Цар-дуб, цмок з возера і ўласнае турагенцтва: як у лепельскім садзіку дзяцей вучаць радзіму любіць

- 15:14Витебская область, Дети — наше всё!

Пачэсная місія педагога дашкольнай адукацыі — навучыць дзяцей Радзіму любіць, лічыць загадчыца дзіцячага сада № 6 Лепеля Людміла Воюш. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Не прапусціць момант

— Пачуццё патрыятызму зараджаецца ў раннім узросце, і важна менавіта ў гэты залаты час як мага больш расказваць дзецям пра родны край, — упэўнена загадчыца дашкольнай установы. — Нашы педагогі робяць гэта з душой і крэатыўна.

Людміла Уладзіміраўна нара­дзілася ў Расіі, у горадзе Варкуце, але яшчэ ў дзяцінстве пераехала ў Беларусь, скончыла тут Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава. Дзіцячаму саду № 6 Лепеля прысвяціла 20 гадоў жыцця — працавала спачатку музычным кіраўніком, потым выхавальніцай, а цяпер кіруе ўстановай. Сад для райцэнтра даволі вялікі — 230 дзетак, адкрыўся ён 40 гадоў назад. Сёння тут працу­юць ужо яго былыя выпускнікі.

Намеснік загадчыка па асноў­най дзейнасці Марыя Скрабнеўская ў дзяцінстве наведвала гэты садок. Пасля заканчэння ВДУ імя П.М.Машэрава вярнулася ў родны край.

— Мае былыя выхавальнікі цяпер мае калегі, — расказвае яна. — Пра Бацькаўшчыну дзецям рас­казваем у асноўным праз гульні — гэта лепшы спосаб дакрануцца да дзіцячага сэрца. Гуляем у традыцыйныя беларускія гульні, у якіх абавязкова прысутнічаюць народныя прыказкі, прымаўкі, вершы. Гэта адначасова прывівае малышам любоў і да роднай культуры, і да жывой беларускай мовы. Напрыклад, “Барада” — па сутнасці, звычайная гульня ў даганялкі, але з паэтычным кантэнтам: “Прэла, гарэла, за мора ляцела. Вусь, барадусь, кіслы квас, лаві, Барада, нас!”. Таксама арганізуем святы, іх хлопчыкі і дзяўчынкі вельмі лю­бяць. У беларусаў цэлае кола яскравых народных свят — Масленіца, Купалле і іншыя. А народныя рамёствы! Наш дзіцячы сад з’яўляецца ўдзельнікам абласнога творчага праекта “Далучэнне дзяцей дашкольнага ўзросту да культурнай спадчыны роднага краю” — праводзім майстар-класы для выхаванцаў па асноўных беларускіх рамёствах. Лічу, у рабоце з маленькімі грамадзянамі няма нічога нязначнага: калі дзіця не ўбачыць прыгажосці роднага краю, не палюбіць яго — у далейшым не бу­дзе здольнае адстойваць яго інтарэсы, абараняць.

Дарэчы, педагогамі, дзецьмі і іх бацькамі выканана даследчая работа на тэму “Хто даў назву майму гораду”. 

— Я ведаю, чаму наш Лепель так называецца, — таму што ён лепшы! — выказвае сваё меркаванне выхаванка Ліза Сільвановіч. — Магу расказаць, як наш горад узнік. І яшчэ — адкуль узялося Лепельскае возера. І ўсё пра бронзавага цмока, што стаіць у парку, а сапраўдны жыве ў возеры.

Цуды Лепельскага краю

Віктарын, якія праходзяць у садку, дзеці вельмі чакаюць, бо ў іх прысутнічае элемент спаборніц­тва. Заданні педагогі падбіра­юць пра гісторыю роднага краю. Прычым не толькі агульнавядомыя, але і такія, што не кожны дарослы раскусіць: “Якое дрэва ўлетку засыпае наш горад “снегам?”, ці “Якога будынка няма ў нашым гора­дзе?”.

— Прапануем малышам і іх бацькам намаляваць плакат, прысвечаны нашаму гораду, ці вывучыць верш пра родны край, — гаворыць  выхавальніца Валянціна Палітыка. — Мы распрацавалі гульню “Сем цудаў лепельскага краю” — у цікавай форме расказ­ваем пра славутасці Лепельшчыны. Мясцовых цудаў сапраўды сем: Бярэзінскі біясферны запаведнік, Бярэзінская водная сістэма, цар-дуб, што знаходзіцца ў вёсцы Тадуліна (яму 400 гадоў!), камень-следавік, адзіны на Лепельшчыне, касцёл Святога Казіміра, Лепельскае возера, а таксама востраў на ім, дзе ў былыя часы жыхары горада ратаваліся ад ворагаў.

Дзецям не проста расказваюць пра гэтыя цуды: у групе адбываецца сапраўдны інтэрактыў. Малыя нібыта адпраўляюцца ў падарожжа, “выходзяць з аўтобуса” на розных прыпынках — во­дзяць карагод каля цар-дуба, збіра­юць пазлы, разглядаюць карту Лепеля. Для выхаванцаў арганізуюць і рэальныя экскурсіі ў Лепельскі краязнаўчы музей. А падчас святкавання перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне для дзяцей старшай групы праходзяць заняткі “Лепельшчына — партызанскі край”.

У кожнай групе ёсць карткі з QR-кодам — з яго дапамогай бацькі могуць спампаваць нешта карыснае для заняткаў з дзіцем дома: пазнавальную гульню альбо цікавы маршрут для сямейнага падарожжа.

Турагенцтва “Васілінка”

Унікальная знаходка сада — уласнае турагенцтва. У яго ёсць свая эмблема, і яно сапраўды дзейнічае — дзіця можа вы­браць напрамак вандроўкі, купіць пуцёўку, білеты і адправіцца ў падарожжа. Праўда, толькі пад дахам дзіцячага сада. Але гэта не памяншае папулярнасці гульні, бо тут усё амаль як у жыцці. Вось дзеці праглядаюць рэкламны ролік турагенцтва, якое заклікае ў падарожжа, — у ролі агентаў і экскурсаводаў выступа­юць выхавальніцы Аксана Іванаўна Кульба і Іна Яўгенаўна Шульжэнка. Далей хлопчыкі і дзяўчынкі выбіраюць маршрут, ідуць да касіра і набываюць білеты. Затым садзяцца ў аўтобус, іх сустракае ва­дзіцель, запрашае заняць свае месцы, расказвае пра правілы паводзін падчас руху, і вандроўка пачынаецца. Экскурсію суправа­джае гід, а прадавец сувенірнай крамы запрашае дзяцей “набыць” беларускія сувеніры. Выбар маршрутаў вялікі: экскурсіі ў Мінск, Полацк, Віцебск, у Белавежскую пушчу, Бярэзінскі запаведнік. Можна наведаць выставу народных рамёстваў ці паехаць у музейны комплекс “Дудуткі”. Кожная брашура змяшчае звесткі пра сам маршрут ці пэўную славутасць. Нават калі гэта ўяўны выезд на прыроду, дзеці, нібыта ў рэальнасці, робяць прывал ці ставяць палатку, збіра­юць галлё для вогнішча, спяваюць песні, а потым прыбіраюць за сабой смецце.

— Ідэя стварыць такое агенцтва належыць усяму нашаму творчаму калектыву, — падкрэс­лівае Марыя Скрабнеўская. — З часам дадаём новыя маршруты, экскурсіі. Так, для старшай групы нядаўна прапанавалі аб’екты воінскай славы. Не так даўно прахо­дзіла фотавыстава “Посмотри, как хорош край, в котором ты живёшь” — выхаванцы прыносілі фотаздымкі з цікавых месцаў, якія яны наведвалі з бацькамі. Хапіла на цэлую экспазіцыю! Дзеці расказвалі, што на здымку, дзе гэта знаходзіцца. Лічу, наша турагенцтва натхніла сем’і на сапраўдныя падарожжы.

— Абавязкова запрашаем бацькоў на ўсе нашы святы, рэкамендуем маршруты выхаднога дня. Напрыклад, па месцах баявой славы раёна або па нашым горадзе ці ў мемарыяльны комплекс “Вішанькі”, што знаходзіцца непадалёк Лепеля. А то і проста прапануем вандроўку ў лес, — заўважае Людміла Воюш. — Галоўнае, каб самая важная работа па выхаванні маленькага грамадзяніна краіны вялася сумесна і бесперапынна — сям’ёй і дзіцячым садам: толькі тады будзе вынік, якім мы зможам ганарыцца.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара і прадастаўлена дзіцячым садам