Тры бронзавыя медалі прывезлі нашы таленавітыя юныя матэматыкі з Міжнароднай матэматычнай алімпіяды, якая праходзіла ў горадзе Чыанг Май у Каралеўстве Тайланд з 4 па 16 ліпеня.
Калі хто не ведае, бонза — гэта галоўны манах у будысцкім свеце. Перад бонзам там кленчаць. У яго спавядаюцца. Яго просяць паспрыяць ва ўсіх справах. Яму кажуць у цяжкую адказную хвіліну: “Дапамажы мне…”
Нашы хлопцы — удзельнікі беларускай каманды 56-й Міжнароднай матэматычнай алімпіяды — не кленчылі, не спавядаліся, не прасілі… а проста з гонарам выступілі на гэтым спаборніцтве і заваявалі 3 бронзавыя медалі. Вось яны, нашы героі.
Уладальнікамі бронзавых медалёў сталі навучэнец 11 класа мінскай гімназіі № 41 Аляксей Гапоненка, навучэнец 11 класа мінскай гімназіі № 29 Дзмітрый Вайноў і навучэнец 9 класа гомельскай гімназіі № 51 Ягор Дубовік. Пахвальныя водзывы атрымалі навучэнцы 11 класа Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Валянцін Віцязь і Ягор Лаўрэнаў і дзесяцікласнік са Шчучынскай гімназіі Андрэй Асанаў.
Кіраўнікамі беларускай каманды былі загадчык кафедры вышэйшай матэматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Сяргей Аляксеевіч Мазанік і дацэнт кафедры вышэйшай алгебры і абароны інфармацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта кандыдат фізіка-матэматычных навук Ігар Іванавіч Варановіч.
Дзякуй вам усім, нашы “бронзавыя” матэматыкі і ўсе ўдзельнікі 56-й Міжнароднай матэматычнай алімпіяды! Дзякуй за адказнасць і гонар!
Міжнародная матэматычная алімпіяда (IMO), гэты своеасаблівы чэмпіянат свету па матэматыцы сярод старшакласнікаў, праводзіцца штогод пачынаючы з 1959 года. Тады, упершыню, яна прайшла ў Румыніі з удзелам прадстаўнікоў 7 краін. Сёлета яна сабрала 577 юных матэматыкаў са 104 краін свету.
Нашу краіну прадстаўлялі 6 вышэйназваных навучэнцаў. Ім прапаноўвалася рашыць 6 задач (па тры задачы ў дзень на працягу двух дзён запар), кожная з якіх ацэньвалася ў 7 балаў. Такім чынам, магчымы максімум складаў 42 балы, і такі герой на сёлетняй Міжнароднай матэматычнай алімпіядзе быў — з Канады.
У так званым камандным (нефармальным) заліку наша каманда заняла 39 месца. Першымі сталі амерыканцы, 2 месца ўзялі кітайцы, а 3 месца — паўднёвыя карэйцы. Што цікава, паўночныя суседзі апошніх таксама аказаліся на вышыні: Паўночная Карэя апынулася ў камандным заліку на прэстыжным 4 месцы. Але гэта, яшчэ раз заўважым, нефармальны залік. Медалі на Міжнароднай матэматычнай алімпіядзе выключна індывідуальныя, і ў гэтым сэнсе нам няма на што скардзіцца: 3 бронзавыя медалі на такім прэстыжным спаборніцтве — гэта добры вынік.
Тым не менш адзін з кіраўнікоў нашай каманды Сяргей Аляксеевіч Мазанік не надта задаволены вынікамі. “Мы, безумоўна, разлічвалі, што нам удасца выступіць лепш, — гаворыць Сяргей Аляксеевіч. — Каманда была добрая, падрыхтаваная. Тры хлопцы ўдзельнічалі ў алімпіядзе ў мінулым годзе ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Але трэба сказаць, што наогул усе еўрапейскія каманды сёлета выступілі не вельмі ўдала ў параўнанні з мінулым годам. Наперад рэзка вырваліся азіяцкія краіны. Магчыма, гэта звязана нават з акліматызацыяй”.
Што тычыцца саміх задач, якія прапанавалі рашаць школьнікам, Сяргей Аляксеевіч таксама выказвае пэўнае непаразуменне: “Камплект задач сёлета быў нязручны. Задачы на сярэдні ўзровень аказаліся не сярэднімі, а складанымі. Была, напрыклад, адна задача, якая відавочна не падыходзіць для алімпіяды, а разлічана для даследчых мэт у спакойнай сітуацыі — яна проста распадаецца на падзадачы, рашэнне якіх займае вельмі многа часу…”
Тым часам я стэлефанаваўся і з удзельнікам 56-й Міжнароднай матэматычнай алімпіяды ад беларускага боку навучэнцам 11 класа Ліцэя БДУ Валянцінам Віцязем, які ў мінулым годзе на ММА атрымаў бронзавы медаль, а сёлета пахвальны водзыў. Валянцін з задавальненнем расказаў пра культурную праграму, якую прапанавалі тайцы ўдзельнікам алімпіяды: экскурсіі да храмаў, на самую высокую ў Тайландзе гару Доі Інтанон, у парк сланоў… Майго суразмоўцу асабліва ўразіла, як сланы малявалі: у хобаты ім дрэсіроўшчыкі ўкладвалі фарбы рознага колеру, і тыя стваралі яркія жывапісныя палотны.
— Як вы думаеце, Валянцін, тайландскія сланы хоць крышачку разумелі, што яны ствараюць нешта прыгожае? Ці ўсё гэта чыстая дрэсіроўка? — ці то жартам, ці то ўсур’ёз запытаўся я.
— Дрэсіроўка, — сур’ёзна адказаў мне мой суразмоўца.
І гэтае слова — “дрэсіроўка” — падалося мне ключавым у кантэксце алімпіяды.
Мікола ЧЭМЕР.
Фота Валянціна ВІЦЯЗЯ.