Цэнтр падтрымкі

- 14:17Псіхолаг у школе, Сацыяльны ракурс

У чым плюс цэнтралізаванай псіхалагічнай службы, у склад якой уваходзяць спецыялісты сістэмы адукацыі раёна.

— Чым запоўніцца душэўны свет нашых дзяцей, як яны будуць падрыхтаваны да рэальнага жыцця, залежыць ад нас, дарослых, педагогаў. Мы імкнёмся выконваць асновы выхавання праз сферу псіхолага-педагагічнай падтрымкі навучэнцаў. Сёння ў нас створана цэнтралізаваная псіхалагічная служба, у склад якой уваходзяць псіхолагі з сістэмы адукацыі раёна, — расказвае Вераніка Валянцінаўна Рудая, начальнік упраўлення па адукацыі адміністрацыі Партызанскага раёна Мінска.

Якая карысць ад такой сканцэнтраванай службы? Справа ў тым, што ў кожнага псіхолага свая пэўная кваліфікацыя, таму своечасова аказаць дапамогу дзіцяці па той ці іншай праблеме не заўсёды ўдаецца. А вось сабраўшы псіхолагаў у адну каманду, можна своечасова аказваць псіхалагічную дапамогу тым, хто ў гэтым мае патрэбу. У сетку псіхалагічнай службы ўваходзяць 14 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Яшчэ мы падключылі некалькі дзіцячых садкоў, і гэта апраўдана: у штаце дашкольнай установы прадугледжана ўсяго паўстаўкі пасады псіхолага, але патрэба ў ім раз-пораз узнікае. Дзякуючы стварэнню такой службы, установы дашкольнай, як і сярэдняй адукацыі, могуць звярнуцца ў цэнтр, які тэрмінова адрэагуе на праблему, прадыягнастуе сітуацыю і акажа дапамогу.

Для псіхалагічнага кансультавання псіхолагі могуць наведваць навучальную ўстанову, праводзіць гутаркі з настаўнікамі, вучнямі, удзельнічаць у бацькоўскіх сходах. Аналізуючы стаўленне кіраўнікоў устаноў, педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў да стварэння такой мадэлі псіхалагічнай службы, мы пачулі ў адказ толькі станоўчыя водгукі. Цэнтр займаецца таксама і метадычным суправаджэннем псіхалагічнай работы. Псіхолагі распрацоўваюць лакальныя алгарытмы дзеяння па рабоце з нядобранадзейнымі сем’ямі, па прафілактыцы крызісных сітуацый. 

Па-новаму запрацавалі бацькоўскія ўніверсітэты. Бацькі ўключыліся ў сумесную работу з псіхолагамі па вырашэнні той ці іншай праблемы. Сёння мы маем магчымасць больш шырока выкарыстоўваць дыстанцыйныя формы зносін. У кожнай установе адукацыі ўсталявана студыя альбо пункт вяшчання. Таму можна наладзіць сувязь з усім раёнам і ахапіць усіх жадаючых атрымаць кансультацыю псіхолагаў нашага цэнтра. Псіхалагічная служба падключае кваліфікаваных спецыялістаў розных сфер, і яны адказваюць на пытанні па любой тэме. Акрамя таго, служба вядзе рубрыку ў Telegram-канале “Парады псіхолага”, дзе кожны дзень праводзяцца кансультацыі па якой-небудзь тэматыцы. Там жа ўказаны і тэлефоны псіхолага, па якіх можна атрымаць кансультацыю. Плануем стварыць міжведамасную групу, у склад якой увайшлі б псіхолаг, медык, інспектар МУС, прадстаўнік службы занятасці і іншыя, хто б мог працаваць на базе той ці іншай установы адукацыі ў анлайн-рэжыме. 

Ала КЛЮЙКО.