Ці лёгка жыць на балоце?

- 11:30Адукацыйная прастора

Прапанаваныя вучэбныя заняткі рэкамендуецца праводзіць у рамках прадметных тыдняў біялогіі, беларускай мовы і літаратуры для вучняў 10—11 класаў. Мяркуецца, што заяўленая тэма  дапаможа сфарміраваць у старшакласнікаў разуменне ўнікальнасці і значнасці балота не толькі як часткі ландшафту Беларусі, але і як фактару ўплыву на фарміраванне культуры і нацыянальнага характару, выявіць актуальныя праблемы, звязаныя з меліярацыяй, абмеркаваць эфектыўныя стратэгіі іх вырашэння. Матэрыял урока падыдзе для  рэалізацыі праекта па экалагічным выхаванні старшакласнікаў.

Мэта

Мяркуецца, што да завяршэння вучэбных заняткаў вучні будуць ведаць сінонімы да слова балота, прызначэнне вобраза балота ў беларускай літаратуры, адказ на ключавое пытанне ўрока; будуць умець заўважаць агульнае і адрознае паміж балотам як часткай ландшафту Беларусі і асноўным вобразам беларускай культуры, вызначаць прычыны і наступствы ўзаемадзеяння чалавека і прыроды; змест урока будзе спрыяць фарміраванню ўласнай грамадзянскай пазіцыі да праблемы балот, выхаванню экалагічнай культуры старшакласнікаў, набыццю ўмення інтэрпрэтаваць факты для  вядзення бесканфліктнай дыскусіі.

Абсталяванне

Мультымедыйная прэзентацыя, раздрукаваныя ўрыўкі тэкстаў мастацкіх твораў, заданні для парнай работы.

Сцэнарый вучэбных заняткаў.

Падказкі настаўніку

Для арганізацыі работы на такіх занятках неабходна стварыць нязмушаную атмасферу, якая спрыяла б адкрытаму дыялогу ўдзельнікаў.

Лепш за ўсё абраць паўкругавую форму расстаноўкі мэблі без парт. Настаўнік сваім месцам знаходжання не павінен вылучацца сярод вучняў.

Унутраная прастора паўкруга будзе задзейнічана для правядзення панэльнай дыскусіі, да таго ж такое размяшчэнне не замінае вучням сачыць за інфармацыяй на экране, дазваляе арганізаваць работу ў парах зменнага складу па вырашэнні праблемных сітуацый.

  1. Аператыўна-пазнавальны этап

Настаўнік просіць вучняў пасля двуххвіліннага абмеркавання ў парах назваць тыя прадметы, паняцці, якія можна лічыць  сімваламі Беларусі.

Як паказвае практыка, вучні часцей за ўсё называюць добра вядомыя ім вобразы-сімвалы з беларускай літаратуры: васілёк (валошка), зубр, бусел,  прамысловыя брэнды — трактар МТЗ, МАЗ, беларускі лён і г.д.

Падказкі настаўніку

Усе версіі, якія прапаноўваюць вучні, настаўнік прымае, самыя нечаканыя просіць патлумачыць, на аснове чаго ўзнікла такая ідэя.  Калі ў вучня не хапае аргументацыі, рэкамендуецца падтрымаць ідэю, спасылаючыся на фактычную інфармацыю. Вельмі важна на першым этапе такіх заняткаў стварыць для кожнага вучня сітуацыю поспеху, бо гэта стане гарантам творчай актыўнасці на астатні час урока.

  1. Пастаноўка ключавога пытання ўрока

Настаўнік пытае: “Ці можна балота лічыць сімвалам Беларусі?” На той падставе, што балота — аб’ектыўная рэальнасць Беларусі. 12% плошчы занята балотам.

Мяркуецца, што не ўсе вучні  пагодзяцца з такой прапановай, бо балотам прынята называць нездаровую атмасферу, якая ёсць у дрэнным калектыве, супольнасці людзей, і наогул слова і паняцце “балота” набыло негатыўную афарбоўку.

Падказкі настаўніку

Нават калі сітуацыя складзецца не­ідэальна для настаўніка, вучні выбе­руць толькі адну нейкую пазіцыю (можна лі­чыць балота сімвалам Беларусі ці нельга лі­чыць балота сімвалам Беларусі), настаўніку варта прапанаваць разабрацца ў наступнай дылеме: ці ёсць сувязь паміж нацыянальным характарам, адлюстраваным у творах беларускай літаратуры, і балотам, а таксама на што ўплывае.

  1. Пастаноўка мэты ўрока

Настаўнік пагаджаецца з тым, што балота можна лічыць сімвалам Беларусі толькі тады, калі будзе даказана сувязь паміж беларускім нацыянальным характарам і балотам, калі будзе заўважаны ўплыў балота на характар беларуса і наадварот.

  1. Аператыўна-пазнавальны этап урока

Падказкі настаўніку

Далей прапаноўваюцца практыкаванні і заданні пад літарным абазначэннем, якія можна скараціць, замяніць, змяніць парадак выканання, дапоўніць іншым літаратурным ці моўным зместам. Усё будзе вырашаць час, які настаўнік адводзіць для правядзення такіх заняткаў, узроставая аўдыторыя старшакласнікаў, узровень літаратурнай падрыхтоўкі. Асноўная мэта такіх заданняў заключаецца ў назіранні за сувяззю паміж балотам і беларускім нацыянальным характарам, традыцыйнай культурай.

А) Работа з лексічным значэннем слова. Настаўнік звяртаецца да вучняў з пытаннем: “Як правільна сказаць: балота, багна ці дрыгва?”

Падчас абмеркавання вучні прыхо­дзяць да высновы, што прыведзеныя словы — сінонімы. Ужыванне кожнага будзе залежаць ад сітуацыі маўлення.

У якасці падсумавання настаўнік прыводзіць лінгвістычную  гіпотэзу Сэпіра-Уорфа, паводле якой, чым больш важны прадмет ці з’ява для народа, тым больш сінонімаў для яе абазначэння прапануе мова.

— Як вы думаеце, колькі слоў змяшчае сінанімічны рад да слова “балота”?

Дзеці называюць розную колькасць. Як паказвае практыка, колькасць слоў вагаецца паміж 10—15. Таму наступны слайд прымушае дзяцей зрабіць правільны вывад: балота — неад’емная частка нацыянальнага характару беларусаў, вельмі важны складнік культуры народа.

Б) Настаўнік прапануе вучням высветліць, наколькі важным з’яўляецца вобраз балота для беларускай літаратуры.

Падказкі настаўніку

Настаўнік раздае вучням урыўкі тэкстаў з апісаннем Балотніка, Багніка, Аржавеня. Вучні самастойна знаёмяцца з героем. Кожнаму вучню дастаецца апісанне аднаго балотнага духа.

Балотнік

Тоўсты, без вачэй, увесь пакрыты брудам, да якога наліпла багавінне, жукі, смаўжы і іншыя вадзяныя істоты. Самы пачварны з усіх нячысцікаў. Прыгожымі гукамі і вобразамі ён заманьвае чалавека ў сваю дрыгву, а калі той пачынае тануць, балотнік цягне яго ўніз. Калі багна недастаткова глыбокая, каб затапіць чалавека, балотніку застаецца толькі мучыцца бяссільнай злосцю.

Сярод кветак і ягад патаемна вырошчвае багун, каб затуманіць розум чалавека, і прарывае балотныя акенцы, якія атачае кветкамі, да якіх падганяе рыбу. Гэта пасткі, якія знішчылі не адно жыццё.

Багнік

Жыве ў багне — тарфяным балоце, якое ніколі не пакрываецца расліннасцю і выглядае, як бруднае чорнае возера. Ніколі не з’яўляецца на паверхні. Даведацца аб яго прысутнасці можна толькі па дробных бурбалках, што ўздымаюцца ў глыбіні, і лёгкім варушэнні вады, а таксама па дробненькіх агеньчыках на паверхні балота. Багнік не пакідае свайго мяккана ложка на дне нават тады, калі ў балота трапіць чалавек ці жывёла. Ён упэўнены, што здабыча нікуды не дзенецца і абавязкова спусціцца на дно.

Аржавень (Аржавенік)

Насяляў аржавень балота з іржавымі плямамі на паверхні з-за растворанай у ім жалезнай руды. Уяўляўся брудна-рудым, тоўстым, з тонкімі, як сцябліна, нагамі, увесь пакрыты ржавымі прыліпамі. Часам здабычай аржавеня можа стаць рэдкая жывёла, што трапіла ў яго багну, альбо начны пяніца, які выпадкова заблукаў у яго мясціны. Аржавень больш спакойны, чым яго браты Багнік і Балотнік. Яго не трывожаць людзі (бо зямля ў такіх балотах неўрадлівая), летам аржавень не высыхае, таму нячысцік жыве бестурботна, абрастаючы ліпучымі слаямі, падтрымліваючы каламуць у аржавені. Нават узімку брудна-ржавыя плямы такога балота бачны праз пласт снегу і лёду.

Абмеркаванне выканання задання

— Як сведчыць фальклор, у балоце жывуць тры браты: Балотнік, Аржавенік і Багнік. Як вы думаеце, чаму тры?

Калі да гэтага моманту настаўнік правільна арганізаваў узаемадзеянне з вучнямі, то версій будзе шмат, нават самых неверагодных: Святая Тройца — Бог Айцец, Бог Сын і Святы Дух. Настаўнік карэкціруе адказы вучняў: фальклорныя легенды ўзніклі намнога раней за прыняцце хрысціянства і адносяцца да перыяду язычніцтва. Аднак той факт, што, па ўяўленні нашых продкаў, балоты насялялі ажно тры балотныя духі, сведчыць пра важнасць балота ў жыцці беларусаў.

— Паспрабуйце здагадацца па знеш­нім апісанні балотных духаў, хто на якім балоце жыве.

Вучні спрабуюць спалучыць свае веды пра віды балот — нізінныя, верхавыя, пераходныя — з апісаннем балотных духаў. Прапанаваны адказ не прэтэндуе на навуковую значнасць, але дазваляе развіць у вучняў назіральнасць, уменне заўва­жаць яркія дэталі ў апісаннях, адзначаць падобнае і адрознае паміж фальклорным персанажам і відам балота.

Вучням прадстаўляюцца слайды, якія правяраюць логіку разважання. Усе заўвагі і прэтэнзіі будуць слушнымі.

В) Яшчэ адзін слайд знаёміць з надводнымі балотнымі духамі — Лазавікамі, Лознікамі. Ён дазваляе заўважыць сувязь паміж  балотам і матэрыяльнай культурай  беларусаў,  у прыватнасці з такім яе  відам, як лозапляценне.

Г) Вобраз балота ў беларускіх прыказках.

Настаўнік прапануе адабраць прыказкі ў адпаведнасці са значэннем:

ü характарыстыка чалавека;

ü ацэнка розных каштоўнасцей;

ü розныя жыццёвыя сітуацыі;

ü адносіны да радзімы, уласнасці.

Кіруе як чорт балотам. Kaму як балота, а каму — як залота. Кожны кулік на сваім балоце вялік. Было б балота, а жабы знойдуцца. Грэх не схаваеш у мех, не ўтопчаш у балота. Як чорта ні хрысці, усё адно ў балота пусці. Жыве кулік, дзе прывык, і кожны роднае балота хваліць. Дзе балота, там чорт. Няхай бы чортам называлі, абы ў балота не гналі. У ціхім балоце чэрці водзяцца. З чужога вазка і сярод балота злазяць.

Падсумаванне.

Для характарыстыкі чалавека, трапнай і дасціпнай, для ацэнкі жыццёвых каштоўнасцей беларусы не маглі абысціся без вобраза балота. Балота нібы было крытэрыем маральнасці, мяжой паміж дабром і злом.

Д) Вобраз балота ў сучаснай беларускай літаратуры.

Настаўнік прапануе вучням пазнаць творы беларускай літаратуры па ролі вобраза балота.

Падказка настаўніку

Добра, калі вучні пры гэтым будуць не толькі называць аўтара і твор, а паспрабуюць выйсці на мастацкую ідэю твора, у раскрыцці якой балота адыгрывае значную ролю. Трэба сказаць, што пад прыведзеныя апісанні могуць падыходзіць і іншыя творы беларускіх паэтаў і празаікаў.

Твор, у якім балота — гэта не проста ландшафтная адметнасць Беларусі, на яго фоне дзейнічаюць героі, яно абумоўлівае іх характары і ўчынкі, загартоўвае, выхоўвае, вучыць цярплівасці і працавітасці: Я.Колас “У палескай глушы”, І.Мележ “Людзі на балоце”.

Твор, у якім балота — гэта месца, дзе хавалася містычная сіла, якая служыла фонам для паказу міфічных і нерэальных падзей. Я.Купала “Курган”, У.Караткевіч “Дзікае паляванне караля Стаха”.

Твор, у якім балота — месца пазбаўлення ад пакут для беларуса: В.Быкаў “Аблава”,  “Воўчая зграя”.

Твор, у  якім дрыгва — гэта гіблае асяроддзе для ворага і месца выратавання, “другі дом” для мясцовых жыхароў, спосаб паратунку ад акупантаў у часы войнаў: І.Пташнікаў “Найдорф”.

Твор, у якім балота — найпрыгажэйшы, эстэтычны астравок зямлі з унікальным жывёльным і раслінным светам. У.Караткевіч “Зямля пад белымі крыламі”, Я.Маўр “Палескія рабінзоны”.

Падсумаванне

Дрыгва характарызуе лёс чалавека: яна корміць, выхоўвае, ахоўвае і аберагае, служьщь месцам выратавання ад ворагаў і пазбаўлення ад пакут, а таксама з’яўляецца прыкладам высокай эстэтыкі.

Без балота беларус не бачыць сваёй будучыні: балота неаднойчы дапамагло яму выжыць і будзе дапамагаць далей. Таму з упэўненасцю можна сцвярджаць, адмовіўшыся ад іранічнага адцення, што беларусы — незалежна ад месца іх пражывання — гэта людзі на балоце.

Е) Літаратурная загадка.

Настаўнік прапануе вучням успомніць урывак з апавядання Максіма Гарэцкага “Роднае карэнне”:

…Усё ў полі супакоілася. Ані гуку. Архіп быў y добра-далікатным настроі. “Краіна родная мая…” — мармытаў-пяяў ён ціхенька і думаў-думаў, што будзе праз дзвесце, трыста, чатырыста гадоў тут, наўкола? Калісь тут лясы былі дрымучыя, непраходныя, y лясах людзі пням маліліся і жылі са сваею доляй-нядоляю. Ішло жыццё, высякаліся лясы. Загарцавалі па тутэйшых месцах людзі ваенныя-ратныя, шмат костачак маскоўскіх, польскіх, казацкіх палягло “паміж пустак, балот беларускай зямлі…”. Шведы, французы знаходзілі сабе тут вечны спакой. Божа, божа, як гэта ўсё страшна і цікава!

— Паніч, — загаварыў балагольшчык з нейкім жахам, — вы, мусіць, ведаеце, што ў гэтым балоце, што налева, калісь-то ў даўныя гады цэлы горад за нешта праваліўся скрозьдоння. У ноч купальскую чутны званы падземныя, a каля кургана, дзе манастыр быў даўней, іншыя чулі, як манахі ў скляпах абедню правяць…

— A хто ж гэта чуў? — запытаўся студэнт.

— Усе. Як гэта — хто? Каму траплялася позняй парой бываць тут, апынуцца… Бывае так яшчэ, кажуць: агонь нейкі над балотам бегае. Ты за ім — ён ад цябе, ты бліжэй — ён уцякае. Сіненькі такі, невялічкі аганёк. Кажуць, грошай схавана тут багата пад нейкім вялікім закляццем.

Не дакончыў балагольшчык свае гутаркі, як далёка на полі паказалася на самай зямлі полымя… Гарыць нешта… То шугае ўверх яно, убок, то без сілы збягае ўніз.

Чорная сцень, як чалавечая фігура, прабегла па ім раз-другі.

Праз некалькі часу полымя ўспыхнула ў другім, y трэцім месцы…

Балагольшчык змоўк ад страху. Коні вышэй паднялі галовы і закруцілі вушамі. Сам Архіп пачуў, як закалацілася ў яго сэрца і прыліплі на лбе валасы.

Што за глупства? — уголас загаманіў ён, каб разумна абмеркаваць, адкуль жа тут агонь y столькіх месцах: начлежнікаў на парыні быць не можа, a яшчэ што ж?

Балагольшчык ціха зацмокаў на коней, дыргануў вожкі і нешта ціха шапнуў коням, a тыя пабеглі шпарчэй.

— Ці дапускаеце вы, што народныя легенды ўзніклі не на пустым месцы і што на самай справе вёскі і цэлыя гарады маглі праваліцца скрозь зямлю?

— Ці можаце вы патлумачыць узнікненне загадкавых сініх агеньчыкаў на балотах?

Каб адказаць на гэтыя пытанні, вучні павінны мець добрую падрыхтоўку па фізіцы і геаграфіі. Аднак той факт, што вучні не змогуць патлумачыць названыя, настаўнік можа растлумачыць рамантычным складам нацыянальнага характару, імкненнем усё незнаёмае, невядомае трактаваць не з пазіцыі практыцызму, а з пазіцыі народнай маральнасці.

На слайдах — адказы на пытанні.

Нават сучаснаму чалавеку не па сабе, калі ў прыцемках на балотах пачынаюць скакаць балотныя агні, хоць тлумачэнне гэтай з’явы вядома практычна кожнаму са школьнай лаўкі: балота выпарае метан, які судакранаецца з кіслародам, і адбываюцца ўспышкі… Улічваючы, што глыбіня большасці нашых балот не перавышае 1,5—3 метраў, мабыць, горад ці царква наўрад ці змаглі б спачываць на іх дне.  Хутар у некалькі дамоў цалкам мог апынуцца на дне балота ці возера. Дапусцім, на глыбіні 10— 15 метраў залягае пласт хімічных злучэнняў, якія раствараюцца ў вадзе. Ён раствараецца вельмі павольна. Доўгі час грунт над ім трымаецца (як правіла, гаворка ідзе аб астраўку сярод балота ці возера), а потым утвараецца карставая варонка, і астравок разам з пабудовамі сыходзіць на дно. У Беларусі шмат карставых азёр і балот. Звычайна яны маюць круглую форму і невялікія па памеры, але даволі глыбокія: ад берага дно крута абрываецца ўніз.

Ж) Арганізацыя дыскусіі: “Балота ад Бога ці ад чорта?”

Падказка настаўніку

Настаўніку для правядзення дыскусіі неабходна падзяліць вучняў на дзве групы ці больш, каб кожная група не была больш за 9 чалавек. Пытанне для дыскусіі трэба сфармуляваць такім чынам, каб на яго можна было адказаць: “так” ці “не”. Вучні становяцца адно за адным у цэнтры класа на ўмоўную лінію так, каб тыя, хто не прымае ўдзел у абмеркаванні, бачылі толькі першага. Калі адказ на пытанне бу­дзе станоўчым, то вучні робяць крок улева ад умоўнай лініі, калі адмоўны — упра­ва. Чым больш катэгарычны будзе адказ, тым шырэйшы робіцца крок. Калі вучню цяжка прыняць нейкае рашэнне, то ён застаецца стаяць на лініі. Падчас абмеркавання кожны ўдзельнік можа памяняць сваю пазіцыю, перайшоўшы на другі бок ад умоўнай лініі.

Пытанні для дыскусіі

Першы раўнд

Беларусы ўспрымалі балота як Богам дадзенае асяроддзе, бо знайшлі яму практычнае прымяненне.

Беларусы ўспрымалі балота як Божы праклён, бо ад балота мелі шмат праблем.

Другі раўнд

Меліярацыя — дабро ці зло?

Трэці раўнд

Балота ўплывае на характар беларусаў.

Падказка настаўніку

Для таго каб дыскусія атрымалася сапраўды дыскусіяй, а не маўклівай згодай з найбольш дасведчанымі і ўплывовымі вучнямі ў класе, настаўнік павінен пазнаёміць дзяцей з наступнымі фактамі.

Меркаванні для дыскусіі

Асушэнне балот дазволіла стварыць рабочыя месцы і ўмовы для нармальнага жыцця.

Дзякуючы меліярацыі, сышла ў мінулае ў Пінскім, Лунінецкім, Старобінскім, Салігорскім раёнах такая страшная хвароба, як малярыя.

Значна скарацілася захворванне на сухоты, бо гэта быў біч Беларусі.

На меліяраваных тарфяных глебах рэзка выраслі ўраджаі.

Навукоўцы падлічылі, што адзін гектар натуральных балотных угоддзяў здольны паглынуць каля тоны парніковых газаў. У Беларусі на кожнага жыхара штогод прыходзіцца 6 тон парніковых газаў, у Германіі — 11 тон, у ЗША — 25. У нас — 9212 балот. Да асушэння іх агульная плошча дасягала 2939 тысяч гектараў. Выжыла больш за палову беларускіх балот. 1,7 мільёна гектараў засталося ў натуральным стане.

Старажылы Мінска памятаюць, што раён паміж сучаснымі плошчамі Якуба Коласа і Бангалор стагоддзе назад уяўляў сабой адно вялікае балота. Плошча яго складала 218 га.  Просты люд называў гэтую мясцовасць Камароўкай. У пачатку ХХ ст. яна была адной з самых заняпалых рабочых ускраін старога Мінска, дзе жыла рамесная бедната. Паводле ацэнак санітарнай службы, Камароўка была адным з галоўных ачагоў страўнікава-кішачных інфекцый у горадзе. У 1903 г. фельчар Ула­дзіміраў прамым тэкстам паведаміў уладам Мінска, што Камароўка — небяспечнае месца для жыцця, паколькі тут “засяроджваюцца зараза і камары, а чыноўнікі і заможныя людзі лічаць ганьбай наведваць яе, бо гэта закінуты працоўны і жабрачы квартал”. Нават мясцовая вада выглядала так, што ёй грэбавалі, не хацелі піць. Бруд, хваробы і антысанітарыя былі пастаяннымі спадарожнікамі мясцовых жыхароў.

Больш за ўсё балот Беларусі сканцэнтравана на Палессі. Спецыфіка навакольнага асяроддзя прымушала палешукоў пастаянна быць гатовымі да капрызаў прыроды. Падчас паводак многія мясцовыя вёскі ператвараліся ў гэтакія мініяцюрныя Венецыі, дзе перамяшчацца паміж дамамі можна было толькі на лодках. А пачацца паводкі маглі калі заўгодна, у любы час года. Зразумела, нешта сеяць і вырошчваць тут было вельмі цяжка, што рабіла рэгіён эканамічна неразвітым.

Адсутнасць зямель стымулюе рамесніцкую дзейнасць, прадпрымальніцкую.

Адзін з першых даследчыкаў балот беларускага Палесся генерал Іосіф Жылінскі так пісаў пра яго: “Шырокая плошча да 3 млн дзесяцін адкрытых, пазбаўленай усякай расліннасці балот, разам з такой жа плошчай мокрых лясоў надавала ўсёй краіне чыста балотны характар і рабіла яе непрыдатнай для  земляробчай культуры — так званае балотнае закісанне, якое суправаджаецца вылучэннем шматлікіх міязмаў рабіла гэтую мясцовасць вельмі шкоднаю для здароўя чалавека і жывёл, і насельніцтва Палесся дасягае толькі паўмільёна душ, атрымала сумную вядомасць сваім слабасіллем і каўтуном”.

Выяўляўся каўтун наступным чынам (па-навуковаму гэтая хвароба называецца трыхома): зліпаліся валасы так, што іх немагчыма было расчасаць. Цікава, што выпадкаў захворвання на каўтун сучасная айчынная медыцына не фіксуе ўжо даўно. Хоць яшчэ адразу пасля вайны дэрматолагам часта даводзілася мець з ім справу. Спачатку прычынай хваробы лічылі дрэнную гігіену мясцовых жыхароў. Але на практыцы аказалася, што перад каўтуном усе роўныя — і выкладчыкі, і навуковыя работнікі, і ўрачы. Хоць гэтых людзей цяжка западозрыць у няўменні карыстацца мылам і шампунем. Затое пасля маштабнага асушэння палескіх балот каўтун перастаў выяўляцца.

У Еўропе моцна забалочаныя рэгіёны былі асушаны яшчэ да сярэдзіны XIX ст. Асабліва актыўна асушэнне праходзіла ў перыяд прамысловай рэвалюцыі. Беларусі такі шлях яшчэ толькі трэба было прайсці. “Для Беларусі меліярацыя была аб’ектыўнай неабходнасцю”, — сказаў галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута меліярацыі прафесар Анатоль Меяроўскі. Ці не жарт: не самая маленькая краіна на карце Еўропы літаральна задыхалася ад беззямелля.

Дзякуючы гэтым вызваленым ад балотнага палону землям, сучаснай Беларусі ўдалося дасягнуць харчовай бяспекі.

У нетрах балот змяшчаецца 11 500 км3 прэснай вады. Гэта ў пяць разоў больш, чым ва ўсіх рэках свету (2100 км3), і амаль у 14 500 разоў больш за аб’ём вады ў возеры Нарач (0,8 км3).

Зараз незалежная Беларусь займае лідзіруючае месца па вытворчасці торфабрыкету — ад 0,82 да 1,36 млн тон штогод.

На балотах жыве больш за 40% відаў птушак, 30 працэнтаў відаў насякомых, расце больш за 40 працэнтаў відаў дзікарослых раслін, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

Каля 40 % сусветнай папуляцыі вяртлявай чарацянкі, 10% вялікага падворліка, 3% дупеля — відаў, якія знаходзяцца пад пагрозай глабальнага знікнення, — насяляюць балоты Беларусі.

  1. Кантрольна-ацэначны этап

Настаўнік вяртае вучняў да самага пачатку ўрока, да ключавога пытання: “Ці можна балота назваць сімвалам Беларусі?”

Вучні выказваюць свае меркаванні. Паказчыкам таго, што мэта ўрока дасягнута, будзе ўменне вучняў аргументаваць свой адказ літаратурным, моўным, фактычным зместам урока, які ўказваў бы  на непасрэдны ўплыў балота як часткі ландшафту Беларусі на культуру, традыцыі, характар народа.

  1. Рэфлексіўны этап

Настаўнік раздае кожнаму вучню па канцылярскай сашчэпцы, просіць разагнуць сашчэпку так, каб утварыўся роўны пруток. Вучні выконваюць заданне. Затым настаўнік просіць з роўнага прутка зноў зрабіць сашчэпку.

Абмеркаванне:

— Чаму не ва ўсіх атрымалася са­браць сашчэпку?

— Ці вельмі падобна нанава складзеная сашчэпка да той, што разагнулі?

Падсумаванне

Так і з балотам. Спачатку мы празмерна захапіліся асушэннем, палічыўшы гэта эфектыўным і эканамічным спосабам выкарыстання балот. Цяпер, калі відавочнымі сталі ўсе негатыўныя наступствы паспешлівага асушэння, стараемся вярнуць балотам іх ранейшы выгляд. Ці проста гэта зрабіць? Якое вы бачыце выйсце?

Ёсць верагоднасць, што дзеці на ўзор выканання практыкавання з сашчэпкай скажуць, што неабходна мець нейкі станоўчы прыклад. Можа, нехта палічыць гэта за магчымасць прыдумаць новае, альтэрнатыўнае прымяненне балоту, паколькі старое, як вядома, вярнуць немагчыма.

На заканчэнне настаўнік дзякуе вучням за работу на ўроку і выказвае спадзяванне, што дзякуючы новым прыродазберагальным падыходам да балотных рэсурсаў вобраз балота ў культуры і літаратуры набывае новы сімвалічны змест і сэнс.

Галіна СУХАВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 8 Віцебска,
настаўнік-метадыст, член клуба “Крыштальны журавель”.