Цэнтру медтэхналогій выдзеляць сродкі на мадэрнізацыю

- 10:53Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 жніўня падпісаў распараджэнне № 135рп, накіраванае на рэалізацыю Пагаднення аб пазыцы паміж Беларуссю і Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Распараджэнне прадугледжвае прадастаўленне сродкаў пазыкі на суму $125 млн Рэспубліканскаму навукова-практычнаму цэнтру медыцынскіх тэхналогій, інфарматызацыі, кіравання і эканомікі аховы здароўя (арганізацыя, адказная за рэалізацыю пагаднення), а таксама вызваленне гэтай установы ад платы за карыстанне сродкамі.

Пагадненне аб пазыцы паміж Беларуссю і Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця было падпісана 25 лістапада 2016 года і ратыфікавана 10 красавіка 2017 года. Дакументам прадугледжваецца рэалізацыя праекта “Мадэрнізацыя сістэмы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь” (перыяд выканання па 31 мая 2022 года). Плануецца стварэнне цэнтралізаванай інтэграванай інфармацыйнай сістэмы аховы здароўя, распрацоўка і ўкараненне сістэмы падтрымкі клінічных рашэнняў на аснове інфармацыйных тэхналогій, у тым ліку правядзенне адпаведнага навучання, закупка неабходнага праграмнага і апаратнага забеспячэння.

Прадугледжваецца таксама будаўніцтва рэспубліканскага сімуляцыйнага цэнтра (цэнтр падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі ўрачоў), уключаючы біялабараторыю, а таксама рамонт лабараторый па адпрацоўцы навыкаў у 21 медыцынскай установе. Акрамя таго, плануецца рэканструкцыя аддзялення інтэнсіўнай неанатальнай дапамогі ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры “Маці і дзіця”.