Цікавы эксперымент

- 23:41Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

У Гродне ўпершыню быў арганізаваны лагер для юных даследчыкаў біялогіі.

Арганізатарам такога незвычайнага лагера для старшакласнікаў выступіў Гродзенскі дзяржаўны абласны эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі. Цікава і з карысцю правесці час на канікулах атрымалі магчымасць школьнікі 13—16 гадоў, якія цікавяцца біялогіяй, экалогіяй, хіміяй, навакольным асяроддзем. Некаторыя з іх ма­раць не толькі займацца гэтымі навукамі ў будучыні, але і стаць вучонымі ў галіне медыцыны, экалогіі. Школьнікі прынялі ўдзел у пастаноўцы эксперыментаў, у майстар-класах, віктарынах і тэматычных квестах, наведалі ветэрынарную клініку, музей лесу.

— Асаблівасць лагера — сацыяльнае партнёрства з установамі вышэйшай адукацыі, дзякуючы якому навучэнцы змаглі пабываць у ролі сапраўдных навукоўцаў, — паведаміла дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Таццяна Гінч. — Заняткі прахо­дзяць на базе Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, ГрДУ імя Янкі Купалы і Інстытута біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў, а таксама на базе  Гродзенскага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання. Праграма пабудавана такім чынам, што ў першую палову дня дзеці займаюцца навукова-даследчай дзейнасцю, а другая палова дня прысвечана прафарыентацыйным мерапрыемствам, дзе яны знаё­мяцца з рознымі прафесіямі.

На першых занятках дацэнт кафедры біяхіміі ГрДУ імя Янкі Купалы Таццяна Ільіч прапанавала школьнікам правесці самыя простыя рэакцыі, якія ў выніку афарбоўваюць раствор у той ці іншы колер, звычайна дзецям гэта цікава. На другіх занятках яны выказалі жаданне пабыць у ролі вучоных, і нават самі прапанавалі даследаваць кроў. Таму было вырашана правесці невялікі эксперымент у галіне біяхіміі.

— Работа ў лабараторыі заўсёды захоплівае, таму што ва ўмовах школы дзеці не могуць заняцца такімі даследаваннямі. Тут для іх усё ў першы раз — аўтаматычная піпетка, спектрафатометр, аналітычныя вагі. Яны не толькі ўбачылі высокадакладнае лабараторнае абсталяванне, але і змаглі папрацаваць на ім, атрымаць вынік. Мне здаецца, для іх гэта карысна, бо ўсе дзеці цікавяцца біялогіяй, — расказала Таццяна Ільіч.

Дзеці прызналіся, што наведванне лагера юных даследчыкаў было для іх вельмі пазнавальным. Школьнікі не толькі атрымалі новую інфармацыю, цікава правялі час, але і набылі новых знаёмых, аб’яднаных аднымі захапленнямі. 

Гродзенскі дзяржаўны абласны эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі на канікулах таксама арганізоўваў для школьнікаў экскурсіі, майстар-класы па пасадцы раслін, па вырабе паштовак. Праходзіла інтэрактыўная гульнявая пляцоўка “Вучуся смецце сартаваць, каб прыродзе дапамагаць”, турнір арнітолагаў. Удзел у іх прымалі наведвальнікі прышкольных аздараўленчых лагераў Гродна, а таксама асобныя школьнікі.

Ірыны АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.