Развіццё супрацоўніцтва ў галіне турызму паміж Пекінам і Беларуссю дапаможа ўмацаванню беларуска-кітайскай дружбы і стратэгічнага партнёрства. Такі пункт гледжання выказаў старшыня Камітэта па развіцці турызму Пекіна Гуанчаа Чжаа, выступаючы на прэзентацыі ў Мінску турыстычнага патэнцыялу кітайскай сталіцы.
“Турызм дапамагае збліжаць народы дзвюх краін, лепш пазнаваць адно аднаго, каб яшчэ мацней узаемадзейнічаць ва ўсіх сферах, — лічыць Гуанчаа Чжаа. — Мы чакаем як мага больш беларускіх турыстаў у Пекін і гатовы садзейнічаць павелічэнню турыстычнага патоку ў Беларусь”. Госць падрабязна расказаў пра выдатныя мясціны кітайскай сталіцы, у тым ліку ўнесеныя ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, якія прыцягваюць мільёны замежных турыстаў.
Дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Беларусі Вераніка Дарожка звярнула ўвагу, што за апошнія гады беларуска-кітайскі турыстычны абмен істотна ўзрос.
У час мерапрыемства адбылася прэзентацыя авіякампаніі Air China, якая паспяхова ажыццяўляе прамы авіярэйс Пекін — Мінск — Пекін. Гэта адзіны авіяперавозчык, які звязвае сталіцы Беларусі і Кітая. Усяго Air China (уваходзіць у склад Star Alliance) ажыццяўляе 26 маршрутаў у еўрапейскім напрамку.
Удзельнікі мерапрыемства азнаёміліся з турыстычным патэнцыялам Пекіна, яго культурай і традыцыямі, прынялі ўдзел у латарэі, а таксама абмяняліся кантактамі з вядомымі турагенцтвамі Кітая Utour і China Youth Travel, якія працуюць не толькі на прыём замежных турыстаў, прапаноўваюць туры для груп і індывідуальных турыстаў з Беларусі, але і адпраўляюць вялікую колькасць кітайскіх турыстаў у наш рэгіён.
Прадстаўнік кампаніі Utour Цзацы Хэ перакананы, што гэтае мерапрыемства будзе садзейнічаць наладжванню кантактаў паміж кітайскімі і беларускімі партнёрамі. Прадстаўнік China Youth Travel Сюэ Хань у сваю чаргу паведаміла, што створана электронная платформа прафесійнага турызму Сhina Travel Depot, праз якую можна выбраць цікавы маршрут наведвання КНР, забраніраваць і аплаціць яго. Тут прапануецца каля 600 маршрутаў у 80 гарадоў Кітая.
Па матэрыялах БелТА.