі, якія развіва­юць гэты напрамак. І, трэба адзна­чыць, робяць гэта прафесійна. Асаб­ліва калі прэзентуюць вынікі сваёй дзейнасці ў сацыяльных сетках. Міжволі злавіла сябе на думцы: наколькі проста ўсё гэта даецца моладзі, як умела яны карыстаюцца сучаснымі інструментамі для прасоўвання сваіх ідэй у тым жа TikTok.

Пра захаванне традыцый сістэмы ваенна-патрыятычнага выхавання дырэктар гаварыла шмат.

“Наша школа заўсёды памятае і шануе абаронцаў Радзімы. Успом­ніць мінулае, аддаць даніну павагі абаронцам Радзімы можа кожны, каму не абыякавы лёс нашай Айчыны. Кожны год навучэнцы і настаўнікі прымаюць актыўны ўдзел у святкаванні Дня Перамогі. 9 Мая дзеці і педагогі ўдзельнічаюць ва ўрачыстым шэсці, акцыі “Беларусь памятае”, наведваюць музеі і ўскладаюць кветкі да мемарыялаў. Прымаюць удзел у сустрэчах з ветэранамі, акцыях “Падарунак ветэрану”, “Ветэран жыве побач”, — адзначыла Валянціна Каштальян.

А пасля дырэктар запрасіла на мерапрыемства. Якраз у дзень нашага знаёмства з установай тут святкавалі дзень нараджэння ваенна-патрыятычнага клуба “Алмаз”. У актавай зале ва ўрачыстай атмасферы 15 старшакласнікаў далі клятву быць годнымі ўдзельнікамі клуба. І зрабілі гэта з гонарам.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА