Цікавыя распрацоўкі, інавацыйныя праекты, эфектыўны вопыт прадставілі педагогі Шклоўшчыны і Кругляншчыны. Прэс–тур па Магілёўскай вобласці быў багаты на знаёмствы з яркімі творчымі настаўнікамі.
Педагагічныя калектывы Шклоўскага раёна працуюць у рэжыме развіцця, таму ніколі не стаяць на месцы.
— Адзінай камандай вызначаем сумесныя задачы і згуртавана рухаемся да іх рэалізацыі. Імкнёмся ісці ў нагу з часам, укараняем у вучэбны працэс перадавыя методыкі і тэхналогіі, шукаем інавацыйныя падыходы да навучання. Плённая праца не застаецца незаўважанай. На працягу апошніх гадоў раён у лідарах па ажыццяўленні адукацыйнай дзейнасці ў вобласці, — паведаміла начальнік аддзела па адукацыі Шклоўскага райвыканкама Таццяна Лодава.
Канкрэтныя распрацоўкі былі прадстаўлены ў ходзе наведвання навучальных устаноў. У гімназіі Шклова прэзентавалі магчымасці сацыяльнага праектавання ў станаўленні грамадзянскай пазіцыі навучэнцаў. Педагогі ўсебакова падтрымліваюць ідэі і пачынанні вучняў. Бо перакананы, што толькі на высокіх словах неабыякавасць да таго, што адбываецца навокал, не сфарміруеш. Патрэбна ўсяляк матываваць моладзь на здзяйсненне грамадска карысных спраў.
Сапраўдны калейдаскоп дасягненняў прадставілі ўстановы дашкольнай адукацыі Шклоўшчыны. У дзіцячым садзе № 2 райцэнтра дзейсна працуюць у напрамку экалагічнага выхавання. У 15-м гарадскім садзе робяць упор на фарміраванне экалагічнай культуры дзяцей. Педагогі з 6-га сада ствараюць разнастайныя аўтарскія інавацыйныя прадукты патрыятычнай накіраванасці.
А ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці аграгарадка Александрыя выбудавалі ўласную сістэму далучэння малых да навукі, заняткаў фізкультурай і спортам.
Адметнымі выхаваўчымі знаходкамі падзяліліся настаўнікі Старасельскай сярэдняй школы. Патрыятызму тут вучаць на прыкладзе подзвігу беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Педагогі распрацавалі знакавыя экскурсійныя маршруты, якія дапамагаюць вучням наглядна ўбачыць адгалоскі трагічных падзей ваеннай гісторыі роднага краю. Ва ўстанове функцыянуюць музей, пошукавы атрад і аб’яднанне. Навучэнцы вядуць істотную работу па аднаўленні імён невядомых салдат, даследуюць баявы шлях землякоў, вывучаюць ваенныя лёсы сваякоў.
— Даследаванні і пошук спрыяюць усведамленню дзецьмі таго выключнага гераізму, той мужнасці і доблесці, якія праяўлялі іх прадзеды ў гады ваеннага ліхалецця. Вучні пачынаюць выразна разумець неабходнасць захавання гістарычнай памяці, каштоўнасць сённяшняга міру і дабрабыту ў нашай краіне. Так і зараджаецца патрыятызм, — упэўнены настаўніцы Кацярына Ракіцкая і Ганна Дзядкова.
Тэма грамадзянска-патрыятычнага выхавання ў ліку прыярытэтных і ў рабоце настаўніцтва Кругляншчыны. З педагогамі менавіта гэтага кутка Магілёўскай вобласці журналісты сустракаліся ў другі дзень прэс-туру.
— Раён ў нас невялікі. Дзейнічаюць усяго 6 школ і 5 дзіцячых садоў. Але існуючая сетка навучальных устаноў цалкам забяспечвае запыты на якасную адукацыю. Уся педагагічная грамадскасць — кола аднадумцаў, якія разам ідуць да агульных мэт. Вынікі адпаведныя: у абласным працоўным спаборніцтве мы неаднойчы выходзілі ў пераможцы, — адзначыла начальнік аддзела па адукацыі Круглянскага райвыканкама Марына Токарава.
Галоўным у рабоце круглянскія настаўнікі лічаць не проста трывалыя веды вучняў. Для іх больш значна тое, якімі людзьмі вырастуць дзеці. Выхаваўчыя аспекты ўсюды сярод ключавых.
Падрабязна пра тое, з чаго трэба пачынаць прывіваць любоў да Радзімы, расказалі ў дзіцячым садзе № 7 Круглага. У патрыятычным выхаванні педагогі прымяняюць як традыцыйныя, так і наватарскія методыкі. На працягу трох гадоў тут рэалізуюць адпаведныя рэспубліканскія інавацыйныя праекты. Калектывам створаны шматлікія аўтарскія гульні і дыдактычныя дапаможнікі на патрыятычную тэматыку, наладжана цеснае супрацоўніцтва з бацькамі, зацікаўленымі ведамствамі.
А вось у гарадской сярэдняй школе № 1 патрыятызм фарміруюць з шырокім выкарыстаннем патэнцыялу краязнаўчага музея. Яшчэ адным звяном выхаваўчай работы з’яўляецца ваенна-патрыятычны клуб “Дазор” і шэраг клубаў па інтарэсах, якія спрыяюць асобаснаму станаўленню вучняў.
У Цяцерынскай сярэдняй школе імя А.С.Лукашэвіча дзяцей выхоўваюць не толькі настаўнікі. Правільныя арыенціры ў светапогляд навучэнцаў закладвае адукацыйнае асяроддзе. Лесвіцы, столь, сцены, будынак звонку і нават школьны плот тут штодзень нагадваюць пра важныя жыццёвыя ісціны, гістарычныя факты і правілы. Характэрна, што ва ўстанове шмат увагі ўдзяляюць прафарыентацыі вучняў. Асаблівая гордасць — профільныя педагагічныя класы. Большасць выпускнікоў гэтага профілю звязваюць сваю будучыню са сферай адукацыі.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА