Ці можа чалавек скокнуць вышэй за сябе? Ведае настаўнік фізічнай культуры і здароўя Ясенскай школы Максім Мікуліч

- 10:20Портфолио, Приложение, Репортаж

На занятках у настаўніка фізічнай культуры і здароўя Ясенскай сярэдняй школы Асіповіцкага раёна фіналіста конкурсу “Настаўнік года” Максіма Мікуліча паспяховы кожны вучань. Нават той, хто з прычыны асаблівасцей арганізма не можа зрабіць пэўныя практыкаванні. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты“.

У гэтым пераканалася на ўроку педагога ў 7 класе, прысвечаным адпрацоўцы тэхнікі выканання скачка ў вышыню спосабам “пераступанне”.

Скокнуць вышэй за сябе

 — Максім Мікалаевіч, цікава, ці можа чалавек скокнуць вышэй за сябе? — удакладняю ў педагога перад урокам, даведаўшыся пра яго тэму. — Якое ваша асабістае дасягненне?

 — Гледзячы хто будзе скакаць, — гаворыць настаўнік. — Сусветны рэкорд па скачках у вышыню ў мужчын складае 245 см, а ў жанчын — 209 см. Маё асабістае дасягненне 165 см. Сябе пакуль не змог пераскочыць. А маім сямікласнікам, каб атрымаць 10 балаў, трэба скок­нуць у вышыню на 1 метр 10 см (для дзяўчынак) і на 1 метр 15 см (для хлопчыкаў).

Урок пачынаецца з пастраення. Максім Мікалаевіч цікавіцца настроем вучняў і агучвае задачы ўрока: удасканальваць тэхніку скачка ў вышыню спосабам “пераступанне”, развіваць хуткасна-сілавыя якасці і інтэлектуальныя здольнасці.

— Хто памятае вышыню валейбольнай сеткі ў мужчын? — стварае інтрыгу сваім пытаннем педагог. — А можа хтосьці ведае, які рэкорд свету ў скачках у вышыню сярод мужчын?

Дзеці выказваюць здагадкі, а Максім Мікалаевіч працягвае:

— Нагадаю, што вышыня сеткі ў мужчын 2 метры 43 сантыметры. У 1993 годзе кубінец Хаўер Сатамаёр устанавіў сусветны рэкорд у скачках у вышыню, які існуе дагэтуль. Як вы думаеце, пераскочыў ён валейбольную сетку ці не? Даведаемся пра гэта ў канцы ўрока. А вось у жанчын лепшы вынік паказала Стэфка Каста­дзінава, якая ў 1987 годзе скокнула на 209 см. Ніхто пакуль не змог узняцца вышэй. Паглядзім відэа са спаборніцтваў, дзе былі ўстаноўлены гэтыя сусветныя рэкорды.

Дзеці збіраюцца каля экрана камп’ютара.

Перш чым перайсці да фізічнай актыўнасці, педагог прапануе вучням памераць пульс. Сярэдні паказчык частаты сардэчных скарачэнняў у спакоі складае для ўзросту 12—13 гадоў 85—87 удараў у мінуту. Размінка прахо­дзіць з музычным суправаджэннем. Спачатку дзеці ідуць хуткім крокам (рознымі яго відамі), затым пераходзяць на бег (рознымі відамі) і зноў на крок. Падчас размінкі кожны вучань дэманструе класу “сваё” практыкаванне на каардынацыйнай лесвіцы. Завяршаецца размінка практыкаваннямі на аднаўленне дыхання. Пасля прабежкі зноў вымяраецца пульс.

Паднімаем планку

У спартзале размешчаны сектар для скачкоў у вышыню, абсталяваны планкай на трымальніках і месцам для прызямлення. Максім Мікалаевіч прапануе дзецям сабрацца вакол яго і ўключае  на планшэце відэа з эталонным скачком у вышыню спосабам “пераступанне”. Аналізуюцца ўсе нюан­сы.

— Нагадаю асноўныя моманты тэхнікі скачка, — адзначае настаўнік.  — Разбег ажыццяўляем пад вуглом, потым робім штуршок і махавы рух нагамі (як у практыкаванні “Нажніцы”). Адштурхоўвацца ад падлогі трэба нагой, якая з’яўляецца для вас штуршковай, потым пераходзіце праз планку (або планка злятае) і прызямляецеся на маты на ногі. Нагадаю, што спроба ў скачках у вышыню лічыцца няўдалай, калі ў выніку планка не ўтрымалася на стойках, спартсмен закрануў паверхню сектара, у тым ліку месца прызямлення, да таго, як ён пераадолеў планку, або спарт­смен адштурхнуўся дзвюма нагамі.

Пачынаем з вышыні ў 70 см — гэта на 1 бал для дзяўчынак у 7 класе. Паступова планка будзе паднімацца.

Спачатку вучні дэманструюць тэхніку скачка без планкі. Далей выконваюць скачкі праз планку на адпрацоўку тэхнікі, а пасля — на вынік (спаборніцкі метад). Педагог падбадзёрвае:

— Уявіце, што вы ажыццяў­ляеце свой лепшы скачок у вышыню, устанаўліваеце асабіс­ты рэкорд, а можа, і рэкорд школы, паказваеце ідэальную тэхніку.

Планка паступова паднімаецца да самай высокай адзнакі. З вуснаў педагога гучаць каментарыі:

— Вышэй ногі, паднімаем штуршковую нагу! Бліжэй да планкі, у цябе няма маху. Працуем на вынік!

Тыя, хто выбывае, не можа скакаць, адыходзяць убок і ро­бяць скачкі са скакалкай.

Большасць вучняў працуе вельмі добра, планка не злятае. Максім Мікалаевіч здымае на відэа асобныя скачкі і потым ра­зам з дзецьмі аналізуе іх тэхніку, прапануе карэкціроўкі. 

Дзяўчынкі супраць хлопчыкаў

У сярэдзіне ўрока Максім Мікалаевіч праводзіць кругавую трэніроўку. Вучні дзеляцца на пары. На кожнай станцыі першыя нумары выконваюць практыкаванні на развіццё хуткасна-сілавых якасцей (скачкі праз бервяно, прысяданне з набіўным мячом, выскокванні з поўнага прыседу з набіўным мячом, удасканаленне тэхнікі скачка ў вышыню спосабам “пераступанне”). Пакуль першыя нумары працуюць фізічна, другія знаёмяцца з тэарэтычным матэрыялам, размешчаным на картках, па тэме ўрока. Яны даведаюцца, напрыклад, пра тое, што спартсмену на спаборніцтвах даецца па тры спробы на кожнай вышыні, што ён мае права прапусціць вышыню, пры гэтым нявыкарыстаныя на прапушчанай вышыні спробы не назапашваюцца. Калі спартсмен здзейс­ніў няўдалую спробу (ці дзве), ён можа пераносіць нявыкарыстаныя (адпаведна, дзве ці адну) спробы на наступныя вышыні. Вучні таксама знахо­дзяць адказ на пытанне, пастаўленае ў пачатку ўрока: сусветны рэкорд па скачках у вышыню, які ўстанавіў Хаўер Сатамаёр, складае 245 см, і робяць выснову, што праз валейбольную сетку ён пераскочыў.

— Прапаную правесці батл “Дзяўчынкі супраць хлопчыкаў”, — працягвае Максім Мікалаевіч.

Навучэнцы дзеляцца на дзве групы і выконваюць тэст (адна група на камп’ютары, другая на планшэце), прымяняючы веды, набытыя ў ходзе кругавой трэніроўкі.

Перамагла каманда хлопчыкаў.

Пытанні тэорыі:

  1. Якога віду скачка няма ў лёгкай атлетыцы? Варыянты: у даўжыню з шастом; трайны ў даўжыню; у вышыню з шастом; у вышыню; у даўжыню. 2. Якія спосабы скачка ў вышыню існуюць? Варыянты: пераступанне; хваля; перакочванне; перакідны; перавал; фосберы-флоп. 3. Спартсмен разбегся, адштурхнуўся дзвюма нагамі і пераадолеў вышыню.
    Ці будзе залічаны яго вынік? Ва­рыянты: так, бо ён узяў вышыню; не, ён парушыў правілы спаборніц­тваў. 4. Спартсмен выканаў дзве няўдалыя спробы на вышыні 110 см і перанёс спробы на вышыню 115 см. Колькі спроб яму даецца на пераадоленне гэтай вышыні? Варыянты: адна; дзве; тры. 5. Якая адлегласць паміж трымальнікамі планкі? Варыянты: 3 метры; 4 метры; 5 метраў.

У канцы ўрока сямікласнікі атрымліваюць адзнакі і заданне на дом: знайсці адказ на пытанне, ці пераскочыла Стэфка Каста­дзінава жаночую валейбольную сетку?

Важны асабісты вынік дзіцяці

— Асаблівасць урокаў фізкультуры ў тым, што на іх не ставіцца мэта ў звыклым яе ра­зуменні. Яна сфармулявана ў адукацыйным стандарце і да яе вучні імкнуцца на працягу ўсяго вучэбнага працэсу з 1 па 11 клас. Для канкрэтнага ж урока фармулююцца задачы, — адзначае Максім Мікалаевіч. — Яшчэ асаблі­васць праграмы па фізкультуры ў тым, што тыя ж скачкі, бег, кіданне развучваюцца амаль што з пачатковай школы і з кожным годам удасканальваюцца.

Сёння ў межах раздзела “Лёгкая атлетыка” мы працягнулі вывучаць тэму “Скачкі ў вышыню спосабам “пераступанне”. Асноўнай задачай было ўдасканальваць гэтую тэхніку. Спосаб “пераступанне” самы бяспечны. Нават калі дзеці не пераадоле­юць вышыню, яны ўсяго толькі саб’­юць планку нагой, але ў любым выпадку будуць прызямляцца на мат. Прафесійным лічыцца спосаб скачка “фосберы-флоп”, калі спарт­мен пера­адольвае планку, знаходзячыся да яе спінай.

Для ўрокаў фізкультуры прымяняецца паняцце “маторная шчыльнасць” — гэта працэнт часу на ўроку, калі дзеці рухаюцца. Чым большая маторная шчыль­насць, тым лепш. Але гэты паказчык залежыць ад тыпу ўрока. Калі гэта вывучэнне новага матэрыялу або кантрольны ўрок, на якім вучань чакае сваёй спробы зрабіць заданне, то маторная шчыль­насць будзе меншай. У сённяшняга ўрока была даволі высокая маторная шчыльнасць, большую яго частку дзеці знахо­дзіліся ў руху.

Пачыналі мы са скачкоў на вышыні 70 см. Адна вучаніца паказала тэхніку скачка без планкі, перашкоду пераадолець не адважылася. Таму я даў ёй заданне паскакаць на скакалцы. Яшчэ яна дапамагала мне перамяшчаць планку падчас выканання дзецьмі скачкоў. Гэта вельмі адказная дзяўчынка, заўсёды рыхтуе тэорыю па прадмеце і працуе на ўроку па сваіх фізічных магчымасцях. Упэўнены, што вы звярнулі ўвагу і на Арама Сулімскага, спартыўнага хлопчыка, які бярэ вышыню ў 1 м 35 см — гэта, між іншым, вынік на 10 балаў для 11 класа. Ён і яго сястра Русаліна 2 гады запар удзель­нічалі і ў цяперашні час рыхтуюцца да ўдзелу ў раённых спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, якія пройдуць у маі.

Для мяне важны асабісты вынік дзіцяці, каб параўнаць, якім яно было ў пачатку года і ў канцы. Заўсёды іду на сустрэчу старанным вучням. Не можаш здаць нарматыў — атрымай фізічную нагрузку на ўроку іншым спосабам, падрыхтуй тэорыю, папрацуй маім памочнікам, дапамажы ў судзействе. Не варта спаборнічаць з іншымі дзецьмі. Фізіялагічна ўсе людзі розныя. Напрыклад, у бегу ёсць спрынтары і стаеры. У іх розная структура мышачнага валакна.

Удзельнічаюць усе

У Ясенскай сярэдняй школе навучаецца ўсяго 63 дзіцяці, у класах па 5—6 чалавек. Камандныя віды спорту ў малакамплектнай сельскай школе развіваць складаней, не хапае гульнявой практыкі, затое можна ўдзяляць увагу кожнаму вучню ў індыві­дуальных відах, такіх як гімнастыка, лёгкая атлетыка, лыжныя гонкі, настольны тэніс. Вучні Максіма Мікалаевіча ўдзельнічаюць у раённых і абласных спаборніц­твах па настольным тэнісе, лёгкай атлетыцы, у лыжных гонках, мнагаборстве “Абаронца Айчыны”, “Снежным снайперы” і г.д.

Педагог стаў ініцыятарам знакавых спартыўных па­дзей у школе. У пачатку І чвэрці пад кіраўніц­твам Максіма Мікалаевіча ўся школа звычайна адпраўляец­ца ў паход у найбліжэйшы лес. У канцы ІІ чвэрці ў спартзале педагог праводзіць “Свята гімнастыкі”. Гэта паказальныя выступ­ленні, у якіх ад кожнага класа, пачынаючы з 3—4 класа, удзельніча­юць найбольш здольныя вучні, дэманстру­юць свае дасягненні ў акрабатыцы і на гімнастычных снарадах. На свята збіраецца ўся школа. У ІІІ чвэрці педагог арганізуе спаборніцтвы па скачках у вышыню “Ясенскі конік”, а ў маі — “Забег у будучыню”, калі дзеці бягуць на дыстанцыю, роўную ліку будучага года (у гэтым годзе гэта будзе 2024 метры).

Відэааналіз і перавернуты ўрок

Максім Мікалаевіч выкладае ў школе не толькі фізкультуру, але і інфарматыку (для гэтага ён прайшоў перападрыхтоўку ў БДПУ імя Максіма Танка), працоўнае навучанне і дапрызыўную падрыхтоўку. У вольны час педагог захапляецца валейболам, наведвае гульні разам з такімі ж аматарамі ў Асіповічах, удзельнічае ў раённых спаборніц­твах. Акрамя таго, ён паспяхова развіваецца ў праграмаванні. Распрацаваў праграму для складання комплексаў агульнаразвіццё­вых практыкаванняў “Канструктар АРП” і ЭСН па акрабатыцы, які змяшчае ўзоры эталоннага выканання акрабатычных практыкаванняў (і іх камбінацый) у адпаведнас­ці з праграмай 5—11 класаў. У якасці эталона могуць выступаць відэафрагменты з розных крыніц: трансляцыі спаборніц­тваў, вучэбныя фільмы, кампаненты ЭСН, а таксама запіс пэўнага дзеяння непасрэдна самім настаўнікам або найбольш пад­рыхтаваным вучнем. Прыярытэт варта адда­ваць менавіта відэа рухальнага дзеяння навучэнца. Пажадана ў якасці ма­дэлей выбіраць аднагодкаў сваіх вучняў.

Яшчэ адзін аўтарскі праграмны прадукт Максіма Мікалаевіча “Секундамер фізрука 2.0” дапаможа аператыўна адказваць на пытанні вучня пасля здадзенага ім нарматыву: “А колькі мне?” і “А колькі на “дзясятку” (“дзявятку”, “васьмёрку” і г. д.)?”.

Вучні Максіма Мікуліча ўдзельнічаюць у раённых і абласных спаборніцтвах па настольным тэнісе, лёгкай атлетыцы, у лыжных гонках, мнагаборстве “Абаронца Айчыны”, “Снежным снайперы” і г.д.

MiKULiCH BY — так называецца YouTube-канал педагога, на якім размешчаны відэаінструкцыі да ўсіх апісаных вышэй праграм. Самі ж праграмы можна спампаваць па спасылках, якія знахо­дзяцца ў апісанні да відэа. Можна скарыстацца і сайтам http://mikulich.www.by.

Максім Мікуліч з’яўляецца членам клуба “Крыштальны журавель”, праводзіць адкрытыя ўрокі і майстар-класы, выступае на метадычных семінарах і канферэнцыях, дзеліцца з калегамі напрацоўкамі па ўкараненні ў адукацыйны працэс тэхналогіі відэааналізу. Сутнасць метаду заключаецца ў аналізе рухальнага дзеяння, зафіксаванага праз відэаздымкі. Гэта можа быць або эталоннае відэа (узор выканання), або відэа рухальнага дзеяння навучэнца (на розных этапах яго асваення). З поспехам педагог прымяняе тэхналогію перавернутага навучання, у аснове якой — ідэя апера­джальнага дамашняга задання. На ўроках у класічнай звязцы аповед-паказ-выкананне-карэкцыя без страты якасці Максім Мікалаевіч скарачае час на аповед і паказ і павялічвае час на выкананне і карэкцыю. Навучэнцы прыхо­дзяць на ўрок фізкультуры ўжо маючы ўяўленне аб рухальным дзеянні (практыкаванні), якое ім трэба будзе асвоіць.

 

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара