Толькі смелым скараюцца моры

- 8:27Адукацыйныя магчымасці

Магістранту механіка-матэматычнага факультэта БДУ Вадзіму Травіну 22 гады, аднак за яго плячамі ўжо нямала дасягненняў. Самым удалым набыткам маладога чалавека па праве можна лічыць яго кнігу “Решение нестандартных задач по алгебре, геометрии, комбинаторике, теории графов, теории множеств…”. Гэта выданне-дапаможнік для падрыхтоўкі да алімпіяды, якое хлопец стварыў у студэнцкую пару.

Пачынаючы з 5 класа Ва­дзім выступаў на алімпіядах, спачатку на аматарскім узроўні. Пасля, калі паступіў у Магілёўскі абласны ліцэй, стаў штурмаваць пераможныя прыступкі. У ліцэі юнак сустрэў настаўніка-прадметніка, блізкага па духу: за год Якаў Слаін добра падцягнуў веды хлопца, і ў 9 класе ён быў сярод лідараў на абласным этапе алімпіяды.

— Некаторы час я таксама займаўся геаграфіяй, але не так сур’ёзна, больш для агульнага развіцця. Мне пастаянна хацелася нешта вывучаць. У матэматыцы супала абсалютна ўсё: я любіў займацца прадметам, і ў той жа час мне пашанцавала з Якавам Іосіфавічам. Настаўніка-практыка, лепшага за яго, бачыць не давялося, — гаворыц­ь Вадзім.

Выбар будучай прафесіі для хлопца таксама быў відавочны: ён збіраўся падаваць дакументы на механіка-матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 11 класе нават стаў пераможцам факультэцкай алімпіяды “Абітурыент ММФ” (пры паступленні, дзякуючы гэтаму, у Вадзіма была пэўная перавага).

— Я мэтанакіравана ішоў на мехмат, таму цікавасць да прадмета толькі падагравалася. Ды і ўвогуле, калі вырашыў, значыць даб’юся. Я такі заўсёды, — расказвае малады чалавек. — Першыя два гады прайшлі звычайна: я вучыўся, удзельнічаў у мерапрыемствах і канферэнцыях. На адной з іх, у БДПУ імя Максіма Танка, выступіў з дакладам па праблемах укладання вучэбных дапаможнікаў. На мяне глядзелі і здзіўлена, і адначасова з захапленнем. А­дзін са старэйшых калег сказаў: “Вы прыво­дзіце плюсы і мінусы падручнікаў, а паспрабуйце выдаць свой”.

Хлопец узважыў гэтую параду і агучыў блізкім сваё жаданне выдаць кнігу: многія ўсміхаліся, адабралі, але, здаецца, сур’ёзна да задумы ўсё ж не паставіліся. Вадзіма падтрымаў выкладчык дыскрэтнай матэматыкі Алег Мельнікаў, і студэнт пачаў дзейнічаць. Ідэя хлопца зацікавіла выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”, і праз год кніга па падрыхтоўцы да матэматычнай алімпіяды ўбачыла свет.

— Яшчэ падчас вучобы заўважыў, што метадычных распрацовак і кніг-планаў па матэматыцы дастаткова, але большасць з іх не даступная  школьнікам. А я як педагог-практык павінен быў займацца тым, што цікава і блізка дзецям. Зразумела, што навуковыя манаграфіі для школьнікаў не пішуцца, бо іх яны не змогуць нават прачытаць, — лічыць магістрант. — Гэта пацвярджалася і на факультатыўных занятках з дзецьмі. Яны часта гаварылі: “Мы не разумеем падручнік, скажыце сваімі словамі”. І тут стала відавочна, што, калі тлумачыць проста, падлеткі пачынаюць разумець і цікавіцца больш складанымі тэмамі.

Кніга, якая стала вынікам работы з вучнямі сярэдняй школы № 30 Мінска, напісана ў форме звароту да чытача. На яе старонках аўтар, быццам пры асабістай сустрэчы, тлумачыц­ь тэмы як з дапамогай дадатковай інфармацыі, так і з выкарыстаннем графікаў і чарцяжоў. Вадзім расказвае, што дыялагічнасць была задуманай “фішкай” выдання: яму хацелася, каб любы матэрыял падаваўся не на “дубовай” афіцыйнай мове, а быў даступны кожнаму.

Большасць глаў змяшчае ў сабе спасылкі на іншыя: дзеці, працуючы з адной тэмай, могуць успомніць ці паўтарыць ужо разгледжаныя. Выданне стала першым у серыі “Калекцыя ідэй”, створанай па прынцыпе “глава — асобная ідэя ці думка”.

Выбудоўваць размову з чытачамі таксама дапамагае візуальнае афармленне глаў: зялёныя рамкі адсылаюць чытача да гісторыі пытання, метаду або ідэі задання, вядомых асоб у матэматыцы і іншых навуках. Чырвоная — уключае ўмову задачы, а сіняя — ход рашэння.

Многія задачы маюць некалькі рашэнняў. Гэта хлопец таксама ўлічыў у тлумачэннях: ён расказвае пра пэўны спосаб, а потым, быццам між іншым, задае пытанне: “А што, калі сітуацыя возьме іншы напрамак?” І затым падводзіць аматараў матэматыкі да іншага спосабу рашэння  ці думкі.

Вадзім расказвае, што праца над кнігай заняла 2 гады (неабходна было дапоўніць ці распрацаваць асобныя тэмы, змяніць ці скарэкціраваць малюнкі). Адбіраў матэрыял па трох крытэрыях: складанасц­ь для ўспрымання большасцю навучэнцаў, маладаступнасць тэмы ўвогуле і тэм, якія ўключаюцца ў школьную праграму і выклікаюць цікавасць у дзяцей.

Сваю ідэю Вадзім абараніў як дыпломны праект. Магістрант гаворыць, што кніга стала для яго адмысловым штуршком: ён стаў суаўтарам кнігі “Методика преподавания информатики” і не збіраецца спыняцца. Зараз ён сумесна з калегай Дзіянай Пракапенка працуе над чарговым дапаможнікам “Кроссворды и поисковые головоломки для будущих математиков” і імкнецца дапамагаць выкладчыкам і студэнтам, чые напрацоўкі па тых ці іншых прычынах не былі выдадзены.

— Мне вельмі пашанцавала з прыкладамі: і ў тым, як настаўнік тлумачыў зразумела, і ў тым, як пасля няўдалай падачы матэрыялу ўсё станавілася яшчэ больш заблытаным. Я зрабіў высновы і іду з імі па жыцці — шмат што адлюстроўваецца ў кнігах. Ніколі не задумваўся над тым, што калі я малады, значыц­ь мяне могуць задзяўбці. Разумею, што многія ўспрымалі маю ідэю як праяўленне юнацкага максімалізму, але вынікі ўсё расставілі па месцах. Дзіўна, чаму людзі баяцца прапаноўваць уласныя распрацоўкі, асабліва, калі яны сапраўды цікавыя, — гаворыць хлопец.

Магістрант перакананы: калі хочаш стварыць ці расказаць пра нешта новае і цікавае, трэба быць смялейшым. Думкі накшталт “А што я адзін змагу” не павінны прыходзіць у галаву наогул. Па словах хлопца, калі імкнешся да нечага, але сядзіш дома, нічога само не з’явіцца. Вадзім раіць задаваць пытанні і весці дыялог з рознымі людзьмі, якія змогуць скіраваць.

— Матэматыка — гэта не прайшоў і забыў, — перакананы Вадзім. — І я хачу данесці гэта чытачам.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.