Цікава аб Паднябеснай

- 11:31Адукацыйная прастора

Мацнеюць сувязі і ўзаемная цікавасць паміж Беларуссю і Кітаем. Кітайскія студэнты атрымліваюць адукацыю ва ўніверсітэтах Гродна, а нашы школьнікі ўсё больш актыўна вывучаюць кітайскую мову.

Адзін з дзён у гімназіі № 10 Гродна быў прысвечаны беларуска-кітайскай дружбе. Удзельнікамі свята сталі навучэнцы нашай гімназіі, а таксама дзеці з Гродзенскай гарадской гімназіі і сярэдняй школы № 18.

Фае, некаторыя кабінеты і нават сталовая гімназіі былі аформлены ў кітайскім стылі. У холе гучалі кітайскія мелодыі і дэманстраваліся відэаролікі аб Паднябеснай. Усе выкладчыкі віталі адно аднаго выключна па-кітайску. У госці да нас прыйшлі куратар студэнтаў КНР пры ГрДУ Ван Таа, выкладчыкі кітайскай мовы, а таксама студэнты з Кітая.

Вядучыя расказалі дзецям цікавыя факты з гісторыі і культуры Кітайскай Народнай Рэспублікі. Студэнты выканалі традыцыйны кітайскі танец з парасонамі. А потым усім было прапанавана здзейсніць захапляльнае падарожжа па Паднябеснай. Удзельнікі гульні падзяліліся на каманды, якія называліся “Чырвоныя драконы”, “Зялёныя панды” і “Жоўтыя тыгры”. Кожная каманда атрымала свой маршрутны ліст, і падарожнікі адправіліся па станцыях.

На станцыі “Кітайская грамата” дзеці адкрылі для сябе свет кітайскай літаратуры, даведаліся пра гісторыю ўзнікнення пісьменства ў Кітаі, працавалі з афарызмамі Канфуцыя.

У “Кітайскай майстэрні” быў арганізаваны майстар-клас па напісанні іерогліфаў. Пад кіраўніцтвам настаўніцы мастацтва гімназіі № 10 Гродна Юльяны Івашкевіч дзеці пазнаёміліся з правіламі напісання іерогліфаў “шчасце”, “сяброўства” і самі змаглі напісаць іх.

У спартыўнай зале была арганізавана станцыя “Кітай спартыўны”. Тут каманды даведаліся аб кітайскіх баявых мастацтвах, асаблівасцях іх выкарыстання для здароўя і самаабароны. Настаўнікі фізічнай культуры і здароўя прапанавалі ўдзельнікам гульні зрабіць некалькі практыкаванняў з традыцыйнай кітайскай гімнастыкі.

Трапіўшы на станцыю “Загадкі Кітая”, падарожнікі павінны былі адказаць на пытанні інтэрактыўнай віктарыны. А падарункам для ўсіх стала сапраўдная кітайская чайная цырымонія. Яе правяла выкладчык кітайскай мовы Ван Ланьфан. Дзяўчына расказала, што чаяванне ў Кітаі — гэта мастацтва. Прыгатаваным у сапраўдным кітайскім посудзе напіткам і прысмакамі, выпечанымі да свята Месяца, арганізатары пачаставалі ўдзельнікаў гульні-падарожжа.

Напрыканцы мерапрыемства ў знак цёплай дружбы паміж народамі Беларусі і Кітая пад гукі кітайскай песні ў неба ўзляцелі чырвоныя і жоўтыя шары.

Таццяна ЯРОМА,
настаўніца пачатковых класаў;
Ганна МІХАЙЛОЎСКАЯ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 10 Гродна.