Тры кампаненты, якія ўплываюць на выхаваўчыя магчымасці ўрока, разгледзелі на семінары Акадэміі адукацыі

- 12:09Образование, Портфолио

Выхаваўчы патэнцыял урока замежнай мовы абмяркоўвалі педагогі на рэспубліканскім семінары-практыкуме, які прайшоў пры арганізацыйнай падтрымцы Акадэміі адукацыі ў гімназіі Фаніпаля. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Мадэратарам сустрэчы выступіла Інеса Ула­дзіміраўна Зубрыліна, начальнік Каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця” БДПУ, настаўніца англійскай мовы, настаўнік-метадыст, кандыдат педагагічных навук.

— Існуе мноства адукацыйных тэхналогій для арганізацыі на ўроках актыўнай камунікатыўнай і пазнавальнай дзейнасці вучняў, што з’яўляецца найважнейшай умовай рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу сучаснага ўрока, — адзначыла Інеса Ула­дзіміраўна.

Выхаваўчы кампанент навучання замежнай мове можна прадставіць у адзінстве трох аспектаў.

Анталагічны аспект накіраваны на ўсведамленне каштоўнасці сям’і, дамашняга ачага, асабістай прасторы, сваіх інтарэсаў, здаровага ладу жыцця; сябе грамадзянінам беларускай дзяржавы; усведамленне значнасці навучання для асобаснага развіцця і самавызначэння; фарміраванне ўстойлівай цікавасці да самастойнай дзейнасці, самаразвіцця, самапазнання; адказных адносін да аховы навакольнага асяроддзя.

Сацыяльны аспект накіраваны на выхаванне культуры зносін; фарміраванне патрэбы ў практычным выкарыстанні мовы ў розных сферах дзейнасці; прыняцце маральных каштоўнасцей і фарміраванне цэласнай сістэмы поглядаў на свет; усведамленне значнасці сацыяльна адказных паводзін; удзел у грамадска карыснай працы.

Культуралагічны аспект накіраваны на эстэтычнае ўспрыманне навакольнага свету; фарміраванне ў вучняў павагі і інтарэсаў да культуры і народу краіны, мова якой вывучаецца; праяўленне павагі да нацыянальнай культурнай спадчыны; талерантныя адносіны да праяўленняў іншай культуры; гатоўнасць адстойваць нацыянальныя і агульначалавечыя (гуманістычныя, дэмакратычныя) каштоўнасці, сваю грамадзянскую пазіцыю.

Расказваючы пра кожны з аспектаў, Інеса Уладзіміраўна звярталася да матэрыялаў сваіх аўтарскіх вучэбных дапаможнікаў для навучэнцаў 5—9 і 10—11 класаў “Англійская мова: дыдактычныя і дыя­гнастычныя матэрыялы”, дзе прадстаўлены ў тым ліку планы-канспекты ўрокаў і выхаваўчыя мерапрыемствы па кожнай тэме. Да гэтых дапаможнікаў выйшлі кнігі для настаўнікаў з метадычнымі рэкамендацыямі.

Так, пры вывучэннi тэмы, прысвечанай асобе, характару і знешнасці чалавека, у 7 класе ў якасці выхаваўчага аспекта настаўніца прапануе абмеркаваць, якіх людзей вучні сустракалі ў сваім жыцці, якія рысы характару ім падабаюцца. Далей, прааналiзаваўшы выказванні розных людзей пра сябе і сваiх сяброў, вучняў просяць па аналогii апi­саць сябе i расказаць, якімі яны самі сябе бачаць. У канцы заняткаў дзеці абмяркоўваюць той факт, што ўсе людзі розныя, але пры гэтым роўныя ў сваіх правах.

Гаворачы пра кішэнныя грошы ў 8 класе, вучням можна прапанаваць азнаёмiцца з пунктам гледжання розных людзей на гэтае пытанне, а далей правесцi апытанне, накіраванае на выяўленне іх каштоўнаснай арыентацыі. Для гэтага неабходна прыдумаць некалькi пытанняў-дылем, на якія даволі складана адказаць, бо яны выкліка­юць канфлікт інтарэсаў, неабходнасць здзейсніць асобасны выбар, напрыклад: “Вам прапануюць цікавую работу, але зарплата нізкая. Вы пагодзіцеся?”, “Ваш сябар про­сіць грошай для падарунка яго маме, вы ведаеце, што ён наўрад ці іх верне, вы дасце?”, “Вы аддаяце перавагу дарагім падарункам ці кнізе і букету кветак?”, “Вы выдатны перакладчык і добра зарабляеце. Ваша сястра просіць дапамагчы яе сяброўцы перакласці артыкул бясплатна. Вы пагодзіцеся?”. Такое апытанне стымулюе непадрыхтаванае маўленне дзяцей, пошук аргументаў, эмацыянальны водгук.

Яшчэ адна тэма ўрока ў 8 класе прысвечана складанаму выбару. Для яе абмеркавання настаўнiк прапануе змадэляваць набор нестандартных сітуацый: “Вы пажадаеце мець суседзяў з маленькімі дзецьмі або тых, хто слухае гучную музыку?”, “Уявіце, што ў вас ёсць двухпакаёвая кватэра, якую вы здаяце. Каму з кватарантаў вы аддасце перавагу?” і іншыя.

Часам магчымасць пагля­дзець на звыклыя рэчы з іншага пункту гледжання закладзена ў самой тэме ўрока, напрыклад, “Мыльныя оперы — хобі ці пустая трата часу?”, “Фаст-фуд: “за” цi “супраць”.

— Выхаваўчыя магчымасці заключаны ў трох кампанентах урока замежнай мовы, — гаворыць Інеса Ула­дзіміраўна. — Першы кампанент уключае ў сябе змест матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца на ўроку — тое, на чым базіруецца камунікацыя. Складана сказаць, што не з’яўляецца прадметам абмеркавання на ўроках — звычныя рэчы i дзеяннi, штодзённыя падзеi, звычкi, захапленнi, гісторыя і культура краіны, дзеячы, якія праславілі яе, падзеі і традыцыі. Другі кампанент — асоба настаўніка, бо немагчыма выхаваць тую ці іншую якасць асобы вучня толькі ў працэсе чытання або размовы. Настаўнік павінен служыць прыкладам для навучэнцаў. Можна доўга разважаць аб карысці здаровага харчавання, але пераканаць у тым, што трэба адмовіцца ад фаст-фуда, настаўнік, які сам на перапынку есць гамбургер і п’е кока-колу, не зможа ніколі. Трэці кампанент — метады навучання. Кожны з метадаў навучання і педагагічныя тэхналогіі ўплываюць на выхаванне і развіццё асобы вучня. Гэта традыцыйныя пошукавыя і даследчыя метады, рэпрадуктыўныя і творчыя метады (заданні), метад праектаў, інтэрактыўныя метады. Праектаванне і арганізацыя адукацыйнага працэсу па замежнай мове ажыццяўляецца на аснове патрабаванняў асобасна арыентаванага, кампетэнтнаснага, камунікатыўнага, кагнітыўнага і сацыякультурнага падыходаў у іх адзінстве.

Такiм чынам, сістэма мовы, маўленчыя навыкі і ўменні, правілы функцыянавання моўных сродкаў, веды аб нацыянальна-культурнай спецыфіцы краіны, мова якой вывучаецца, з’яўляюцца складнікамі навучання і развіцця, а змест прадмета, метады навучання і асоба настаўніка выступаюць iнструментамі выхавання, якiя неабходна комплексна i сiстэмна выкарыстоўваць.

Вынік або працэс?

“Выхаванне каштоўнасці грамадзянскасці праз далучэнне вучняў да даследчай дзейнасці” — тэма майстар­-класа Святланы Міхайлаўны Каляды, настаўніцы англійскай мовы, настаўніка-метадыста сярэдняй школы № 6 Жодзіна.

У самым пачатку педагог азнаёміла калег з аўтарскай ма­дэллю выхавання каштоўнасці грамадзянскасці, у аснове якой — індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці.

Святлана Міхайлаўна расказала аб тэарэтычных асаблівасцях арганізацыі даследчай работы з навучэнцамі па англійскай мове: як выбраць тэму даследавання, паставіць мэту і задачы, вызна­чыць прадмет і аб’ект даследавання, якія этапы неабходна выконваць у ходзе работы.

Якой павінна быць тэма даследавання? Тэма павінна быць цікавая дзіцяці, захап­ляць яго, быць арыгінальнай, у ёй можа прысутнічаць элемент нечаканасці, яна прадугледжвае параўнанне і аналіз моўных з’яў, павінна быць даступнай для выканання, несці рэальную карысць удзельнікам даследавання.

Этапы даследавання: 1) выяўленне праблемы і першасная фармулёўка тэмы; 2) вылучэнне гіпотэзы; 3) вызначэнне мэты і задачы даследавання; 4) вызначэнне аб’екта і прадмета даследавання; 5) вызначэнне актуальнасці і навізны даследавання; 6) вызначэнне метадалогіі даследавання; 7) збор і аналіз інфармацыйнага матэрыялу; 8) вызначэнне практычнай значнасці даследавання; 9) прадстаўленне вынікаў даследавання.

— Мэта — гэта канчатковы вынік дзейнасці даследчыка, — гаворыць Святлана Міхайлаўна. — Яна павінна быць канкрэтнай і рэальна дасягальнай. Аб’ект даследавання — гэта поле пошуку, крыніца інфармацыі (працэс, з’ява, аб’ект), а прадмет даследавання — частка аб’екта (яго ўласцівасць, адносіны, працэс, дэталь), якая падлягае глыбокаму вывучэнню ў рамках даследавання (аб’ект у пэўным аспекце вывучэння).

У якасці прыкладу педагог прывяла работу, якую рыхтавала з вучаніцай 3 класа па тэме “Выявы жывёл і раслін на гербах раённых цэнтраў Рэспублікі Беларусь”. Аб’ектам даследавання тут выступілі гербы раённых цэнтраў краіны, а прадметам даследавання — выявы жывёл і раслін.

Працуючы ў парах і малых групах, удзельнікі майстар-класа вызначалі, якімі кампетэнцыямі павінны валодаць аўтар даследчай работы і яго кіраўнік і як праз далучэнне да даследчай дзей­насці можна ствараць умовы для выхавання ў вучняў каштоўнасці грамадзянскасці. У ходзе майстар-класа педагогі стварылі мадэль даследчай работы па прапанаванай тэме, прааналізавалі фрагменты выступленняў пераможцаў рэспубліканскага этапу конкурсу.

Так, аўтар работы па тэме “Адлюстраванне ладу жыцця беларуса і англічаніна праз заасімвалічныя фразеалагічныя адзінкі” падабраў 200 метафар у анг­лійскай і беларускай мовах і зняў мультфільмы. Больш за 20 настольных гульняў распрацавала школьніца з мэтай папулярызацыі нацыянальнай ідэнтычнасці сродкамі англійскай мовы. Вучні пад кіраўніцтвам педагога вывучалі канцэпт “радзіма” ў беларускіх і англійскіх лірычных творах, параўноўвалі літаратурныя прыёмы, якія дапамагаюць выявіць сутнасць вайны ў творах беларускіх і англійскіх аўтараў, эпітафій на помніках, прысвечаных ВАВ, канцэптаў “лебедзь” і “бусел” у беларускіх і англійскіх лірычных творах, прадставілі канцэпт “мова” як прыкмету нацыянальнай ідэнтычнасці ў англійскіх і беларускіх творах.

На этапе рэфлексіі ўдзельнікі майстар-класа складалі ментальныя карты і дэманстравалі ўзровень засваення прапанаванага матэрыялу. У ходзе сустрэчы ўзнікла пытанне: што важней — вынік або працэс?

— Не трэба лічыць вынікам даследавання толькі атрыманне дыплома на канферэнцыі, — адзначае Святлана Міхайлаўна. — Важныя веды і вопыт, атрыманыя педагогам і вучнем у працэсе даследавання. Яны могуць спатрэбіцца ім у далейшым.

Магчымасці штучнага інтэлекту

Пра тое, як выкарыстоўваць магчымасці штучнага інтэлекту для раскрыцця выхаваўчага патэнцыялу вучэбных заняткаў па замежнай мове, падчас свайго майстар-класа расказала Аліна Міхайлаўна Стальмачонак, настаўніца замежнай мовы, настаўнік­-метадыст Зялёнкаўскай базавай школы імя Т.С.Марыненкі Полацкага раёна.

Штучны інтэлект — гэта ўласцівасць штучных інтэлектуальных сістэм выконваць творчыя функцыі, якія традыцыйна лічацца прэрагатывай чалавека.

Педагогі працавалі ў групах з прапанаваным адукацыйным кантэнтам, які быў створаны пры дапамозе чата Сhat GPT4 і нёс выхаваўчы патэнцыял. Гэта былі міні-п’есы, створаныя пры дапамозе штучнага інтэлекту, фрагменты якіх удзельнікі майстар-класа інсцэніравалі. 

— Штучны інтэлект здольны генерыраваць п’есы на зададзеную тэматыку з указаннем пэўнага моўнага і маўленчага матэрыялу, — адзначае Аліна Міхайлаўна. — Такім чынам, мы атрымліваем велізарнае поле для творчасці і можам стымуляваць вучняў з розным моўным узроўнем да выкарыстання замежнай мовы.

Майстар прапанавала калегам 2 вершы на замежнай мове: адзін з іх аўтарскі (напісаны рэальным чалавекам), другі — машынны. І папрасіла назваць ключавую ідэю верша, а таксама вызначыць, які з іх з’яўляецца аўтарскім, а які створаны з выкарыстаннем штучнага інтэлекту.

— Абодва вершы маюць галоўную ідэю, — каменціруе педагог. — З пазіцыі методыкі паэтычныя тэксты ўзбагачаюць духоўны свет дзіцяці, вучаць бачыць прыгажосць чалавека, прыроды, маюць вялікае значэнне для развіцця эстэтычных пачуццяў, а таксама развіваюць памяць, слых, фантазію, спрыяюць асэнсаванаму засваенню лексікі. Такім чынам, выкарыстанне штучнага інтэлекту аблягчае задачу педагога ў пошуках неабходнага матэрыялу.

Удзельнікам майстар-класа быў прапанаваны лексіка-граматычны тэст па тэме “Ахова навакольнага асяроддзя”, створаны штучным інтэлектам, — тэкст з прабеламі, у які трэба ўставіць неабходныя па сэнсе словы ў патрэбнай граматычнай форме. Педагогі запаўнялі пропускі, устаўляючы словы. Такі від кантролю з поспехам прымяняецца для бягучай, прамежкавай і выніковай ацэнкі ведаў. Станоўчы момант заключаецца ў хуткасці праверкі ведаў, універсальнасці. Выкарыстанне штучнага інтэлекту пры стварэнні тэставых заданняў дазваляе ўлічыць усе неабходныя нюансы падчас кантролю.

Далей слухачам было прапанавана даць апісанне двух тэматычных малюнкаў, згенерыраваных пры дапамозе нейрасеткі Kandinsky 3.0, па плане, на якім намалявана прырода: вызначыць тэму, што намалявана на ілюстрацыі на пярэднім, на заднім плане. Што хацелася б змяніць? Якое ўражанне зрабіла ілюстрацыя? Вывад.

— Любая карцінка, у тым ліку створаная штучным інтэлектам, — гэта візуальная апора, — гаворыць Аліна Міхайлаўна. — Ілюстрацыя стварае добрую сітуатыўнасць на ўроку, што з’яўляецца стымулам для маўленчай камунікацыі.

Педагогі таксама азнаёміліся з лічбавымі інструментамі штучнага інтэлекту Slides AI, Chat GPT 4. Майстар прадэманстравала прэзентацыі Slides AI, Gamma.app. па тэме “Здаровы лад жыцця” для таго, каб удзельнікі склалі па іх вуснае маналагічнага выказванне. Прэзентацыя — гэта добры спосаб візуалізацыі вучэбнага матэрыялу, магчымасць прадставіць яго лагічна і структураваць. З дапамогай сэрвісу Gamma.com час, выдзелены на яе стварэнне, памяншаецца ў разы. І ў выніку кожная група ўдзельнікаў майстар-класа, выкарыстоўваючы названы сэрвіс, распрацавала свой унікальны прадукт.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара