Турыстычны марафон

- 11:36Адукацыйная прастора, Рознае

Яшчэ на пачатку ліпеня на Гомельшчыне стартаваў абласны турыстычны марафон для наведвальнікаў аздараўленчых лагераў.

Такое мерапрыемства дазволіла вырашыць адразу дзве задачы: заняць дзяцей карыснай справай і ў поўнай меры пазнаёміць іх з дзейнасцю турыстычна-краязнаўчых аб’яднанняў па інтарэсах. Перш за ўсё марафон быў разлічаны на навучэнцаў, якія пазбаўлены магчымасці наведваць цэнтры турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі па прычыне іх адсутнасці ў сваім рэгіёне. Справа ў тым, што ў вобласці такія ўстановы працуюць толькі ў пяці райцэнтрах, у астатніх жа шаснаццаці іх у нейкай ступені замяняюць турыстычна-краязнаўчыя гурткі і клубы па інтарэсах.

І ў летні час кожную сераду ў цэнтрах турызму і краязнаўства Гомельскага, Жлобінскага, Мазырскага, Рагачоўскага, Петрыкаўскага раёнаў і абласнога цэнтра для школьнікаў з суседніх рэгіёнаў праводзіцца своеасаблівы дзень адкрытых дзвярэй. Тут чакаюць дзяцей, каб пазнаёміць іх з тонкасцямі турыстычнага жыцця, асновамі турыстычнага побыту. На тэрыторыі лясных ці паркавых зон дзеці спрабуюць устанаўліваць палаткі, праходзяць паласу перашкод. Акрамя гэтага, яны вывучаюць умоўныя знакі турыстычных і спартыўных карт, вучацца правільна збіраць рукзак для паходаў. Тых, каму пашчасціла падчас марафону наведаць абласны цэнтр турызму і краязнаўства, асабліва зацікавіў арганізаваны тут клуб гістарычнай рэканструкцыі “Старая вежа”.

Як расказвае намеснік дырэктара Гомельскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Вольга Пісарэнка, самымі актыўнымі ўдзельнікамі турыстычнага марафону сталі хлопцы і дзяўчаты з розных школ Веткаўскага раёна, а таксама дзеці з Кармянскага раёна, у якіх была магчымасць пазнаёміцца з выдатнымі мясцінамі Рагачова.

Даволі цікава падышлі да арганізацыі турыстычнага марафону супрацоўнікі Петрыкаўскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства. Педагогі не толькі запрашалі вучняў да сябе, але і самі выязджалі да іх з пазнавальнай праграмай. Так, выязная школа юнага турыста знаёміла хлопцаў і дзяўчат з асноўнымі этапамі турыстычнай паласы перашкод, а для прыхільнікаў краязнаўства праводзіліся майстар-класы па мастацкім краязнаўстве і знаёмства з некаторымі музейнымі экспанатамі ў рамках праграмы “Музей у чамадане. Мы ідзём да вас!”.

Самі дзеці гавораць, што для іх такі марафон аказаўся сапраўднай прыгодай, паколькі яны маглі перажыць моманты турыстычнага жыцця, ды яшчэ і навучыліся многаму, і цяпер могуць разам са сваімі настаўнікамі самастойна арганізоўваць паходы. Канечне, асаблівы зарад атрымалі навучэнцы сельскіх школ. Некаторыя з іх, заручыўшыся падтрымкай педагогаў цэнтраў турызму і краязнаўства, нават маюць намер прапанаваць развіваць турыстычны кірунак у сваіх установах адукацыі.

Наталля ЛУТЧАНКА.