Цудоўныя “скруткі”

- 11:26Педагагічная майстэрня

Аднойчы на семінары для педагогаў лектар задаў пытанне: “Як вы думаеце, чаму мы складваем прасціну, перш чым пакласці яе ў шафу?” Пытанне здзівіла ўсіх прысутных. Бо гэта, на іх думку, ніяк не тычылася праблем педагогікі. На самай справе лектар рашаў мікразадачу: праз створаны вобраз зразумець і ўявіць стан навучэнцаў у момант атрымання інфармацыі. Навучэнцы пасля кожнага ўрока атрымліваюць менавіта такую “прасціну” новых ведаў, азначэнняў, формул. Але калі “разгортванне” зместу вучэбнай дысцыпліны адбывалася разам з настаўнікам і ў дзіцячым калектыве, то згортваць у “шафу памяці” чамусьці кожны вучань павінен сам і адзін.

Што ж атрымліваецца? Цудоўны ўрок быў напоўнены цікавай інфармацыяй, дзеці авалодвалі пэўнымі ведамі, асвойвалі некаторыя ўменні, глядзелі ў бок нейкага навыку. І настаўнік, апанаваны патрабаваннямі класічнай дыдактыкі, у канцы ўрока ажыццяўляе замацаванне і абагульненне ў шэрагу пытанняў: “Якую тэму мы сёння з вамі вывучалі?”, “Што было самым галоўным?”, “Якое азначэнне было для нас новым?”, тым самым яшчэ раз паказваючы прастору новых ведаў. А потым спакойна пакідае навучэнцаў сам-насам з “разгорнутай інфармацыйнай прасціной”, думаючы, што дзеці самі справяцца з запамінаннем і ўзнаўленнем атрыманых ведаў. Навучэнцы павінны самастойна набіць кучу гузоў, абапіраючыся на метад проб і памылак, каб аднойчы пасля чарговай няўдалай спробы якасна ўзнавіць інфармацыю, самому сабе сказаць: “У мяне дрэнна (ці ўвогуле не) атрымліваецца, я не магу”.

Як жа дапамагчы навучэнцам пачатковых класаў хутка і эфектыўна апрацоўваць вучэбную інфармацыю для зручнасці яе запамінання і ўзнаўлення на ўроку?

На маю думку, “інфармацыйны скрутак” — просты і эфектыўны спосаб апрацоўкі інфармацыі для зручнасці запамінання і ўзнаўлення яе навучэнцамі. Нездарма многія педагогі-наватары (В.В.Гузееў, В.М.Манахаў, В.Ф.Шаталаў і інш.) звяртаюць увагу на арганізацыю працэсу “згортвання” інфармацыйных патокаў і сумеснага стварэння апорных сігналаў з мэтай дапамагчы дзецям якасна ўзнаўляць змест вучэбнай дысцыпліны. Дастаткова настаўніку на першым этапе такой работы проста падарыць навучэнцам свае варыянты “згортвання” інфармацыі: “Чароўную картку”, “Словы-памочнікі”, “Казачныя малюнкі” і інш. Потым у сумеснай дзейнасці дапамагчы дзіцяці стварыць свае варыянты “скруткаў”, навучыць мінімізаваць змест, вылучаючы асноўныя пункты. А ў далейшым, даючы магчымасць у поўным аб’ёме ажыццяўляць усе разумовыя аперацыі: аналіз атрыманай інфармацыі, вычляненне і вызначэнне асноўных кампанентаў, правядзенне аналогіі, выбар знакаў-сімвалаў, сінтэзаваць гэтыя веды ў новую канву для абагульнення і вываду, настаўніку застанецца толькі адно — сачыць за сістэматычным правядзеннем аперацыі “згортвання” пасля кожнага ўрока, тэмы, раздзела.

Кожнаму настаўніку вядома, як цяжка даецца вучням 1 класа вывучэнне паняццяў “умова”, “пытанне”, “рашэнне”, “адказ” пры знаёмстве з задачай і яе складовымі часткамі. Каб вучні лепш запаміналі назву кампанентаў задачы, навучыліся парадку работы з ёй, выкарыстоўваецца дапаможнік у выглядзе доміка. Ён складаецца з трох асобных прамавугольнікаў і трохвугольніка, на якіх запісаны назвы складовых частак задачы: “умова”, “пытанне”, “рашэнне”, “адказ”. Якраз такі дапаможнік, але меншы па памеры, ёсць у кожнага вучня. Работа з дапаможнікам праводзіцца на магнітнай дошцы. Вучні прачыталі ўмову задачы, па заданні настаўніка знайшлі прамавугольнік са словам “умова” і прымацавалі да дошкі. Далей чытаюць пытанне задачы — і з’яўляецца новы прамавугольнік са словам “пытанне” і г.д. Працуючы над задачай, малодшыя школьнікі паступова будуюць домік і разам з тым вучацца рашаць задачу. Такая работа для вучня — своеасаблівая памятка, алгарытм рашэння задачы.

У 3 класе пры вывучэнні такіх складаных тэм па матэматыцы, як “Множанне двухзначнага ліку на адназначны”, “Дзяленне двухзначнага ліку на адназначны”, “Дзяленне двухзначнага ліку на двухзначны”, “Дзяленне з астачай”, я раздаю навучэнцам гатовы “скрутак”, па якім яны сочаць за маім тлумачэннем, а пры замацаванні матэрыялу карыстаюцца самастойна.

“Інфармацыйны скрутак” па тэме “Вусная народная творчасць” дзеці складаюць самастойна па меры вывучэння матэрыялу гэтага раздзела на ўроках літаратурнага чытання ў 2—4 класах.

У 2 класе навучэнцы знаёмяцца з некаторымі казкамі, загадкамі, прыказкамі, прымаўкамі, пацешкамі. У 3 класе вывучаюць віды казак і песень, а ў 4 класе знаёмяцца з легендамі і былінамі. Хочацца спадзявацца, што і ў наступных класах дзецям будзе карысны гэты “скрутак” і яны дабавяць у яго новыя веды.

У выніку выкарыстання форм “згортвання” інфармацыі ў адукацыйным працэсе малодшых школьнікаў можна сцвяр­джаць, што навучэнцы атрымалі больш глыбокія і якасныя веды. Павысіўся ўзровень разумення і прымянення атрыманай інфармацыі. Пра гэта сведчаць вынікі паспяховасці школьнікаў і якасць ведаў.

“Згортванне” інфармацыі — гэта новы падыход, які дазваляе перайсці ад традыцыйнага аналізу і апрацоўкі інфармацыі да больш эфектыўнага і хуткага, гэта простыя і разумныя інструменты навучання. З іх дапамогай вучні захоўваюць цікавасць да вучэбнага матэрыялу на працягу ўсяго ўрока. “Інфармацыйныя скруткі” дапамагаюць не заблытацца ў той інфармацыі, што прапануецца і вывучаецца. У навучэнцаў ёсць магчымасць не толькі пачуць, але і ўбачыць, зразумець, запомніць і ўспомніць неабходнае ў патрэбны момант.

Людміла ГУТАРАВА,
настаўніца пачатковых класаў
Альгоўскага ясляў-сада — базавай школы Віцебскага раёна.