Дональд Трамп афіцыйна стаў кандыдатам у прэзідэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі. Як паведамляюць СМІ, мільярдэр зацверджаны ў кандыдаты па выніку галасавання дэлегатаў на нацыянальным рэспубліканскім з’ездзе, які прайшоў у Кліўлендзе 19 ліпеня.
Як інфармуюць СМІ са спасылкай на тэлеканал CNN, нягледзячы на дэманстрацыі пратэсту супраць вылучэння Трампа, якія прайшлі на з’ездзе, мільярдэр змог набраць патрэбныя 1237 галасоў.
Перашкодай для Трампа маглі стаць і абвінавачанні яго жонкі Меланіі Трамп у плагіяце. Раней стала вядома, што ў тэксце прамовы, з якой яна выступала ў першы дзень з’езда, былі выяўлены фрагменты, якія нагадваюць прамову Мішэль Абамы ў 2008 годзе. Тады Барак Абама вылучаўся на свой першы прэзідэнцкі тэрмін. Аднак Трамп не стаў апраўдвацца і проста праігнараваў гэтыя абвінавачанні.
У выніку Дональд Трамп будзе змагацца за прэзідэнцкае крэсла супраць экс-дзяржсакратара ЗША Хілары Клінтан. Паведамляецца, што афіцыйна яе кандыдатура будзе вылучана на партыйным з’ездзе Дэмакратычнай партыі ўжо на наступным тыдні.
Стала вядома таксама, што на гэтым з’ездзе быў вылучаны кандыдат на пасаду віцэ-прэзідэнта. Ім названы губернатар Індыяны Майк Пенс.