У зоне канфлікту ва Украіне назіраецца значнае зніжэнне колькасці парушэнняў спынення агню, паведаміў спецпрадстаўнік АБСЕ Марцін Сайдзік.
“З моманту заявы аб поўным спыненні агню ад 29 красавіка мы назіралі значнае зніжэнне колькасці парушэнняў рэжыму спынення агню”, — сказаў Марцін Сайдзік.
Таксама ён адзначыў, што ўдзельнікі рабочай групы па пытаннях бяспекі прадоўжылі работу па дасягненні гэтай мэты. Яны згадзіліся, што сумесны цэнтр па кантролі і каардынацыі адыгрывае ключавую ролю ў забеспячэнні больш устойлівага перамір’я. Абмяркоўваліся і пытанні магчымага развядзення сіл і сродкаў на лініі сутыкнення. “У сувязі з гэтым рабочая група абмеркавала магчымыя ўчасткі такога развядзення сіл і сродкаў. Зразумела, самымі галоўнымі з’яўляюцца тыя ўчасткі, дзе грамадзянскае насельніцтва атрымае ад гэтага максімальную карысць”, — удакладніў Марцін Сайдзік.
Пры гэтым спецпрадстаўнік канстатаваў, што бакі прадоўжылі дыскусію наконт утрыманых асоб. “Стала відавочна, што бакі маюць розныя погляды адносна гэтага важнага пытання. На жаль, у вырашэнні пытання няма пакуль ніякага прагрэсу”, — сказаў ён.
Рабочая група па эканамічных пытаннях абмяркоўвала ў ходзе гэтага раўнда пытанні аднаўлення плацяжоў за пастаўкі вады. “Мы спадзяёмся, што тэхнічныя пытанні, якія засталіся, будуць вырашаны ў найбліжэйшы час”, — сказаў спецпрадстаўнік. Ён дадаў, што людзі прадаўжаюць пакутаваць з-за канфлікту і гуманітарныя пытанні маюць найважнейшае значэнне нараўне з усімі астатнімі.