Цікава і з карысцю

- 10:07Адукацыйная прастора

Задоўга да летніх канікул кіраўніцтва сярэдняй школы № 39 Гродна вырашыла паклапаціцца пра тое, каб адпачынак быў карысным і цікавым для навучэнцаў. У школе прайшоў дзень адкрытых дзвярэй, у якім прынялі ўдзел установы дадатковай адукацыі горада.

— Праект “Тэрыторыя шчаслівага дзяцінства” рэалізоўваецца ў нашай школе з лютага мінулага года, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Дзіна Хутарная. — Першапачаткова праект прадугледжваў арганізацыю мерапрыемстваў шостага дня, але з цягам часу яны распаўсюдзіліся і на канікулярны час. Мы запрасілі пяць устаноў дадатковай адукацыі горада, каб пашырыць гэтую дзейнасць, расказаць дзецям і бацькам, якія кірункі работы будуць прапанаваны ў вольны час, каб можна было выбраць занятак на лета.

Трэба адзначыць, што 39-я школа пабудавана ў новым жылым раёне — Альшанцы. Ён знаходзіцца далёка ад цэнтра, і школа стала месцам правядзення спартыўных і культурных мерапрыемстваў для жыхароў мікрараёна. Вучацца ў школе 2600 дзяцей, таму арганізацыя пазакласнай работы і вольнага часу навучэнцаў — важны кірунак дзейнасці навучальнай установы.

У школе працуе 27 гурткоў і спартыўных секцый. “Тэрыторыя шчаслівага дзяцінства” ахоплівае гульнявыя пляцоўкі, гурткі “Юны мастак”, дзе дзеці малююць на сапраўдных мальбертах, “Ачумелыя ручкі”, “Кнігачэй”, “Барбарыкі”, дзе можна спяваць пад караоке і выходзіць на сапраўдную сцэну.

У госці да школьнікаў прыходзілі таксама прадстаўнікі Гродзенскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі, абласных цэнтраў турызму і краязнаўства, эколага-біялагічнага, тэхнічнай творчасці, цэнтра “Прамень”. Кожная арганізацыя разгарнула інтэрактыўную пляцоўку і правяла майстар- класы. Госці прэзентавалі звыш 20 гурткоў і творчых аб’яднанняў, якія будуць працаваць у школе падчас канікул.

— Разам з традыцыйнымі кірункамі работы мы паказалі дзецям і сучасныя, — расказвае загадчык аддзела методык і тэхналогій дадатковай адукацыі Гродзенскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Вольга Дзенясевіч. — Можна было зрабіць ляльку-абярэг, паспрабаваць сябе ў традыцыйным ткацтве, а таксама ў дудлінгу — гэта такі спосаб малявання.

Галоўнае, усё можна было не толькі ўбачыць, але і паспрабаваць. Хтосьці прымаў удзел у гульні ў шахматы і шашкі, нехта клеіў з паперы танк, а хтосьці вучыўся даглядаць маленькіх гадаванцаў. Можна было нават прымераць даспехі сярэдневяковага рыцара, якія прывёз у школу клуб “Гістарычная рэканструкцыя”.

Работа пляцовак была арганізавана ў тры змены, таму дзень адкрытых дзвярэй “Тэрыторыі шчаслівага дзяцінства” наведалі амаль усе вучні школы і даведаліся, чым можна заняцца падчас канікул.

Супрацоўніцтва 39-й школы з установамі дадатковай адукацыі пачалося летам 2016 года і аказалася даволі паспяховым. Гродзенскі абласны цэнтр турызму і краязнаўства арганізаваў чатыры бясплатныя экскурсіі па горадзе для школьнікаў і іх бацькоў.

Такім чынам, сумесная дзейнасць школы і ўстаноў дадатковай адукацыі дае магчымасць праводзіць канікулы карысна і бяспечна.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.