Трапныя і хуткія

- 8:50Апошнія запісы, Спартыўныя падзеі

Пра лыжы, канькі і іншыя снежныя актыўнасці мы пішам часта — зіма стварае магчымасці, якія неразумна прапускаць. На гэты раз нагода асаблівая, бо, акрамя захапляючых спартыўных спаборніцтваў і адчування свята, мінулыя выхадныя падарылі нашаму біятлону светлую будучыню ў асобе новых зорачак.

Міністр адукацыі Андрэй Іванец віншуе юных біятланістаў.

Шанс на мару

Усё дзякуючы рэспубліканскім спаборніцтвам сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, фінальны этап якіх прайшоў з 11 па 13 лютага ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту “Раўбічы”. Спаборніцтвы аб’ядналі 168 спарт­сменаў-аматараў, якія пераадолелі тры адборачныя этапы і выйгралі канкурэнцыю ў 24 тысяч навучэнцаў з усёй краіны. Лепшыя з лепшых прыехалі на лыжню яшчэ ў пачатку мінулага тыдня. Нягледзячы на свой узрост, юныя біятланісты выдатна разумеюць, што ў аснове перамог ляжыць якасная пад-
рыхтоўка да спаборніцтваў.

У Раўбічах “снежныя снайперы” атрымалі магчымасць канкурыраваць ва ўнікальных умовах: біятлонныя дробнакаліберныя вінтоўкі, стадыён сусветнага ўзроўню, новая спартыўная форма, прамая трансляцыя… І, вядома ж, увага з боку прадстаўнікоў Беларускай федэрацыі біятлона, якія правядуць тэсціраванне і адбяруць найбольш таленавітых дзяцей для заняткаў іх любімай дысцыплінай на больш сур’ёзным узроўні. У мінулыя гады ў турніры ўдзельнічалі спартсмены, якія здолелі трапіць у склад маладзёжнай і нацыянальнай зборнай нашай краіны. На такі ўзровень уздымаюцца толькі самыя дастойныя, але ў падлеткаў было шмат магчымасцей пака­заць сябе з лепшага боку.

У ліку арганізатараў спаборніцтваў Прэзідэнцкі спартыўны клуб, Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства адукацыі, Беларуская федэрацыя біятлона, Мінскі гарвыканкам і Мінскі аблвыканкам.

Вырашаюць долі секунды

За два спаборніцкія дні адбылося 15 гонак. Сёлета акрамя класічных відаў праграмы — спрынту і змешанай эстафеты — удзельнікаў чакаў мас-старт. Тут сярод юнакоў старэйшай узроставай групы 1-е месца заняў мінчанін Раман Максімаў, які адстраляўся без промахаў і пераадолеў дыстанцыю за 7 мінут 42,8 секунды. За другую прыступку п’едэстала разгарнулася сур,ёзная барацьба. Кірыл Санько з Гродзенскай і Антон Маслянкоў з Гомельскай вобласці да самага фінішу ішлі плячо ў плячо, але на апошніх метрах Кірыл змог вырваць перамогу, апярэдзіўшы візаві ўсяго на 0,6 секунды.

У мас-старце сярод дзяўчат першынствавала Улада Шантар з Мінска. Дзяўчына не дапусціла промахаў на стрэльбішчы і фінішавала першай. Адставанне Кацярыны Шчарбаковай з Гомельскай вобласці, якая заняла 2-е месца, склала 14,9 секунды. Трэцяй стала Паліна Сяргейчык, якая прадстаўляе Брэсцкую вобласць.

У спрынце сярод хлопцаў старэйшага ўзросту перамогу атрымаў Уладзіслаў Саковіч з Мінска. Яго найбліжэйшы праследавацель — магіляўчанін Міхаіл Юбко — фінішаваў праз 10 секунд. 3-е месца заняў Павел Жураўлёў, які таксама прадстаўляе Магілёўскую вобласць.

Асабліва канкурэнтным атрымалася супрацьстаянне ў дзяўчат сярэдняй узроставай катэгорыі. І Аляксандра Александровіч, і Вікторыя Вайцюк уваходзяць у зборную Мінска. Але гэта не перашкодзіла юным спартсменкам разгарнуць сапраўдную гонку на фінішнай прамой. Першай перасекла фінішную стужку Аляксандра, а Вікторыя адстала ўсяго на 2 секунды. Трэцяй прыйшла Мілана Раманюк з Гро­дзенскай вобласці.

Хто № 1?

Завяршыўся турнір змешанымі эстафетамі. Гэта асаблівы від спаборніцтваў, калі барацьба ідзе не за асабісты вынік, а за выніковае месца ўсёй каманды. У старэйшай і сярэдняй узроставых групах не было роўных калектывам Мінска. Сярод падлеткаў 14—15 гадоў пераможцамі сталі Варвара Чакушкіна, Аляксандра Рабека, Андрэй Дараховіч і Уладзіслаў Саковіч — спартсмены на мінуту апярэдзілі біятланістаў з Магілёўскай вобласці і на дзве — Мінскай вобласці. У катэгорыі “12—13 га­доў” першымі фінішавалі Аляксандра Александровіч, Вікторыя Вайцюк, Міхаіл Банад і Мацвей Коржык. Другімі прыйшлі біятланісты з Мінскай вобласці, трэцімі — з Гомельскай. А сярод хлопчыкаў і дзяўчынак 10—11 гадоў першынствавалі прадстаўнікі Магілёўскай вобласці — Надзея Яўсеенка, Лізавета Лайкова, Аляксей Каваленка і Раман Дашкевіч. Сярэбранымі прызёрамі гонкі сталі страляючыя лыжнікі з Гомельскай вобласці, бронзавымі — са сталіцы.

Пераможцай у агульным медальным заліку стала зборная Мінска. Па выніках двух спаборніцкіх дзён юныя спартсмены з гэтай каманды здабылі 16 узнагарод. З іх — 6 залатых, 6 сярэбраных і 4 бронзавыя. На другой пазіцыі каманда Магілёўскай вобласці — 9 медалёў. 3—4-е месцы падзялілі прадстаўнікі Мінскай і Гродзенскай абласцей, якія заваявалі 5 узнагарод.

“Залаты” хлопец

Спаборніцтвы атрымаліся вельмі яркімі, а фінальная гонка і зусім прайшла амаль што па галівудскім сцэнарыі. Від праграмы — змешаная эстафета, удзельнікі — малодшая ўзроставая група. Са старту лідарства захапілі біятланісты з Гомельскай вобласці — яны былі дакладнымі на агнявых рубяжах і паказвалі выдатны час праходжання дыстанцыі. Калі на лыжню выйшаў апошні прадстаўнік гэтай каманды, адрыў ад праследавацеляў перавышаў 30 секунд. Другімі ішлі юныя спарт­смены з Магілёва. Яны не здолелі супрацьстаяць стартаваму рыўку гамяльчан, але і не давалі апанентам расслабіцца.

Іх фінішор Раман Дашкевіч хацеў не проста выступіць годна, але паспрабаваць адыграць паўмінутнае адставанне. Хлопец са старту рынуўся наперад. Ён наогул не эканоміў сіл, бо апошняя гонка — самы час паказаць свой максімум. Праходзіў дыстанцыю вельмі хутка, страляў беспамылкова, і варта было лідарам дапусціць недакладнасць, як ён тут жа ёй скарыстаўся. Раман здолеў вырвацца наперад, а на фінішнай прамой развіў такую хуткасць, што ні ў кога не засталося сумненняў: у гэтага хлопца чэмпіёнскі характар.

— Біятлон — вельмі круты від спорту, — сказаў Рома. — І пага­няць з ветрыкам можна, і пастраляць. Вядома, каб паказаць вынік, неабходна шмат працаваць. Мне ўдалося перамагчы менавіта дзякуючы трэніроўкам. Кожны дзень пасля школы я адпраўляўся на лыжню і адпрацоўваў правільную тэхніку. У наступным годзе таксама буду ўдзель­нічаць і паспрабую выступіць яшчэ лепш.

Дарэчы, Раман прынёс магілёўскай дружыне “золата” яшчэ і ў спрынце, апярэдзіўшы мінчаніна Багдана Бобрыка на 10 секунд.

Смак перамогі

З кожным годам “Снежны снайпер” набірае ўсё большую папулярнасць. Раённыя, гарадскія, абласныя і рэспубліканскія спаборніцтвы даюць дзецям і падлеткам правільны жыццёвы пасыл — актыўна займацца спортам. Такія турніры — выдатны стымул выхаваць характар і мэтанакіраванасць, а ўдзел у фінале становіцца для юных біятланістаў сапраўдным святам. Павіншаваць юных спартсменаў, уручыць ім узнагароды і прызы прыехалі намеснік прэм,ер-міністра Ігар Петрышэнка, міністр адукацыі Андрэй Іванец, міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук, кіраўніцтва Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, Беларускай федэрацыі біятлона, Мінгарвыканкама і Мінаблвыканкама.

— “Снежны снайпер” прайшоў па-сапраўднаму святочна і яскрава, — падвёў вынікі міністр адукацыі Андрэй Іванец. — Спаборніцтвы ахапілі кожны куток нашай краіны, а колькасць удзельнікаў перавысіла 24 тысячы. Сёння вельмі важна далучаць моладзь да заняткаў фізкультурай і здаровага ладу жыцця. Нельга абысці бокам і спорт вышэйшых дасягненняў, бо на такіх масавых турнірах запальваюцца новыя зорачкі, якія потым атрымаюць шанс выйсці на міжнародны ўзровень. На “Снежным снайперы” дзеці і падлеткі робяць першыя крокі, спрабуюць салодкі смак перамогі. Яны памацнеюць, адчуюць, што можна крочыць наперад, і пой­дуць у спорт высокіх дасягненняў.

Дзмітрый АРХІПЕНКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.