Цэнтр навукова–тэхнічных распрацовак Uber адкрыецца ў Парку высокіх тэхналогій

- 10:17Інфармацыйная гадзіна

Дырэктар Парка высокіх тэхналогій Усевалад Янчэўскі і генеральны дырэктар Uber па рэгіёне Еўропы, Блізкага Усходу і Азіі П’ер-Дзімітры Гор-Каці падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. Ключавыя напрамкі — адкрыццё цэнтра навукова-тэхнічных распрацовак Uber у Парку высокіх тэхналогій, а таксама сумесная работа ў сферы беспілотнага транспарту.

Генеральны дырэктар Uber адзначыў: “Мы вельмі задаволены вынікамі перагавораў з Прэм’ер-міністрам Рэспублікі Беларусь спадаром Кабяковым і дырэктарам Парка высокіх тэхналогій спадаром Янчэўскім. Мы ведаем, што Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўдзяляе пільную ўвагу развіццю высокіх тэхналогій, і гэта добры знак для нас і для іншых міжнародных кампаній. Сёння паміж кампаніяй Uber і Паркам высокіх тэхналогій падпісана пагадненне аб узаемадзеянні па шэрагу напрамкаў. Гэта мой першы візіт у Беларусь, але цяпер, я думаю, у мяне будзе шмат падстаў часта бываць у вашай краіне”.

“Не зусім маюць рацыю тыя, хто гаворыць, што свет стаіць на парозе транспартнай рэвалюцыі. На самай справе, свет перасягнуў ужо гэты парог. Усё мяняецца хутчэй, чым многія чакалі. І Беларусь павінна быць у авангардзе гэтых змен. У гэтым сэнс нашага супрацоўніцтва і з Uber, і з іншымі сусветнымі карпарацыямі, чые тэхналогіі на нашых вачах мяняюць свет. Менавіта такое супрацоўніцтва дае шанс Беларусі ў будучым аказацца адной з першых краін у свеце, дзе запусцяць першыя беспілотныя аўтамабілі”, — адзначыў Усевалад Янчэўскі.

Кампанія Uber створана ў 2009 годзе і на сённяшні дзень з’яўляецца буйнейшым сэрвісам у свеце па арганізацыі перавозак пасажыраў з дапамогай смарт-дадаткаў. Uber працуе больш чым у 570 гарадах 78 краін. Кампанія дэманструе ўзрыўны рост. Рыначная капіталізацыя складае $68 млрд.