Героямі нашай рубрыкі становяцца пераважна школьныя настаўнікі, на якіх па сутнасці і трымаецца развіццё краязнаўчай справы ў Беларусі. Аднак зацікаўленымі, апантанымі, няўрымслівымі даследчыкамі малой радзімы могуць быць і кіраўнікі ўстаноў адукацыі. Пра іх ролю ў папулярызацыі краязнаўства пагутарым з дырэктарам Шчучынскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства Аленай Іванаўнай АРАБЧЫК.
Вялікае шчасце для настаўніка, калі адміністрацыя падтрымлівае яго краязнаўчую дзейнасць ці хаця б не перашкаджае займацца любімай справай. А калі дырэктар сам ахвотна даследуе малую радзіму? А калі гэта яшчэ і дырэктар установы дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю? У такім выпадку краязнаўчая справа будзе квітнець і развівацца не толькі ў асобнай школе, але і ў цэлым рэгіёне. Выдатным прыкладам з’яўляецца Шчучынскі раён.
У тым, што вялізны турыстычны патэнцыял Шчучыншчыны рэалізуецца максімальна эфектыўна, можна пераканацца, наведаўшы сайт раённага цэнтра турызму і краязнаўства. Шматлікія спасылкі на турыстычныя карты, на звесткі пра школьныя музеі раёна і вобласці, летапісы ўстаноў адукацыі, падрабязныя апісанні адметных мясцін дазваляюць здзейсніць захапляючае падарожжа па Шчучынскім краі. І ўсе шматлікія краязнаўчыя праекты рэалізаваны пад кіраўніцтвам і непасрэдным удзеле Алены Арабчык.
“На жаль, у Шчучыне няма ніводнага прафесійнага экскурсавода. Таму мы з калегамі паспрабавалі вырашыць гэтую праблему, сабраць людзей, якія цікавяцца гісторыяй свайго краю, і прапанавалі ім паўдзельнічаць у адукацыйным стартапе”.
Часцей бывае так: дырэктар цэнтра турызму і краязнаўства займаецца адміністрацыйнай дзейнасцю, арганізоўвае работу калектыву, прадстаўляе вопыт работы сваёй установы на розных семінарах, канферэнцыях, выязджае з камандай на турыстычныя злёты. Ну і, канечне, у абавязкі ўваходзяць пазабюджэтная дзейнасць, арганізацыя экскурсій, прыём дэлегацый, работа турбазы. Клопатаў столькі, што ўжо, як кажуць, і не да краязнаўства. Аднак наша гераіня, акрамя выканання вышэйпералічаных абавязкаў кіраўніка ўстановы, усё ж знаходзіць час на вывучэнне роднага краю.
На думку Алены Іванаўны, дырэктар цэнтра турызму і краязнаўства павінен быць не толькі адміністратарам, тэарэтыкам, але і практыкам, мець вопыт і ў турызме, і ў краязнаўстве, каб бачыць перспектывы далейшага развіцця свайго калектыву, сваёй установы. У сістэме дадатковай адукацыі наша гераіня працуе з 1993 года. Прайшла ўсе ступені службовай лесвіцы: ад метадыста да дырэктара. Жаданне практычна займацца турызмам і краязнаўствам засталося і на кіруючай пасадзе.
“Я практык, мне самой хочацца разам з калегамі напрацоўваць нейкія пазіцыі ў краязнаўстве. Калі прыходзяць маладыя спецыялісты, ім неабходна прафесійная дапамога. А як ты можаш дапамагчы, калі займаешся толькі тэорыяй. Перад тым як нешта патрабаваць ад чалавека, яго трэба гэтаму навучыць, аказаць дапамогу, даць магчымасці для прафесійнай самарэалізацыі, таму я і з’яўляюся ўдзельнікам усіх турыстычна-краязнаўчых спраў у раёне. Я сама прайшла шмат кіламетраў па Беларусі як турыст, вадзіла групы дарослых і дзяцей. Выступаю членам судзейскіх брыгад на турыстычных злётах. Падабаецца мне і краязнаўчая дзейнасць, таму што турызм і краязнаўства непадзельныя”, — расказвае наша гераіня.
Алена Іванаўна — камандны чалавек. Для кіраўніка гэта цудоўная якасць, бо невялікаму калектыву Шчучынскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства без супрацоўніцтва, узаемаразумення не вырашыць вялікіх задач. “Гэта шчасце для кіраўніка, калі ў калектыве ёсць узаемаразуменне, супрацоўніцтва, сумесная творчасць. Толькі ў каманднай рабоце дасягаюцца вынікі. Дырэктар цэнтра турызму і краязнаўства павінен быць ідэйным натхняльнікам творчых спраў сваіх калег, умець згуртаваць калектыў, аб’яднаць яго агульнай мэтай, паважліва ставіцца да падначаленых, умець будаваць адносіны з людзьмі, глядзець у будучыню, бачыць перспектывы, працаваць на апярэджанне. Сучасны кіраўнік — гэта не той, хто раздае ўказанні, ставіць сябе вышэй за падначаленых, патрабуючы выконваць субардынацыю. Дырэктар павінен весці людзей за сабой, прадстаўляць ім сваё бачанне перспектыў, знаходзіць матывацыю для кожнага, улічваючы індывідуальныя асаблівасці работнікаў”, — лічыць А.І.Арабчык.
“Дырэктар цэнтра турызму і краязнаўства павінен быць ідэйным натхняльнікам творчых спраў сваіх калег, умець згуртаваць калектыў, аб’яднаць яго агульнай мэтай”.
Паслужны краязнаўчы спіс Алены Іванаўны даволі вялікі. Гэта краязнаўчы праект “Падарожжа па Шчучынскім раёне”, накіраваны на стварэнне макетаў славутасцей рэгіёна (з вынікамі праекта можна азнаёміцца на фотаздымках). Гэта інфармацыйна-экскурсійны праект з элементамі пачатковай тэхнічнай творчасці “Нямыя сведкі гісторыі”. Гэта краязнаўчы квест “Таямніцы Шчучыншчыны”. Гэта праект “Музеі Шчучыншчыны: віртуальны партал”, канчатковай мэтай якога з’яўляецца стварэнне адзінага інфармацыйнага цэнтра музеяў устаноў адукацыі раёна.
Адзін з апошніх праектаў, рэалізаваных пад кіраўніцтвам Алены Іванаўны ў партнёрстве з Асацыяцыяй дадатковай адукацыі і асветы ў рамках праграмы “Забеспячэнне доступу да дадатковай адукацыі дарослых жыхароў малых гарадоў Беларусі”, — рэспубліканскі адукацыйны стартап “Курсы экскурсаводаў”. Яго мэта — атрыманне жыхарамі Шчучына краязнаўчых кампетэнцый і навыкаў вядзення экскурсій для пашырэння магчымасцей самарэалізацыі ў прафесійнай дзейнасці.
“Час не стаіць на месцы, і ў краязнаўчай рабоце патрэбны новыя крокі”.
“Ідэя праекта ўзнікла невыпадкова. На жаль, у Шчучыне няма ніводнага прафесійнага экскурсавода. Таму мы з калегамі паспрабавалі вырашыць гэтую праблему, сабраць людзей, якія цікавяцца гісторыяй свайго краю, і прапанавалі ім паўдзельнічаць у адукацыйным стартапе. Праграма курса складалася з 32 вучэбных гадзін і ўключала блокі па экскурсазнаўстве, краязнаўстве, псіхалогіі дзелавых зносін і тэхнікі бяспекі. У рабоце адукацыйнага стартапа прынялі ўдзел 6 экспертаў — вопытных экскурсаводаў, гісторыкаў. А ўдзельнікамі курсаў сталі 9 актыўных і зацікаўленых жыхароў. Для іх была праведзена аглядная экскурсія па славутасцях Шчучынскага раёна. Запрошаныя вопытныя эксперты-экскурсаводы правялі майстар-класы па методыцы правядзення пешаходнай экскурсіі па горадзе і аўтобуснай экскурсіі, навучылі складанню тэхналагічнай карты экскурсіі, выкарыстанню “партфеля экскурсавода”. Адбыўся канструктыўны дыялог аб магчымасцях далейшага навучання ўдзельнікаў курсаў з мэтай атрымання імі ліцэнзіі экскурсавода, што актуальна для нашага горада ў сувязі з уключэннем раёна ў бязвізавую зону”, — паведаміла А.І.Арабчык.
Наша гераіня невыпадкова асноўным напрамкам вывучэння малой радзімы і папулярызацыі яе турыстычнага патэнцыялу выбрала праектную дзейнасць. Значная ўвага ўдзяляецца таксама напаўненню сайта цэнтра турызму і краязнаўства. “Час не стаіць на месцы, і ў краязнаўчай рабоце патрэбны новыя крокі. Акрамя праектнай дзейнасці мы з калегамі шмат увагі ўдзяляем развіццю сайта нашай установы, распрацавалі шэраг рознатэматычных турыстычных маршрутаў, у першую чаргу ў дапамогу педагогам Шчучыншчыны, каб яны маглі выкарыстоўваць гэтыя маршруты ў сваёй выхаваўчай і адукацыйнай дзейнасці. Як цэнтр турызму і краязнаўства мы ўсяляк стараемся папулярызаваць адметнасці малой радзімы, выступаць сапраўдным турыстычна-інфармацыйным цэнтрам”, — паведаміла Алена Іванаўна.
“Шчасце для кіраўніка, калі ў калектыве ёсць узаемаразуменне, супрацоўніцтва, сумесная творчасць”.
Цяпер педагог з’яўляецца членам ініцыятыўнай групы па рэалізацыі праекта “Стварэнне стратэгіі ўстойлівага развіцця Шчучынскага раёна да 2035 года”, кіраўніком тэматычнага блока “Гістарычна-культурная спадчына/адукацыйны турызм”. Праект ажыццяўляецца пры садзейнічанні Праграмы падтрымкі Беларусі, якая рэалізуецца Дортмундскім міжнародным адукацыйным цэнтрам (ФРГ). У рамках праекта плануецца дапоўніць картатэку помнікаў і абеліскаў на тэрыторыі Шчучынскага раёна, картатэку славутасцей краю, на аснове якіх распрацаваны адпаведныя інтэрактыўныя карты.
Краязнаўства — гэта асаблівы стан душы. Для педагогаў-краязнаўцаў характэрны неабыякавасць, любоў да малой радзімы, актыўнасць, няўрымслівасць, апантанасць, жаданне перадаць свае набыткі і веды маладому пакаленню. Для кіраўніка ўстановы дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю ў гэтым пераліку ёсць яшчэ адна важная характарыстыка — жаданне працаваць у камандзе.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.