Турысты пагукалі — вясна прыйшла

- 9:51Выхаванне

 

“Настаўніцкая газета” ўжо неаднаразова гукала вясну: на старонках выдання чытачы завочна спальвалі чучала зімы, развешвалі на дрэвах папяровыя птушачкі, частаваліся смачнымі блінамі і гарачым чаем. Не было, напэўна, толькі турыстычнага гукання. Можа, таму вясна і не спяшалася да нас? У чацвер каля будынка аддзялення краязнаўства Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства не толькі ладзіліся карагоды, гучалі народныя песні, але і праводзіліся турыстычныя спаборніцтвы, быў урачыста адкрыты вяровачны гарадок “Ліяны”.

Мяркуючы па надвор’і, вясна нібыта знарок чакала таго моманту, калі на беларускую зямлю яе запросяць турысты. У чацвер у Мінску яшчэ было пахмурна, дзьмуў сцюдзёны вецер, а ўжо ў пятніцу на блакітным небе — ні аблачынкі. Каб вясна ўступіла ў свае правы, навучэнцам турыстычна-краязнаўчых гурткоў РЦЭіК (прадстаўнікам Бараўлянскай сярэдняй школы і Бараўлянскай гімназіі Мінскага раёна, сярэдняй школы № 123 Мінска, Мінскага гандлёвага каледжа і Лінгвагуманітарнага каледжа пры МДЛУ) і Сацыяльна-педагагічнага цэнтра з прытулкам Ленінскага раёна сталіцы неабходна было не толькі прыйсці на свята з добрым настроем, пакарагодзіць, праспяваць вяснянкі. “Гуканне вясны” прадугледжвала шэраг інтэлектуальных, фізічных спаборніцтваў.Своеасаблівым этапам гэтых спаборніцтваў стала праходжанне імправізаваных праталінак. Так, на “Спеўным двары” навучэнцы складвалі з асобных слоў народныя песні, на танцавальнай праталінцы развучвалі элементы народных танцаў, на гульнявой бавілі час за народнымі гульнямі, на інтэлектуальнай адгадвалі загадкі, развучвалі прыказкі і прымаўкі. Цікава было і на тэатральнай праталінцы, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі інсцэніравалі чалавечыя эмоцыі. І, безумоўна, ніхто не абмінуў пачастункавую праталінку, на якой кожнага чакалі смачныя бліны, цукеркі, гарачы чай. На турыстычнай праталінцы гасцей чакала акустычнае арыентаванне (з завязанымі вачыма пад гукі каманд вядучага трэба было сабраць пэўную колькасць паветраных шарыкаў), турыстычны боўлінг, купіны і гаць.
Фінальным этапам спаборніцтваў стала практычнае знаёмства з вяровачным гарадком “Ліяны”. Пад наглядам майстра спорту, турыста, вандроўніка, ініцыятара і галоўнага натхняльніка стварэння гарадка Віталя Уладзіміравіча Модэля навучэнцы спрабавалі свае сілы ў турыстычна-прыкладным мнагаборстве. “Дзякуючы таму, што наш гарадок абсталяваны бесперапыннай страхоўкай, а дыстанцыя, працягласць якой можна мяняць, мае сярэдні ўзровень складанасці, займацца ў вяровачным гарадку можа абсалютна кожны: і прафесіянал, і пачатковец”, — адзначыў Віталь Уладзіміравіч.
Па словах намесніка дырэктара РЦЭіК Віталя Мікалаевіча Стрыгельскага, вяровачныя гарадкі набіраюць папулярнасць ва ўсім свеце, таму вядучая ўстанова дадатковай адукацыі краіны турыстычна-краязнаўчага профілю не магла застацца ў баку ад гэтай тэндэнцыі. Асаблівасць “Ліянаў” у тым, што пры іх абсталяванні ніводнае дрэва не было пашкоджана. Пры стварэнні гарадка былі сумешчаны турыстычныя традыцыі з экалагічнымі, выкарыстоўваліся экалагічна чыстыя матэрыялы, каб у людзей было адчуванне, што яны лазяць па сапраўдных ліянах.— Дзякуючы гарадку мы намагаемся паказаць, што і ў гарадскіх умовах можна займацца турызмам. Вяровачны гарадок стане часткай спецыяльнага турыстычнага палігона і будзе актыўна выкарыстоўвацца для павышэння майстэрства педагогаў дадатковай адукацыі. На яго тэрыторыі будзе праходзіць практычная частка семінараў, курсаў павышэння кваліфікацыі. Тут можна будзе праводзіць спаборніцтвы рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Спадзяёмся, што падобныя вяровачныя гарадкі будуць актыўна стварацца і ў іншых установах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, — паведаміў Віталь Мікалаевіч.
Факт ёсць факт: як толькі турысты пагукалі вясну, яна тут жа завітала ў госці. Яшчэ ў чацвер было пахмурна, дзьмуў сцюдзёны вецер, а ўжо ў пятніцу, пасля таго, як навучэнцы турыстычна-краязнаўчых гурткоў РЦЭіК правялі карагод, пераадолелі праталінкі, над намі прыгажэла чыстае, без аніводнай аблачынкі, блакітнае неба. Чаму ж вы раней, турысты, не гукалі вясну?

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.