Галоўнае для палітыкаў — не ставіць людзей у нечалавечыя ваенныя ўмовы. Такое меркаванне выказаў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота ў Мінску ў час міжнароднага форуму “Вялікая Перамога, здабытая адзінствам”.
Рыгор Рапота, у прыватнасці, выказаў сваю павагу да ветэранаў і загінуўшых герояў, якія вынеслі на сваіх плячах цяжар Вялікай Айчыннай вайны. Паводле яго слоў, перамога ў ёй — гэта перамога народа, які ілюструе воінскую доблесць і самаахвярнасць. “Вайна ставіць чалавека ў нечалавечыя ўмовы. Цяжка вінаваціць людзей, якія выконваюць свой абавязак і не заўсёды паводзяць сябе гэтак жа маральна, як гэта адбываецца ў мірны час. Скажам, біблейская запаведзь “не забівай” на вайне проста не працуе. Калі ты не заб’еш ворага, ён заб’е цябе. Гэта пытанне філасофскае. Але самае галоўнае, напэўна, для палітыкаў — не ставіць людзей у гэтыя нечалавечыя ўмовы”, — лічыць дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы.
Ён звярнуў увагу на тое, што ў час Вялікай Айчыннай вайны шматнацыянальная савецкая армія была пастаўлена перад трагічнай неабходнасцю забіваць праціўніка ў імя выратавання Радзімы. “Калі мы гаворым аб тым, што цяжка застацца чалавекам у нечалавечых умовах, мы асабліва цэнім праяўленне высакароднасці”, — сказаў Рыгор Рапота. У якасці прыкладу ён прывёў гісторыю савецкага салдата, выхадца з Беларусі, які выратаваў нямецкую дзяўчынку. Старшы сяржант Трыфан Андрэевіч Лук’яновіч служыў на фронце з 1941 года, а 25 красавіка 1945-га пры выратаванні нямецкай дзяўчынкі быў смяротна паранены. “Ён пачуў дзіцячы плач, выбраўся з акопа, узяў гэтую дзяўчынку, а калі ўжо перадаваў яе сваім аднапалчанам, нямецкая куля яго дагнала, і ён загінуў. Подзвіг Трыфана Лук’яновіча натхніў скульптара Яўгена Вучэціча на стварэнне кампазіцыі, якая ў далейшым была ўстаноўлена ў Трэптаў-парку ў Берліне”, — заўважыў дзяржсакратар.
“Гэта праяўленне найвышэйшай высакароднасці ў нечалавечых умовах. Пытанне толькі ў тым, ці варта людзей ставіць у гэтыя ўмовы. Трэба дзесяць разоў падумаць, перш чым звяртацца да зброі”, — падкрэсліў Рыгор Рапота.
На форуме стартаваў новы этап рэспубліканскага патрыятычнага праекта БРСМ “Кветкі Вялікай Перамогі”.
Як адзначыла міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч, якая прымала ўдзел у форуме, праект “Кветкі Вялікай Перамогі”, які стартаваў у год 70-годдзя Вялікай Перамогі па ініцыятыве Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, фактычна з’яднаў нацыю ў адзіным парыве выказаць словы павагі тым, хто цаной свайго жыцця імкнуўся адстаяць родную зямлю. “Гэтую Перамогу мы атрымалі разам, і праекты па гэтай тэме павінны прадаўжацца. Магчыма, свае “Кветкі Перамогі” з’явяцца і ў іншых краінах Садружнасці”, — выказала меркаванне міністр.
Паводле слоў Ліліі Ананіч, сімвалічна, што міжнародны форум у гэтым годзе праводзіцца ў Беларусі — краіне, якая ведае цану міру, заваяванаму ў Вялікай Айчыннай вайне. “Менавіта тут, на беларускай зямлі, фашысцкія захопнікі адчулі ўсю моц савецкага народа, — заўважыла яна. — Менавіта адзінства нашых краін выратавала свет ад фашызму”.
Кіраўнік міністэрства звярнула ўвагу на тое, што Беларусь сваёй міралюбівай палітыкай дэманструе імкненне жыць у добрасуседстве з усімі дзяржавамі. “Вельмі важна, каб Вялікая Перамога заставалася на стагоддзі фундаментам будаўніцтва суверэннай Беларусі, фундаментам выхавання падрастаючага пакалення, паколькі сведак той вайны, на жаль, становіцца ўсё менш і менш”, — сказала яна.
Лілія Ананіч таксама лічыць важным, каб пасылы форуму пераможцаў, які прайшоў у Мінску, былі пачуты за межамі Беларусі. “Важна быць разам, адстойваючы гістарычную праўду, даваць адпор фальсіфікатарам Вялікай Перамогі”, — заўважыла яна. На думку міністра, Беларусь у гэтым плане заўсёды падавала добры прыклад, што відаць у шматлікіх выдавецкіх праектах, рабоце СМІ, стаўленні да гістарычнай спадчыны і памяці аб вайне.
“Патрыятызм павінен праяўляцца ў справах, у любові да сваёй краіны, ва ўшаноўванні старэйшых пакаленняў. Самае галоўнае — жыць у міры”, — пераканана міністр.
Міжнародны форум пераможцаў “Вялікая Перамога, здабытая адзінствам” прайшоў у Мінску з 27 па 29 красавіка. Яго ўдзельнікі — ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікі кіраўніцтва Саюзнай дзяржавы, дзяржаўных органаў краін СНД, экспертнай і навуковай супольнасцей, сродкаў масавай інфармацыі, лідары маладзёжных арганізацый з дзяржаў СНД, Балтыі і Грузіі.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі паліталагічны цэнтр “Поўнач — Поўдзень” і фонд развіцця “Інстытут еўразійскіх даследаванняў” пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД (МФГС) і таварыства “Веды” Расіі. Мэта форуму — захаванне памяці аб перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне як найважнейшай гістарычнай падзеі, што аб’ядноўвае народы былога СССР.