Настаўніца Казлоўшчынскай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна Жанна Цяцерына ўпэўнена: матэматыка — прыгожы прадмет. Больш за 20 гадоў яна паказвае гэтую прыгажосць сваім навучэнцам. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Таленавіты педагог прызёр абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2023” Жанна Канстанцінаўна прызналася:
— Матэматыка для мяне цэлы свет. Бачу яе ў прыродзе, архітэктуры, яна з намі ўсюды. Імкнуся паказаць гэта дзецям. Увогуле, не ўяўляю сябе без матэматыкі.
— Жанна Канстанцінаўна — камунікабельны чалавек, смела бярэцца за ўсё новае, займаецца з навучэнцамі праектнай і даследчай работай, стратэг у алімпіядным руху, — падкрэсліў дырэктар Казлоўшчынскай сярэдняй школы Ігар Уладзіміравіч Данільчык. — Яе запрашаюць чытаць лекцыі ў Акадэміі адукацыі, ГрАІРА, праводзіць майстар-класы ў іншых установах адукацыі. Яна наш школьны блогер, вядзе сацыяльныя сеткі. Жанна Канстанцінаўна была ў складзе дэлегацыі Гродзенскай вобласці на Рэспубліканскім педагагічным савеце.
Два новыя гады
Для нашай гераіні ніколі не стаяла пытанне выбару прафесіі. Скончыўшы Ваўкавыскі педагагічны каледж (сёння Ваўкавыскі каледж ГрДУ імя Янкі Купалы), вярнулася на родную Дзятлаўшчыну і працавала ў пачатковых класах сельскай школы. Але хутка зразумела, што яе прызванне — матэматыка, і паступіла ў БрДУ імя А.С.Пушкіна на завочнае аддзяленне. У Казлоўшчынскай сярэдняй школе працуе 10 гадоў.
— Прафесія падарыла мне новую сістэму вылічэння, у мяне іншыя каардынаты часу і пункт адліку, — заўважыла Жанна Цяцерына. — Гадзіна настаўніка доўжыцца не 60, а 45 мінут. Новы год для нас надыходзіць двойчы: 1 студзеня і 1 верасня. Калі мяне пытаюць, які сёння дзень, у думках уяўляю сабе раскрыты школьны дзённік, а дзень тыдня вызначаю па раскладзе ўрокаў. Так, калі на першы ўрок прыйшоў 11 клас, значыць, сёння серада. Вось такая ў нас, педагогаў, матэматыка.
Ад хуткіх вылічэнняў да формулы Піка
Даследчая работа з навучэнцамі і падрыхтоўка іх да алімпіяды сталі неад’емнай часткай дзейнасці педагога. Толькі за апошнія гады на конкурсе даследчых работ “Ад Альфы да Амегі” Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы былі адзначаны дыпломамі работы Станіслава Альшэўскага “Прыёмы хуткіх вылічэнняў” і “Матэматыка ў прафесіях бацькоў”.
Падчас работы над праектам “Прыёмы хуткіх вылічэнняў” быў распрацаваны сшытак і выдадзены зборнік задач для навучэнцаў 5—6 класаў. А пачалося ўсё з таго, што Станіслаў Альшэўскі, тады навучэнец 8-га, а сёння 9 класа, убачыў тэлеперадачу, дзе дзеці дэманстравалі навыкі хуткіх вылічэнняў. Зацікавіўся і спытаў у Жанны Канстанцінаўны, як можна так хутка лічыць. Разам з педагогам яны сталі разбірацца, шукаць прыёмы такіх вылічэнняў. На аснове праектнай работы распрацавалі сшытак, дзе паказалі правілы вылічэнняў і прапанавалі навучэнцам заданні для самастойнага выканання.
У рабоце “Матэматыка ў прафесіях бацькоў” паказалі, як матэматыку выкарыстоўваюць бацькі навучэнцаў у сваіх прафесіях і як у будучыні гэтая навука спатрэбіцца дзецям пры выбары свайго шляху. Школьнікі разам з бацькамі складалі задачы, звязаныя з прафесіямі. Напрыклад, калі гаварыць пра вадзіцеля, то яны прапаноўвалі задачы на вылічэнне хуткасці, адлегласці, расход паліва. Убачылі, што матэматыка патрэбна ўсім: ад кухара да ракетабудаўніка. Зборнікам гэтых задач педагог карыстаецца ў сваёй рабоце. Асабліва падабаецца дзецям тое, што пад кожнай задачай падпісаны яе аўтар: у невялікай школе вучні ведаюць адзін аднаго.
— У адной з апошніх работ Вікторыі Барук мы даследавалі выкарыстанне формулы Піка пры рашэнні задачы на знаходжанне плошчы фігуры, — расказала Ж.К.Цяцерына. — Калі ў 8 класе вывучалі тэму “Плошча многавугольніка”, Вікторыя задалася пытаннем “А ці ёсць іншыя формулы для такіх вылічэнняў?”. Адказ знайшлі: зрабіць гэта можна з дапамогай знакамітай формулы Піка, якая не ўваходзіць у школьную праграму. Вырашылі даследаваць задачы на паперы ў клетку і палічыць плошчы фігур з выкарыстаннем традыцыйных спосабаў і тэарэмы Піка. Убачылі, што формула працуе, вынік быў аднолькавы. Правялі яшчэ і эксперымент на знаходжанне плошчаў больш складаных фігур, намаляваных на паперы ў клетку. Дзеці дзялілі фігуры на часткі і знаходзілі іх плошчы, а потым Вікторыя паказвала, як палічыць плошчу з дапамогай формулы Піка. Школьнікі зрабілі вывад, что формула нескладаная і яе можна прымяняць у практычнай дзейнасці, напрыклад, пры падліку плошчы ўчастка, кватэры, дома.
У рабоце з матываванымі навучэнцамі Ж.К.Цяцерына карыстаецца наступнымі прынцыпамі:
максімальная самастойнасць і працаздольнасць вучняў; шмат практыкі і абмеркаванняў; ускладненне вучэбнага матэрыялу; аналіз вынікаў мінулых алімпіяд; індывідуальны падыход да дамашніх заданняў.
Жанна Канстанцінаўна любіць пачынаць працаваць з пяцікласнікамі, бо ўжо ў гэтым узросце можна ўбачыць патэнцыял будучых матэматыкаў. Яны заўсёды актыўныя, эмацыянальныя, паказваюць неардынарныя рашэнні задач. А далейшы поспех залежыць не столькі ад таленту дзіцяці, колькі ад яго працаздольнасці, сумеснай работы з педагогам.
— З матываванымі дзецьмі працаваць цікава, яны заўсёды імкнуцца наперад, не спыняюцца на дасягнутым, — падзялілася педагог. — Безумоўна, гэта індывідуальны план работы з дадатковым аб’ёмам заданняў. Аднак даю ім больш самастойнасці, магчымасць выканання вучэбнага задання ў некалькіх альтэрнатыўных варыянтах. Люблю і практыкую правядзенне індывідуальных заняткаў у шосты школьны дзень, а таксама падчас канікул. І дзеці ахвотна прыходзяць. Калі навучыць іх сістэмнай рабоце, у старшых класах яны ўжо могуць займацца самастойна. Так, мая навучэнка Аляксандра Лішык, якая два гады запар станавілася пераможцай абласнога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, цяпер не патрабуе апекі, а толькі звяртаецца да мяне з нейкімі пытаннямі.
Галоўная задача
У матэматыцы шмат формул, правіл, тэарэм, якія неабходна засвоіць. Аднак не кожны вучань мае матэматычныя здольнасці. Творчы настаўнік знаходзіць выйсце: у ход ідуць прыёмы візуалізацыі, мадэлявання і нават вершы. Адзін з такіх прыёмаў — “Задача ў канверце”. Прычым у канвертах рознага колеру змешчаны задачы ад больш простых да складаных. Самыя складаныя — у канверце аранжавага колеру, таму дзеці гавораць: “Аранжавы — узровень небяспекі”.
— Галоўная мая задача на ўроку — навучыць школьнікаў працаваць. Паказваю ім, што матэматыка спатрэбіцца ў жыцці кожнаму. Выкарыстоўваю практыка-арыентаваныя задачы розных узроўняў складанасці. На здзіўленне, дзеці ўсіх пакаленняў ведаюць тэарэму бісектрысы вугла, бо асацыіруюць яе з пацуком. Дапамагае ўсім знаёмы верш: “Биссектриса — это крыса, которая бегает по углам и делит угол пополам”. Стараюся знаходзіць такія вершы для вылічэння аб’ёму куба, адлегласці, пройдзенага шляху, нешта прыдумваю сама, каб вучні лепш запомнілі матэрыял. Напрыклад, пры вывучэнні правіла раскрыцця дужак раблю акцэнт на знаках і першых словах. Калі перад дужкамі мінус — мяняем знакі (акцэнт на літары “м”), калі стаіць плюс — перапісваем без змяненняў (літара “п”). Такія асацыяцыі добра працуюць. У 7 класе прапаноўваю гульню “Шыфратары”, калі формулу запісваем з дапамогай умоўных абазначэнняў, напрыклад, трохвугольнікаў і квадратаў, а потым дзеці падстаўляюць значэнні. Гэта дазваляе без памылак прымяняць формулу, — падзялілася напрацоўкамі педагог.
Жанна Цяцерына ўсё жыццё вучыцца, пераймае вопыт у паспяховых калег, авалодвае найноўшымі інфармацыйнымі тэхналогіямі. Сваім прыкладам яна натхняе школьнікаў на ўдзел у конкурсах і алімпіядах, вучыць не баяцца цяжкасцей і імкнуцца да перамог.
— Настаўнік павінен быць добразычлівым і чулым да дзяцей, нельга караць іх за няправільна выкананае заданне, бо гэта адбівае ахвоту вучыцца. Трэба ўлічваць псіхалагічныя асаблівасці дзяцей і пастаянна іх матываваць на творчасць, прадукцыйнае мысленне, імкненне быць лепшымі, — адзначыла суразмоўніца.
І дзеці зацікаўлены яе прадметам.
— Магу з упэўненасцю сказаць, што мае вучні заўсёды чакаюць мяне на ўрок, бачу бляск у іх вачах. З усмешкай іду да дзяцей, і яны адказваюць мне актыўнасцю і працаздольнасцю, — падкрэсліла педагог.
Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара