Толькі сумеснымі намаганнямі можна стварыць адзіную бяспечную Еўропу

- 10:46Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Парламенцкая асамблея Савета Еўропы павінна стаць пляцоўкай для адкрытага і раўнапраўнага дыялогу. Аб гэтым заявіла Старшыня Савета Федэрацыі Расіі, Старшыня Савета Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД Валянціна Матвіенка ў Страсбургу ў час сустрэчы з кіраўніком ПАСЕ Педра Аграмунтам.

Валянціна Матвіенка ў час сустрэчы, у прыватнасці, адзначыла, што ПАСЕ як адна са старэйшых парламенцкіх арганізацый павінна стаць пляцоўкай для адкрытай размовы, абмену думкамі, раўнапраўнага дыялогу без дыскрымінацыі той ці іншай нацыянальнай дэлегацыі, а таксама без канфрантацыі. Валянціна Матвіенка ўпэўнена, што ў гэты час трэба аб’ядноўваць намаганні, а не распыляць іх, паколькі “толькі сумеснымі намаганнямі можна стварыць адзіную бяспечную Еўропу”.

Як адзначылі ў прэс-службе МПА СНД, у гэтым годзе канферэнцыя ў Францыі, у якой прыняла ўдзел Валянціна Матвіенка, прысвечана некалькім важным тэмам. Адна з іх датычыцца ролі парламентаў у вырашэнні міграцыйнага крызісу ў Еўропе, другая — мабілізацыі парламентаў у барацьбе з нецярпімасцю для стварэння інклюзіўнага грамадства, якое было б свабодным ад расавай дыскрымінацыі. Акрамя таго, прадугледжваецца выпрацоўка сумесных намаганняў па развіцці дэмакратыі, абароне правоў чалавека і забеспячэнні вяршэнства закона.

Канферэнцыя ў Страсбургу аб’ядноўвае старшынь парламентаў 47 дзяржаў — членаў Савета Еўропы, парламентаў дзяржаў, якія маюць статус наглядальніка або партнёра за дэмакратыю пры ПАСЕ і міжнародных парламенцкіх асамблеях.