Трапілі ў дзясятачку!

- 12:03Актуально, Апошнія запісы

У аўторак вырашылася галоўная інтрыга для маладых вынаходнікаў Беларусі. З дзвюх тысяч інавацыйных праектаў і навукова-тэхнічных распрацовак, якія былі пададзены на конкурс “100 ідэй для Беларусі” ў 2014 годзе, у фінал выйшлі сто, а ўжо з іх была выбрана дзясятка лепшых. Традыцыйна арганізатарам конкурсу выступіў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.

Эканоміка чакае прарыўных ідэй

Адным з першых маладзёжныя інавацыі і іх патэнцыял ацаніў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч.
“Праекты, якія выйшлі ў фінал конкурсу, сталі для мяне адкрыццём, — прызнаўся Міхаіл Уладзіміравіч. — Здавалася б, у пэўных галінах нешта новае ўжо складана прыдумаць, а моладзь знаходзіць удалае рашэнне”. Ён выказаў пажаданне, каб наватары больш актыўна прапаноўвалі свае праекты і ў эканамічнай сферы. “Мы бачым, што традыцыйнай эканоміцы неабходна абнаўленне. Трэба фарміраваць новую вытворчасць, тэхналагічныя ўклады. Не замест старых, а ў дапаўненне да іх. Таму ўсе прапановы, якія тычацца, напрыклад, біятэхналогій, маюць вялікі патэнцыял”.
Вынікі чарговага конкурсу падвёў і Ігар Бузоўскі, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які і быў арганізатарам гэтага конкурсу тры гады назад. “Першыя крокі мы рабілі з асцярожнасцю, бо не ведалі, ці будзе конкурс падтрыманы моладдзю, ці будзе цікавы структурам, закліканым займацца навукай, адукацыяй. Але мы не прагадалі. Конкурс з кожным годам прырастае, кожны яго ўдзельнік знаходзіць сваю нішу, прычым часта зусім не тую, якую мы плануем. Мы б хацелі атрымаць ідэі, прарыўныя для краіны, для эканомікі, для сацыяльнай сферы, а часта атрымліваем нешта іншае, але не менш значнае. Мы атрымліваем фарміраванне ў моладзі імкнення да самаўдасканалення, да развіцця. А гэта куды больш важная перамога, чым тыя вузкапрофільныя, у якіх мы і вызначаем пераможцаў”.

У трэндзе — робаты

Кожны аўтар, працуючы над сваім праектам і падаючы заяўку на конкурс, марыў, што менавіта яго работа стане лепшай. Бо перамога — значыць атрыманне гранта на яго рэалізацыю. А гэта ўжо магчымасць пераўтварыць ідэю ў прадукт, перанесці яго з паперы ў жыццё. Так, экспазіцыю выставы-прэзентацыі склалі сто праектаў. Усе яны ў 2014 годзе атрымалі высокую ацэнку абласных і мінскага гарадскога экспертных саветаў конкурсу. Нацыянальны выставачны комплекс “БелЭкспа” быў разбіты на пяць інтэрактыўных пляцовак: прамысловыя тэхналогіі і вытворчасць, медыцына, ахова здароўя і біятэхналогіі, ІТ-праекты і робататэхніка. Менавіта сярод іх і была вызначана топ-дзясятка пераможцаў. Яе мы і прадстаўляем вашай увазе.
З ранку да самага вечара каля экспазіцыі Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі не было дзе яблыку ўпасці. Тут робаты зрабілі сапраўдны фурор. У прыватнасці, яны самастойна шукалі выхад з лабірынта, далі фору прафесійным хакеістам, спрытна забіваючы галы ў вароты, — аўтары праекта зрабілі гульнявое поле для роба-хакея. Ад жадаючых узяць у рукі пульт і паспрабаваць кіраваць танкаробатамі не было адбою. Члены журы падтрымалі аўтараў праекта: Сяргея Герасюту, загадчыка сектара робататэхнікі, Рыгора Пракаповіча, вядучага навуковага супрацоўніка, і Уладзіслава Сычова, навуковага супрацоўніка згаданай установы, якія прапанавалі праводзіць у Беларусі рэгулярныя нацыянальныя спаборніцтвы робатаў па правілах, аналагічных спартыўным. А ў перспектыве, магчыма, будуць і спаборніцтвы міжнароднага ўзроўню.
Неад’емнай часткай праекта гэтай жа ўстановы стала распрацоўка нацыянальнага вучэбна-метадычнага комплексу па тэхналогіях робататэхнікі для вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і школ. У яго аснове — робататэхнічны канструктар у празрыстым пластыкавым корпусе, што, па словах аўтара, зробіць празрыстай і відавочнай для навучэнцаў работу саміх механізмаў.
Нягледзячы на тое, што другі пераможца ў гэтай намінацыі Аляксандр Дубавіцкі, навучэнец гімназіі № 29 Мінска, яшчэ школьнік, яго робат нездарма выклікаў у прысутных шматзначную паўзу. Не ўсе адразу згаджаліся верыць, што робату, “прафесійнаму” пыласосу, можна надаць цэлы спектр функцый: спецыяліста службы па надзвычайных сітуацыях, паведамляльніка, картабудаўніка, метэаролага, замяняльніка любой энцыклапедыі ці проста субяседніка. Падрабязна з распрацоўкай Аляксандра мы знаёмілі нашых чытачоў у адным з апошніх нумароў.
Тое, што робататэхніка сёлета ў трэндзе, канчаткова даказаў і Арсеній Коласаў з сярэдняй школы № 34 Гродна — яшчэ ад зін знаёмы нашым чытачам вынаходнік. Яго біяморфны робат ужо заваяваў перамогу на шматлікіх конкурсах, у тым ліку і на абласным этапе конкурсу, а цяпер трапіў і ў дзясятку лепшых праектаў краіны. У яго аснове таксама поліфункцыянал. “На яго прынцыпах можна распрацаваць універсальны транспартны сродак для бытавой, медыцынскай і ваеннай сфер, здольны прыстасоўвацца да любых умоў перамяшчэння. А можна ствараць і больш складаныя мадэлі — экзашкілет, андроід, “разумны” пратэз”, — расказаў Арсеній.

За бяспеку і прыгажосць

У намінацыі “Прамысловыя тэхналогіі і вытворчасць” перамогу атрымалі таксама тры праекты. Так, Павел Максімаў, старшы выкладчык Камандна-інжынернага інстытута МНС Рэспублікі Беларусь, прапанаваў забяспечваць пажарныя аварыйна-выратавальныя падраздзяленні генератарамі пажаратушыльнага аэразолю. Як патлумачыў аўтар, за кошт ахалоджвання пажаратушыльнай сумесі прыстасавання павялічыцца эфектыўнасць тушэння пажараў і бяспекі ратавальнікаў-пажарных. Генератар таксама можа быць выкарыстаны для абароны людзей і матэрыяльных каштоўнасцей ва ўсіх відах транспарту і аб’ектах рознага прызначэння.
Дзмітрый Бусел, навуковы супрацоўнік Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі НАН Беларусі, таксама выступае за бяспеку. Ён распрацаваў унікальны матэрыял для стварэння палос для пешаходных пераходаў і прыпынкаў, на якіх немагчыма будзе паслізнуцца ні ў галалёд, ні ў дождж.
Вераніка Клюева, чацвёртакурсніца Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа швейнай вытворчасці, як і належыць дзяўчыне, клапоціцца пра прыгажосць і моду. Яна — суаўтар калекцыі мадэляў адзення “Віленскі шлях”. Пакуль гэта пяць камплектаў жаночага адзення з ільняных тканін натуральных нявыбеленых колераў, аздобленых ручной і машыннай вышыўкай “па сетцы — філейнай” і “мярэжкай” з элементамі і сімваламі Рэчы Паспалітай.

Прэпараты са статусам “не мае аналагаў”

Асабліва амбіцыйнымі распрацоўкі аказаліся ў медыцыне. Так, Дзяніс Адамчык і Сяргей Саламевіч, малодшыя навуковыя супрацоўнікі Навукова-даследчага інстытута фізіка-хімічных праблем УП “Унітэхпрам БДУ”, распрацавалі проціпухлінныя прэпараты для прафілактыкі анказахворванняў “Праспідэлонг” і “Тэмадэкс”, аналагаў якім у свеце няма. Блізкі па дзеянні амерыканскі прэпарат хоць значна саступае па эфектыўнасці, каштуе ў сотні разоў даражэй за распрацоўку нашых суайчыннікаў.
На імпартазамяшчэнне медыкаментаў арыентавалася і Настасся Лапко, аспірант, малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута біяарганічнай хіміі НАН Беларусі. У полі яе ўвагі — рэўматоідны артрыт і сістэмная чырвоная ваўчанка. “Замежныя сарбенты на аснове В-дамена пратэіну А каштуюць вельмі дорага, хоць і даказана, што яны выклікаюць шэраг негатыўных пабочных эфектаў, з-за чаго падобныя прэпараты ў Беларусі не выпускаюцца. А стварэнне гэтага гемасарбенту на аснове прынцыпова новага ліганда, які не мае сусветных аналагаў, пераўзыходзіць усе існуючыя прэпараты, істотна выйграючы ў кошце”, — тлумачыць на сваёй, медыцынскай мове ўнікальнасць распрацоўкі Настасся. Акрамя таго, што гэты праект увайшоў у дзясятку лепшых, яго аўтар атрымала яшчэ і грант ад Міжнароднага фонду супрацоўніцтва і партнёрства Чорнага мора і Каспійскага мора ў памеры 10 млн рублёў.
Арыгінальны прэпарат распрацавала і Наталля Шчамялёва, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай ветэрынарыі імя С.Вышалескага. Гэта комплексны прэпарат для ветэрынарыі, галоўнае ў ім тое, што разам з проціпаразітарным дзеяннем ён валодае яшчэ і імунастымулюючымі і прэбіятычнымі ўласцівасцямі.

Музей віртуальны, тэатр рэальны

У намінацыі “Інфармацыйныя тэхналогіі” перамога дасталася Леаніду Ганчару, навучэнцу сярэдняй школы № 12 Гродна і аўтару праекта “Віртуальны музей тэхнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны”. Гэта ўжо гатовы інфармацыйна-адукацыйны прадукт, які трэба будзе толькі папаўняць. Усе мадэлі тэхнікі можна выкарыстоўваць для стварэння анімацыйных фільмаў у 3D-графіцы і фільмаў-рэканструкцый, ілюстрацый пры вывучэнні гісторыі.
Спецыяльнай намінацыі экспертнага савета ўдастоены праект Марыі Воінавай, студэнткі МДЛУ “Тэатр для дзяцей “Разам у казку”. Усе студэнцкія пастаноўкі адаптаваны да разумення і асэнсавання дзецьмі з парушэннямі інтэлекту. Праект дзейнічае ўжо на працягу двух гадоў і з кожным месяцам пашырае сваю “тэатральную” геаграфію: ахоплівае ўсё больш і больш дзіцячых дамоў, прытулкаў і іншых устаноў не толькі ў Мінску, але і ў вобласці.

Поспех забяспечыць граматны бізнес-план

Тое, што многія маладзёжныя ідэі з фінальнай сотні годныя, адзначыў і Павел Гейзлер, член журы, прафесар кафедры эканомікі прамысловых прадпрыемстваў БДЭУ, дырэктар Саюза юрыдычных асоб “Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальнікаў”. Але ён выказаў сваю заклапочанасць тым, што часта гэтыя ідэі губляюцца з-за абы-як зробленых бізнес-планаў — аднаго з галоўных складнікаў эканамічнай выгады ад праекта.
“Нашай эканоміцы на ўсіх узроўнях не хапае граматнасці, — гаворыць Павел Сяргеевіч. — Надакучыла чуць пра нерэнтабельнасць заводаў, прадпрыемстваў, у якія ўкладваюцца мільярды, пра залежы прадукцыі на іх складах, пра пошукі вінаватых. Я ўпэўнены, вырашэнне гэтай глабальнай для нашай краіны праблемы трэба пачынаць са стартапаў, з бізнес-школ, дзе б слухачы вучыліся ўсё да дробязей прадумваць яшчэ на стадыі ідэі”.
Пра тое, што правядзенне стартап-школ, стартап-уік-эндаў па ўсёй краіне цяпер стане прыярытэтным кірункам БРСМ, заявіла каардынатар Рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу “100 ідэй для Беларусі” Алеся Віннік. З гэтай мэтай тэрытарыяльныя камітэты заключылі дагаворы з гарадскім і абласнымі тэхнапаркамі, дзе ёсць арганізацыі, установы і прадпрыемствы, якія рэалізуюць інавацыйны прадукт. Напрыклад, пагадненні аб узаемным супрацоўніцтве па развіцці стартап-руху, уключаючы арганізацыю і правядзенне конкурсаў бізнес- і інавацыйных праектаў сярод студэнтаў, конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, заключаны паміж Гродзенскім абласным камітэтам і Гродзенскай абласной установай фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў, Віцебскім абласным камітэтам БРСМ і Магілёўскім гарадскім цэнтрам развіцця малога прадпрымальніцтва. Падключыцца маладзёжнаму саюзу да агульнадзяржаўнай праграмы рэалізацыі стартап-мерапрыемстваў дапамагае і Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь. Толькі на бягучы год запланавана 29 такіх вучэбных мерапрыемстваў па ўсёй краіне.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і Лізаветы ДАБРЫЦКАЙ.