Ці патрэбен у гарадской школе агарод? У 12-й рэчыцкай ведаюць адказ на гэтае пытанне

- 14:18Школьный участок

Чаму варта гарадзіць агарод пры гарадской школе, высаджваць пры ёй пладовыя дрэвы і ягадныя кусты, праяўляць крэатыў і стараннасць для ўпрыгажэння і азелянення тэрыторыі? Дырэктар 12-­й сярэдняй школы Рэчыцы Галіна Чувашава ўпэўнена: праца на зямлі — усім на карысць. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Сялянскія карані

Галоўны элемент ва ўсім, пра што збіраюся расказаць, — сама Галіна Уладзіміраўна і яе паплечнікі па развіцці ў гарадскіх умовах агародніцтва, і садоўніцтва, і кветкаводства таксама. Сярод іх дырэктар з асаблівай удзячнасцю называе дваіх: па садзе і агародзе шмат клопатаў бярэ на сябе настаўнік біялогіі і працоўнага навучання Уладзімір Абібок, а ў дызайнерскім, кветкавым афармленні тэрыторыі праяўляе творчую ініцыятыву і добры густ Наталля Марынчык, намеснік дырэктара па гаспадарчай рабоце.

Пачалі мы экскурсію па пры­школьнай тэрыторыі з саду на­дзеі, у якім ужо 78 яблынь і груш. Закладвалі сад на месцы старога, раскарчаванага толькі летась, ды ўжо на некаторых яблыньках наліваюцца сокам плады. З заўважнай асалодай паказвае дырэктар: “Гэтую, глядзіце, яблыньку мы пасадзілі. Прыгажуня! Часам бачу: дзеці забягаюць і глядзяць, як імі пасаджанае дрэўца расце. Я ўпэўнена: запытай цяпер у іх, нават летам, дома, ці ёсць на іх яблыньках і грушах плады, яны адкажуць і, можа, нават колькі скажуць”.

Заглянуў на сайт школы, у фотагалерэі ёсць здымкі, размешчаныя 22 красавіка 2024 года. На іх бачна, што сад садзілі сем’ямі, разам дарослыя і дзеці, бабулі і дзядулі некаторых прыйшлі. Сапраўднае свята! Галіна Чувашава патлумачыла, што высаджвалі тады сад выпускнікі дзіцячага садка, пачатковай школы, выпускнікі ІІ і ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Прычым усе прыйшлі са сваімі саджанцамі.

А сёлета вясной традыцыю прадоўжылі. На тых яблыньках бачны надпіс, што пасаджаны яны ў гонар 80-годдзя Вялікай Перамогі. Дарэчы, Галіна Уладзіміраўна з цікавасцю ўспрыняла ідэю прысвяціць некаторыя з яблынь у садзе надзеі, які будзе расці-пашырацца, героям Вялікай Айчыннай вайны. У прыватнасці, Герою Расіі Віктару Траццякевічу, які быў на самай справе камісарам падпольнай камсамольскай арганізацыі “Молодая гвардия” ў Краснадоне, да таго ж меў сялянскія карані па бацьках з Беларусі — з Іўеўскага раё­на Гродзеншчыны.

“Я і сама сялянскай працы не баюся, бо з вёскі Бронная родам — гэта ў прыгарадзе Рэчыцы, — заўважае Галіна Уладзі­міраўна. — І калі тут усё разгорт­вала пры школе, то крыху была трывога: хто ж мне будзе дапамагаць? Як гэта ўспрымуць? Тут усе вучні гарадскія, пра такіх ка­жуць: на асфальце выраслі. А часам жартуюць, што яны ж і булкі на дрэвах у вёсцы шукаюць, калі трапляюць туды. І што кефір для іх дае нейкая асаблівая парода кароў. Але калі высадзілі асноўны сад наш, то ўбачыла: зямля мае велізарную прыцягальную сілу. Мы на генным узроўні ўсе з ёй моцна паяднаныя. Што там нейкія штучныя гаджэты… Але варта педагогам разумна, патрохі тую любоў, прыхаваную ў малых гараджанах, абуджаць і развіваць”.

Аглядаючы плады, лісточкі, радуемся: дрэўцы прама-такі буя­юць. Дырэктар не хавае, што належны догляд ім забяспечвае згаданы Уладзімір Абібок: “Чым апрацоўвае — не ведаю, але ж бачыце: эфектыўна! Яму я давяраю. Сам ро­біць растворы, у яго свой распыляльнік — прыносіць з дому. І ёсць вынік: будзе першы ўраджай”.

Рухаемся пры садзе туды, дзе закладзены немалы ўчастак буякоў, і ўжо ягады бадай што на ўсіх кусціках. Галіна Чувашава адзначае, што іх сад надзеі такім акцэнтам адметны ад іншых: “Тут вельмі добры догляд. Кіслай глебы з лесу пад кусты прывезлі, у спецыяльнай траншэі высадзілі, спанбондам прыкрылі, чым трэба — Уладзімір Канстанцінавіч падкормлівае кусты”.

Цяпер іх, дарэчы, 48. Куплялі ў калег-педагогаў з Чачэрскага раёна: вырашылі падтрымаць іх. У Залескай школе, дзе дырэктарам працуе Яўген Цалко, займаюцца вырошчваннем саджанцаў.

Што адкуль бярэцца?

На тэрыторыі пры 12-й школе распрацавалі пару сотак пад агарод, паставілі дзве цяпліцы — па 6 метраў даўжынёй кожная. Такі вектар руху школе задала Галіна Чувашава. На акуратных градках растуць капуста розных гатункаў, морква, буракі…

— Усяго патроху, каб дзеці бачылі-ведалі, што адкуль бярэцца, — раскрывае задуму дырэктар. — У цяпліцах вырошчваем агуркі, памідоры, перцы, баклажаны. Вядома ж, маем ад такой дзейнасці прыбытак.

На градках улетку працуе наш атрад са школьнага лагера працы і адпачынку. Так забяспечана занятасць вучняў, а ўсіх у нас іх 540. Не ламаем галаву, дзе б знайсці хоць якую грамадска карысную працу: яе заўсёды хапае ў садзе, агародзе, у цяпліцах і на кветніках, на добраўпарадкаванні тэрыторыі.

Галіна Уладзіміраўна лічыць, што праца на зямлі дапамагае глыбей адчуць сувязь з ёй, асэнсаваць важныя жыццёвыя з’явы. А з такіх пачуццяў, як вядома, з гадамі вырастае і патрыятызм — любоў да Радзімы. Нездарма прынята гаварыць пра карані роду, пра дрэва жыцця: такія вобразы адлюстроўваюць знакавыя светапоглядныя катэгорыі.

А нібыта ўсё так проста. Летась паставілі адну цяпліцу, добра папрацавалі ў ёй — атрымалі прыбытак. І сродкі ад пазабюджэтнай дзейнасці ўклалі ў новую. Назапашваецца вопыт, развіваюцца і выхоўваюцца вучні, павышаецца дабрабыт школы. І колькі новых эмоцый, уражанняў! А ці ўдзельнічае сама Галіна Уладзі­міраўна ў такой працы?

“А як жа інакш?! — не хавае здзіўлення. — Заўсёды разам з дзецьмі: я ж па спецыяльнасці нас­таўніца пачатковых класаў. Паказ­ваю ім, як напоўніць добрай зямлёй пластыкавую форму ад ёгурта, далей — зярняткі, насенне туды, паліваем. І назіраем, як што расце-развіваецца, рассаджваем, праполваем. Бачыце: і каля цяплічкі ў нас зямля не гуляе. Тут радочкі шпінату, пятрушкі, базіліку…”

Кветкі і мальберт

У школе ўмеюць вырошч­ваць на падаконнях расаду кветак. Развялі прыгожыя ружы розных гатункаў. Эксперыментуюць з кампазіцыямі і малымі архітэктурнымі формамі.

Арыгінальна выпісана пры ўваходзе назва школы. Тут жа зрабілі кветнік у выгля­дзе шахматнай дошкі — проста і прыгожа. Нават створана міні-сажалка… з качкамі, пад якіх стылізавалі камяні.

IMG_7647
ДОП_IMG_7646
IMG_7669
IMG_7663
IMG_7671
IMG_7659
IMG_7647 ДОП_IMG_7646 IMG_7669 IMG_7663 IMG_7671 IMG_7659

Прыгожы мурал ёсць у дворыку школы. Там жа паказвала дырэктар і вялізны стылізаваны мальберт, палітра на якім — гаршкі з кветкамі. Ёсць і цалкам практычнае збудаванне — вялізнае агароднінасховішча. Яно з добрай вентыляцыяй, туды ўвосень закладваюць па 8—10 тон бульбы — для ўсіх устаноў адукацыі горада. Так што ўраджай школьны можа быць і большым — не прападзе. І пра зберажэнне яблыкаў, якіх штогод будзе большаць у садзе надзеі, у 12-й школе таксама думаюць.

…Як добрага вясковага гаспадара відаць па знешнім выглядзе сядзібы, так і дырэктара школы — па тым, што робіцца вакол яе. Можна парадавацца, што ў гарадской школе ў аграаптымісткі Галіны Чувашавай знайшліся аднадумцы, паплечнікі, якія падтрымалі яе смелыя задумы. Зрэшты, так спрадвеку і было заведзена ў нашым народзе: рабіць добрыя справы разам. Дружнай талакой.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара