Ад класічнай адукацыі да смарт-тэхналогій
Чым характарызуецца якасць адукацыі ў агульнаадукацыйнай установе? Высокім узроўнем ведаў яе навучэнцаў, руплівай працай педагогаў, накіраванай на развіццё конкурснага і алімпіяднага руху, гарманічным спалучэннем класічнай і дадатковай адукацыі, што дапамагае кожнаму навучэнцу рэалізаваць свой патэнцыял. Аб гэтым наша размова з дырэктарам гімназіі № 10 Мінска старшынёй Савета асацыяцыі кіраўнікоў устаноў адукацыі Марынай Аляксандраўнай Ільіной. Асацыяцыя знаходзіцца пад эгідай грамадскага аб’яднання “Беларускае педагагічнае таварыства”.
Якаснае навучанне
“Асноўная мая задача як кіраўніка адукацыйнай установы — стварыць для навучэнцаў такія ўмовы, пры якіх паўнацэнна будзе развівацца адоранасць дзяцей, прычым кожнага з іх, — расказвае Марына Аляксандраўна. — Адзін з кірункаў развіцця нашай гімназіі — выкарыстанне сучасных інфармацыйных тэхналогій, што вельмі дапамагае гімназістам, стымулюе іх да ўдзелу ў конкурсах. Нашы педагогі займаюць прызавыя месцы ў рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Гімназія ўдзельнічае зараз у гарадскім конкурсе на лепшы сайт установы адукацыі. Ідзе падрыхтоўка да конкурсаў “ІТ-педагог” і “ІТ-вучань”.
Інавацыйны праект нашай установы “Smart-адукацыя” быў адзначаны грантам Мінгарвыканкама. Smart у перакладзе азначае “разумны”, “інтэлектуальны”. Што тычыцца адукацыі, то гаворка ідзе аб выкарыстанні сучасных электронных тэхналогій, прымяненне якіх магчыма пры калектыўным і індывідуальным навучанні, але немагчыма без удзелу педагогаў”. У гімназіі сёння ёсць smart-класы, навучэнцы якіх акрамя агульнай сярэдняй адукацыі атрымліваюць на выбар дадатковую падрыхтоўку. Яны наведваюць факультатывы і гурткі па фізіцы, матэматыцы, праграмаванні, робататэхніцы. Пачынаючы з 5 класа гімназісты засвойваюць азы праграмавання. Заняткі па фізіцы таксама праводзяцца з 5 класа. Настаўніца фізікі Таццяна Эдуардаўна Шарамед распрацавала праграму дадатковых заняткаў па прадмеце, якія праводзяцца ў гуртку. Галоўнай сваёй задачай яна лічыць абуджэнне ў вучняў цікавасці да фізікі. На занятках педагога дзеці праводзяць рэальныя і віртуальныя эксперыменты. Дадатковыя веды, якія атрымліваюць гімназісты, дапамагаюць ім вызначыць сферу сваіх інтарэсаў, а некаторым нават выбраць кірунак прафесійнай дзейнасці.
Гімназісты прымаюць удзел у рабоце разнастайных летнікаў — лінгвістычных, матэматычных, фізічных, якія арганізоўваюцца на базе ўстановы. Яна заключыла дагавор аб супрацоўніцтве з Маскоўскім фізіка-тэхнічным інстытутам, Вышэйшай школай эканомікі Санкт-Пецярбурга. Спецыялісты гэтых устаноў праводзяць у летніках стажыровачныя трэнінгі, майстар-класы як для вучняў, так і для педагогаў.
Не так даўно гімназія прыняла ўдзел у інавацыі, прапанаванай Міністэрствам адукацыі па выкарыстанні ў адукацыйным працэсе легатэхналогій. Педагогі склалі праграмы па легаканструяванні, якое сёння выкарыстоўваецца ў гімназіі як на асноўных, так і на дадатковых занятках. У кожнай паралелі ёсць два класы, якія займаюцца па легатэхналогіях.
Адораных вучняў прыкмячаюць ва ўстанове яшчэ са школы ранняга развіцця для дашкольнікаў, якая існуе пры гімназіі. З 1 класа дзеці, як правіла, пачынаюць наведваць факультатыўныя заняткі на выбар, а таксама заняткі гімназічнага навуковага таварыства “Праменьчык”. Яны актыўна рыхтуюцца да ўдзелу ў навукова-практычных канферэнцыях. У бягучым навучальным годзе гімназісты заваявалі пяць дыпломаў на гарадскім фестывалі “Пазнанне і творчасць”. Навучэнцаў, якія праявілі свае адмысловыя здольнасці ў пачатковай школе, “падхопліваюць” і вядуць далей настаўнікі сярэдняй школы. Напрыклад, настаўніца матэматыкі Галіна Мікалаеўна Мяркулава набірае сваю групу навучэнцаў пачынаючы з 5 класа і пераважна працуе з імі індывідуальна. І вынікі не прымушаюць сябе чакаць: яе вучні перамагаюць на гарадскіх і рэспубліканскіх алімпіядах па матэматыцы.
Ёсць у гімназістаў поспехі і на алімпіядах па англійскай мове, фізіцы, беларускай мове і грамадазнаўстве. Зараз шасцёра нашых навучэнцаў рыхтуюцца да рэспубліканскіх прадметных алімпіяд. Гімназія № 10 Мінска ўвайшла ў дзясятку сталічных устаноў адукацыі па выніках удзелу навучэнцаў у алімпіядах.
Дасягаюць вынікаў вучні і ў навуковых канферэнцыях па беларускай мове, біялогіі і фізіцы. Сёння гімназісты маюць магчымасць карыстацца абсталяваннем біялагічнага факультэта БДУ для правядзення сваіх доследаў і эксперыментаў.
“Самая галоўная задача нашай установы — прадаставіць розным дзецям з неаднолькавымі здольнасцямі магчымасць праяўляць сябе ў разнастайных сферах, а не абмяжоўвацца рамкамі некалькіх прадметаў, — адзначае Марына Аляксандраўна. — Такая магчымасць з’явілася дзякуючы адкрыццю ў гімназіі профільных класаў — фізіка-матэматычнага і хіміка-біялагічнага, а таксама класа, дзе на павышаным узроўні вывучаюцца матэматыка і англійская мова, і класа, дзе профільнымі з’яўляюцца англійская і руская мовы.
У сценах гімназіі нашы навучэнцы раскрываюць свае творчыя магчымасці — мастацкія, музычныя, харэаграфічныя — і прывозяць, адпаведна, узнагароды з міжнародных творчых конкурсаў і фестываляў. Традыцыйна адзначаюцца і дасягненні нашага народнага калектыву цымбалістаў і ансамбля баяністаў. А танцавальныя калектывы гімназіі і нашы вакалісты пастаянна выступаюць на мерапрыемствах, якія ладзяцца на гарадскіх пляцоўках.
На працягу многіх гадоў нашы выпускнікі паказваюць высокі ўзровень ведаў падчас цэнтралізаванага тэсціравання. Прыкладна 10—15 юнакоў і дзяўчат штогод атрымліваюць на іспытах больш як 90 балаў. Варта адзначыць, што ўсе нашы выпускнікі (100%) паступаюць у ВНУ”.
Эфектыўнае кіраванне
Гімназія № 10 Мінска з’яўляецца інавацыйнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі па кіраўніцкай дзейнасці. У калектыве ўстановы распрацоўваецца мадэль: як палепшыць якасць кіравання, каб гэта паўплывала на павышэнне якасці адукацыі.
Марына Аляксандраўна ўжо трэці год узначальвае гімназію № 10. Да гэтага на працягу 13 гадоў была намеснікам дырэктара гімназіі № 1 Мінска імя Францыска Скарыны, а перад тым — тры гады намеснікам дырэктара гімназіі № 12. Чатыры гады Марына Аляксандраўна кіравала сярэдняй школай № 25 Мінска, якая з’яўляецца апорнай школай па развіцці інклюзіўнай адукацыі.
“Кожны мае права на адукацыю, — гаворыць яна. — Калі бацькі папросяць нас узяць да сябе дзіця з абмежаваннямі, ніякіх перашкод не ўзнікне. Дзіця нароўні з усімі здае экзамены і пры паспяховым выніку паступае да нас. У мінулым годзе прахадны бал быў 57, і паступіць да нас змог толькі кожны другі. Тым не менш сярод нашых навучэнцаў ёсць дзеці з інваліднасцю (па зроку, па слыху). Для іх мы стварылі належныя ўмовы, акружылі клопатам і ўвагай.
Калектыў супрацоўнікаў гімназіі, навучэнцы і бацькі прымаюць удзел у дабрачынных мерапрыемствах, напрыклад, у кірмашах-распродажах, сродкі ад якіх ідуць на добрыя справы — пералічваюцца на рахункі арганізацый, якія маюць патрэбу ў дапамозе, або накіроўваюцца асобным дзецям на лячэнне. Мы дапамагаем і дзецям з аўтызмам, пад нашай апекай, напрыклад, выхаванцы дзіцячага дома № 3 Мінска, дзеці з мнагадзетных сем’яў. Па гэтых пытаннях узаемадзейнічаем з Чырвоным Крыжам.
Упэўнена, што нашы гімназісты заўсёды будуць вылучацца не толькі сваім высокім інтэлектам і творчымі здольнасцямі, але і высокімі маральнымі якасцямі, дабрынёй, спагадай, талерантнасцю”.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.