Традыцыйны брэнд застаецца

- 11:40Прафесійна-тэхнічная адукацыя

На працягу ўсяго перыяду існавання прафесійнай адукацыі адным з галоўных яе напрамкаў было і застаецца развіццё тэхнічнай і мастацкай творчасці, вынаходніцтва і рацыяналізатарства нашых навучэнцаў. Нязменным месцам сустрэчы юных талентаў, цэнтрам гэтага руху стаў Рэспубліканскі дом навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі, які за гэтыя гады заваяваў вялікую папулярнасць сярод дзяцей і навучэнскай моладзі. Мінулы год стаў для дома годам пераўтварэнняў, звязаных з мадэрнізацыяй прафесійнай адукацыі, з набыццём новых рыс у творчым станаўленні навучэнскай моладзі, пра што сведчыць яго новы статус. Цяпер гэтая ўстанова стала Рэспубліканскім цэнтрам інавацыйнай і тэхнічнай творчасці. Як у ім захоўваюцца традыцыі прафтэхшколы, якія новыя творчыя плыні будуць развівацца ў найбліжэйшы час, расказаў яго дырэктар С.М.САЧКО.

Сяргей Міхайлавіч Сачко паведаміў, што Рэспубліканскі цэнтр развіцця інавацыйнай і тэхнічнай творчасці з’яўляецца ўстановай дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і ставіць сваёй стратэгічнай задачай прыцягненне ўвагі таленавітай моладзі да сферы высокіх тэхналогій, фарміраванне ранняга прафесійнага самавызначэння і свядомага прафесійнага выбару, выяўленне і падтрымку адораных навучэнцаў. Інавацыйная творчасць заснавана на новым інавацыйным стылі мыслення, што мае на ўвазе актыўнае выкарыстанне сучаснай тэхнікі, інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій. — Але новы курс установы нельга пачынаць рэалізоўваць без трывалых традыцый, якія складваліся гадамі і прынеслі грунтоўны ўклад у развіццё айчыннай прафесійнай адукацыі, — адзначыў Сяргей Міхайлавіч.— Таму мы захоўваем усё, што напрацавана ў папярэднія гады Рэспубліканскім цэнтрам тэхнічнай творчасці і Рэспубліканскім домам навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі, і адначасова ажыццяўляем пераход да інавацыйнай дзейнасці, якая дазваляе адэкватна рэагаваць на запыты моладзі і рэалізоўваць місію сістэмы дадатковай адукацыі ў нашым грамадстве.
Развіваючы новыя напрамкі, цэнтр паралельна ўдасканальвае традыцыйныя. Так, не будзе перабольшаннем назваць своеасаблівымі брэндамі прафесійнай адукацыі такія маштабныя мерапрыемствы, як Рэспубліканскі фестываль тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Беларускі вянок” і Рэспубліканскі злёт рацыяналізатараў і вынаходнікаў навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, дзе дэманструецца дзейнасць нашых устаноў па арганізацыі і развіцці тэхнічнай і інавацыйнай творчасці, выяўленні юных талентаў. Такія мерапрыемствы ахопліваюць тысячы навучэнцаў і педагогаў. З кожным годам гэты рух расце і набывае ўсё новыя кірункі. У мінулагоднім Рэспубліканскім аглядзе мастацкай і тэхнічнай творчасці прынялі ўдзел больш за 250 устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі нашай краіны, якія прадставілі каля 2 тысяч экспанатаў.
Не менш маштабным з’яўляецца Рэспубліканскі злёт рацыяналізатараў і вынаходнікаў, у рамках якога праводзіцца конкурс “Свет адкрыццяў” па розных прафесійных кірунках і конкурс на лепшы сродак навучання. У спаборніцтвах навучэнцы і педагагічныя работнікі абараняюць больш за 200 рацыяналізатарскіх прапаноў і карысных мадэлей, якія рэкамендуюцца для ўкаранення не толькі ў адукацыйны працэс, але і на прадпрыемствах нашай краіны. Акрамя таго, сёння цэнтр арганізоўвае больш за 35 іншых традыцыйных рэспубліканскіх мерапрыемстваў і праектаў, сярод якіх вядомы “Горад майстроў”, конкурс навукова-тэхнічнай творчасці “ТэхнаІнтэлект”, спартакіяда навучэнцаў па тэхнічных відах спорту “ТэхнаСпорт” і іншыя спаборніцтвы.
Развіццю творчасці і прадпрымальніцтва маладых людзей, цікавасці да вынаходніцтва і рацыяналізатарства спрыяе і выстава “ТэхнаЭвалюцыя”, дзе прадстаўлены інавацыйныя праекты, тэхнічныя мадэлі навучэнцаў і педагогаў. Разам з навукова-тэхналагічным паркам БНТУ “Палітэхнік” адкрыта выстава навукова-інавацыйнай прадукцыі ўстаноў вышэйшай адукацыі. Колькасць экспанатаў перавышае 2,5 тысячы,і экспазіцыі пастаянна папаўняюцца новымі.
Як паведаміў дырэктар цэнтра С.М.Сачко, сёння ў цэнтры працягваюць працаваць аб’яднанні па інтарэсах “Творчасць у маёй прафесіі”, напрамкі дзейнасці якіх адпавядаюць профілям падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў. Цяпер дзейнічае 246 аб’яднанняў па інтарэсах, дзе займаецца каля 3 тысяч чалавек. Яны з’яўляюцца метадычнымі лабараторыямі па арганізацыі дадатковай адукацыі навучэнцаў ва ўстановах прафесійнай адукацыі. Так, у прыватнасці, аб’яднанне IT-тэхналогій мае на ўвазе вывучэнне камп’ютарнай графікі, дызайну і анімацыі, 3D-праектавання, асноў праектавання сістэм аховы і відэаназірання, фота- і відэамантажу, распрацоўкі і прасоўвання вэб-сайтаў. Па гэтым кірунку для таленавітай моладзі цэнтр праводзіць Рэспубліканскі конкурс па распрацоўцы камп’ютарных гульняў патрыятычнай накіраванасці “Патрыёт.by” і Рэспубліканскі форум медыятворчасці і праграмавання “Натхненне”. Акрамя таго, цэнтр з’яўляецца месцам правядзення ў тым ліку міжнародных кантактна-кааперацыйных бірж, конкурсаў даследчых работ, фестываляў інавацыйных ідэй і спаборніцтваў. Яскравым прыкладам такога міжнароднага супрацоўніцтва з’яўляецца спаборніцтва па авіямадэльным спорце “Белы бусел”, на які прыязджаюць прадстаўнікі іншых краін.
Як адзначыў С.М.Сачко, асаблівую ўвагу цэнтр удзяляе метадычнаму забеспячэнню ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі па рэалізацыі праграм аб’яднанняў па інтарэсах, звязаных з тэхнічным мадэляваннем, энергетыкай і электратэхнікай, інфарматыкай, вылічальнай тэхнікай і мультымедыйнымі тэхналогіямі, з навуковымі даследаваннямі ў галіне энергазберагальных тэхналогій, у авіяцыі, касманаўтыцы і іншых. Свае лепшыя праекты маладыя даследчыкі прадстаўляюць на конкурс навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты XXI стагоддзя”. Як бачна, сёння Цэнтр развіцця інавацыйнай і тэхнічнай творчасці дае шырокі прастор для творчай рэалізацыі нашай моладзі і ўстойліва захоўвае тыя багатыя традыцыі, якія назапасілі для сённяшняй прафесійнай адукацыі іншыя пакаленні.

Ала КЛЮЙКО.