Цікавы фармат

- 10:13Выхаванне, Спартыўныя падзеі

Зусім юны Максім ШАРАМАЎ прыехаў на культурна-­спартыўны фестываль “Вытокі. Крок да Алімпу” з вёскі Данілавічы Веткаўскага раёна. Разам з сябрамі хлопчык хваляваўся перад стартамі, але пасля годна паказаў свае спартыўныя навыкі на імправізаванай фестывальнай пляцоўцы. 

Падлетак займаецца футболам у школьнай камандзе, а гульня для яго — частка жыцця. Але і з іншымі відамі спорту цікава азнаёміцца. На фестывалі, між тым, прадставілі 30 самых розных відаў спорту. І ў кожным можна было сябе праявіць. Ну а ўважлівыя трэнеры праводзілі тым часам імправізаваныя тэсты — ацэньвалі даныя дзяцей і назіралі за іх валявымі якасцямі. Бацькам некаторых раілі аддаць дзіця ў спорт. 

Баксёр Руслан Жукевіч вучыцца ў Гомельскім вучылішчы алімпійскага рэзерву. Будучы трэнер родам з аддаленага Лельчыцкага раёна, заканчваў Сіманіцкую сярэднюю школу. Адзначыў, што яго самога прыцягнуў у вялікі спорт трэнер, які прыйшоў на школьную лінейку. І вось такім чынам вызначыў лёс:

— Зараз у мяне першы разрад па боксе, з васьмі гадоў зай-
маюся. Ёсць у нас вельмі таленавітыя дзеці. Гэта відаць і па тэхніцы, і па настроі баявым, і па тым, як яны ўспрымаюць інфармацыю.

Міністр адукацыі Андрэй Іванец у інтэрв’ю падкрэсліў, што прыцягненне да культуры, да спорту, да гісторыі праз свае вытокі — гэта лепшы спосаб выхавання дзяцей:

— Падрастаючаму пакаленню важна паказваць магчымасці нашай Радзімы. Сёння на фестывалі “Вытокі” велізарная колькасць удзельнікаў. Мы бачым, з якой цікавасцю дзеці бяруць удзел ва ўсіх лакацыях. Упэўнены, што пасля гэтага свята спорту і творчасці і Рэчыца, і Гомельская вобласць у цэлым здабудуць вялікую колькасць будучых спартсменаў. Дзеці, паглядзеўшы на прафесіяналаў, абавязкова зацікавяцца і прыйдуць у спорт. Тут, на фестывалі, яны бачаць, наколькі ў нас багатая культура. Таму і ў нашы цэнтры творчасці дзяцей і моладзі таксама прыйдуць юныя грамадзяне. Наперадзе летнія канікулы — і гэта добры зарад станоўчых эмоцый для ўсіх дзяцей перад вялікім адпачынкам.

На маштабнае свята, арганізаванае Нацыянальным алімпійскім камітэтам у адным з самых буйных раённых цэнтраў Гомельскай вобласці, толькі дзяцей прыехала больш чым 13 тысяч. Усяго ўдзель­нікамі сталі каля 25 тысяч чалавек. І сапраўды, на велізарнай цэнтральнай плошчы ў Рэчыцы не было дзе яблыку ўпасці. Фестываль “Вытокі” становіцца ўсё больш маштабным. Пра гэта гаворыць віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта алімпійскі чэмпіён 1992 года ў веславанні на каноэ-двойках Дзмітрый Даўгалёнак:

— Жыхарам Рэчыцы выпала права сёлета адкрываць “Вытокі”. Калі мы пачыналі першы сезон фестывалю, то не да канца ўсведамлялі яго маштаб. За год мы праехалі па ўсёй краіне і атрымалі неацэнны вопыт. З улікам напрацовак фестываль будзе яшчэ больш маштабным. У нас працуе некалькі дзясяткаў спартыўных пляцовак: ад веласпорту да стэндавай стральбы. Упор зроблены на тыя віды, якія культывуюцца ў пэўным рэгіёне. 

На сённяшні дзень у Рэчыцы працу­юць тры спартыўныя школы, у якіх дзеці займаюцца па 12 відах спорту, працуюць прафесійныя трэнеры. Матэрыяльна-тэхнічная база школ у добрым стане. З Рэчыцы родам шмат знакамітых спартсменаў, у тым ліку веласіпедыст Васіль Кірыенка. Упэўнены, многія з сённяшніх удзельнікаў стануць зай­мацца спортам на прафесійным узроўні.

Падчас афіцыйнай цырымоніі адкрыцця фестывалю віцэ-прэзідэнт перадаў кіраўніцтву раёна сертыфікат на 100 тысяч рублёў ад Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Сродкі будуць накіраваны на развіццё спартыўнай інфраструктуры рэгіёна.

— Гэты фестываль са сваіх першых крокаў справядліва атрымаў народнае прызнанне і любоў, — адзначыў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко. — Гэта менавіта тая пляцоўка, якая дорыць спаборніцкі азарт і радасць перамог, дзе ёсць магчымасць выпрабаваць фізічныя сілы і адкрыць для сябе новыя цікавыя, пазнавальныя факты. “Вытокi” — унікальная падзея, фармат якой раскрывае традыцыі і дасягненні рэгіёна праз спорт, гісторыю, культуру, мастацтва, рамёствы. 

На паўднёвым усходзе краіны ўдзяляюць павышаную ўвагу фізічнай культуры, спорту і здароваму ладу жыцця. У рэгіёне адкрываюццца спартыўныя залы, шматфункцыянальныя цэнтры, стадыёны, басейны. У зоне крокавай даступнасці — на дваровых тэрыторыях шматпавярховак — узводзяцца спартыўна-забаўляльныя пляцоўкі. Крыху больш чым за год восем такіх пляцовак усталявалі ў абласным цэнтры, адну — у Светлагорску, тры — у Рэчыцы.

— Асабліва важна, — падкрэсліў Іван Крупко, — што спартыўныя збудаванні і пляцоўкі з’яўляюцца не толькі ў абласным, але і ў раённых цэнтрах. Тым самым мы вырашаем цэлы шэраг задач — ад падрыхтоўкі спартсменаў да міжнародных стартаў да агульнага ўмацавання фізічнага здароўя. 

На базе агульнаадукацыйных школ у Гомельскай вобласці сёння працуюць 1250 спартыўных секцый, дзе зай­маюцца 19 тысяч дзяцей. Кожны месяц у школах праводзяцца спартландыі, дзе ўдзель­нічаюць сем’і, працуюць “тата-залы”, право­дзяцца школьныя спартакіяды.

Ірына АСТАШКЕВІЧ. 
Фота аўтара.