Тры стагоддзі прысвяціла педагогіцы дынастыя Васільевых — Заблоцкіх

- 14:15Новости

У педагагічнай дынастыі Васільевых — Заблоцкіх любоў да адукацыі і выкладчыцкай дзейнасці — адна з галоўных каштоўнасцей. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Гордасць і прыклад

Настаўніцкая прафесія ў сям’і ў літаральным сэнсе перадаецца ў спадчыну. Школе і дзецям сваё жыццё прысвяцілі ўжо чатыры сямейныя пакаленні. Агульны педагагічны стаж налічвае 296 гадоў. А паклаў пачатак дынастыі Фёдар Мікалаевіч Васільеў — таленавіты настаўнік, які чатыры дзесяцігоддзі плённа працаваў у сельскіх школах Магілёўскай вобласці.

Выхадзец з сялянскай сям’і, Фёдар Васільеў свядома вырашыў пайсці ў педагогі. Атрымаў настаўніцкі дыплом і пачаў выкладаць гісторыю і рускую літаратуру на малой радзіме — у Шклоўскім раёне. Аднак пачатак працы перапыніла Вялікая Айчынная вайна.

— Па стане здароўя дзядуля не быў прызваны на фронт, але яму прыйшлося перажыць зверствы нямецкай акупацыі. Тройчы яго арыштоўвалі, а аднойчы, як падобнага да яўрэя, ледзь не расстралялі. Пасля перамогі, нягле­дзячы на цяжкасці пасляваенных гадоў, ён вярнуўся ў прафесію, — паведаміла прадстаўніца дынас­тыі настаўніца працоўнага навучання Кадзінскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Алена Заблоцкая.

Працоўную дзейнасць Фёдар Мікалаевіч скончыў на пасадзе дырэктара школы. Яго адда­насць педагогіцы неаднаразова была адзначана на самых розных узроўнях.

— Я памятаю дзядулю ўжо на заслужаным адпачынку. Ён заўсёды шмат чытаў, любіў класічную літаратуру і нават сам пісаў казкі для дзяцей. Для ўсёй нашай сям’і дзед быў гордасцю і прыкладам, — расказала Алена Эдуардаўна.

Прафесія ў спадчыну

Фёдар Мікалаевіч змог пры­віць любоў да прафесіі настаўніка наступным сямейным пакаленням. Па яго слядах пайшлі дочкі Валянціна і Людміла, а таксама сын Мікалай. Усе яны пакінулі значны след у сэрцах сваіх вучняў.

— Мой бацька Эдуард Фёдаравіч — адзіны з сям’і, хто не выбраў у якасці прафесіі сферу адукацыі. Але па волі лёсу педагагічная дынастыя працягнулася па яго лініі. Тата ажаніўся з настаўніцай. Матуля, Таццяна Канстанцінаўна, аддала педагогіцы роўна 40 гадоў. Яна ўнесла істотны ўклад у станаўленне Магілёўскай гарадской гімназіі № 1, змагла пры­віць любоў да матэматыкі вялікай колькасці вучняў, была лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, — адзначыла Алена Заблоцкая.

Таццяна Канстанцінаўна сапраўды ўсю душу аддавала дзецям, да кожнага вучня ставілася з увагай і клопатам. Пастаянна падтрымлівала яна і маладых настаўнікаў, дзялілася сваім вопытам работы з калегамі.

— Шмат у чым менавіта дзякуючы маме я таксама пайшла ў педагогіку. Па сутнасці, лекцыі па методыках выкладання стала слухаць яшчэ да свайго нараджэння. Я з’явілася на свет, калі матуля была на чацвёртым курсе інстытута, — з усмешкай успомніла Алена Эдуардаўна. — І школа заўсёды была мне як другі дом. Часта ся­дзела за апошняй партай на маміных уроках, назірала за тым, як яна выкладае. Па вечарах усёй сям’ёй мы дапамагалі ёй рыхтаваць наглядныя дапаможнікі да заняткаў. У доме ў нас нярэдка бывалі навучэнцы. Пры вялікай занятасці за любую справу мама нязменна бралася з энтузіязмам, праца была ёй у задавальненне. Гле­дзячы на яе, мне хацелася ­стаць такой жа настаўніцай.

 У Магілёўскай вобласці самае вялікае прадстаўніцтва педагагічных дынастый у краіне. У рэгіёне налічваецца 112 дынастый трох і больш пакаленняў. Гэта 819 педагогаў з агульным стажам больш за 21 тысячу гадоў. Іх імёны захаваны на старонках дзвюх кніг: “Імя табе — Настаўнік” і “Прызванне, якое стала лёсам”.

Лёсавызначальнае рашэнне

Вырасшы ў педагагічным асяроддзі, іншай дарогі, акрамя як настаўніцкай, Алена Заблоцкая для сябе не бачыла. У сям’і выбар падтрымалі.

— Цётка і мама дапамаглі пад­рыхтавацца да экзаменаў. Тата першапачаткова раіў пераду­маць — разгледзець перспектывы інжынернай спецыяльнасці, але мая рашучасць пераканала. Ён зразумеў, што я насамрэч бачу сваё прызванне ў тым, каб быць настаўніцай, — расказала Алена Заблоцкая.

Студэнцкія гады Алена Эдуардаўна ўспамінае з асаблівай цеплынёй. Тагачасны Магілёўскі педінстытут не толькі адчыніў для яе дзверы ў прафесію.

— На ганку інстытута пазнаёмілася з будучым мужам — тады студэнтам факультэта фізічнай культуры і спецыяльнай падрыхтоўкі, а цяпер начальнікам галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Анд­рэем Барысавічам Заблоцкім. Выпадковая мімалётная сустрэча стала лёсавызначальнай. Ужо 30 гадоў мы ідзём разам па жыцці, будучы адно аднаму апорай ва ўсіх пачынаннях, — падкрэсліла суразмоўніца.

Свае першыя прафесійныя крокі маладая педагагічная сям’я Заблоцкіх рабіла ў Кадзінскай сярэдняй школе. Тут прайшлі станаўленне, адбыліся як настаўнікі. Лідар па характары Андрэй Барысавіч неўзабаве ўзначаліў навучальную ўстанову, змог аб’яднаць калектыў, і школа ў Кадзіне загучала на ўсю Беларусь. На перадавыя пазіцыі ў вобласці і краіне ён пасля вывеў і сістэму адукацыі Магілёўскага раёна. Цяпер гэтак жа ўмела і эфектыўна кіруе сферай адукацыі вобласці.

— Муж прайшоў усе ступені педагагічнай адміністрацыйнай лесвіцы. А я ўжо 29 гадоў настаўнічаю ў Кадзінскай школе, якая за гэты час стала роднай. Знайшла сябе ў профілі працоўнага навучання. З задавальненнем вучу дзяўчынак шыць, вя­заць, вышываць, быць добрымі гаспадынямі. Пры гэтым стараюся не проста перадаваць вучаніцам веды, а і развіваць іх здольнасці, раскрываць патэнцыял. Навучэнкі не раз станавіліся пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды, прэстыжных конкурсаў. Па маім прыкладзе некаторыя пайшлі ў педагогіку, сталі настаўніцамі працоўнага навучання. Усе вучнёўскія дасягненні для мяне — невычэрпная крыніца натхнення, — запэўніла Алена Заблоцкая.

Працяг у будучыні

Вернасць прафесіі і сумленнасць у працы сям’і Заблоцкіх не аднойчы адпаведна адзначаліся. Андрэй Барысавіч і Алена Эдуардаўна маюць шэраг грамат і падзяк, з’яўляюцца выдатнікамі адукацыі. Адметная гісторыя дынастыі Васільевых — Заблоцкіх увайшла ў змест рэспубліканскай кнігі “Імя табе — Настаўнік”.

— Гэты праект Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі дапамог сістэматызаваць і абагульніць усю важную інфармацыю. Мы ўскалыхнулі сямейную памяць, паднялі архівы, фатаграфіі і ўспаміны. Высветлілі, што педагогамі былі таксама мой стрыечны дзядуля Сцяпан Іосіфавіч Міхасёў і яго дачка Мая, — падзялілася Алена Заблоцкая. — Ад моцных пачуццяў падчас збору звестак для кнігі я нават напісала верш:

С таким учительским наследием
Грех было бы пойти не в педагоги,
Из всех возможных жизненных путей
Мне не было другой дороги.

Храню я в сердце каждого из них,
Нелегкий труд их часто вспоминаю,
Поэтому в делах и помыслах своих
Имя учителя прославляю.

Я знаю, дело педагога на земле,
Как сердце Данко, путь всем озаряет.
Ведь свет познанья, как звезда, горит во мгле.
Учитель сквозь века несет его и сохраняет.

Сёння фарміруецца ўжо новае педагагічнае пакаленне сям’і. Алена Эдуардаўна і Андрэй Барысавіч выгадавалі двух сыноў. Старэйшы з іх ажаніўся з настаўніцай. Малодшы сур’ёзна задумваецца над тым, каб пайсці па педагагічным шляху. Гэта сведчыць аб тым, што дынастыя Васільевых — Заблоцкіх працягнецца і ў будучыні.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота з архіва сям’і Заблоцкіх