Турызм — выхаваўчы рэсурс

Аб стане і перспектывах развіцця турыстычна-краязнаўчай работы з навучэнцамі ішла размова на рэспубліканскім семінары-нарадзе, які адбыўся ў Гродне. Удзел у ім прынялі дырэктары і спецыялісты ўстаноў дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю.

Удзельнікаў семінара віталі намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сягоднік і першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Галіна Курганская.

— Паходы, экспедыцыі, экскурсіі па родным краі з’яўляюцца масавымі формамі далучэння маладога пакалення да краязнаўчай работы, важнай формай патрыятычнага выхавання, спрыяюць фарміраванню грамадзянскай пазіцыі дзяцей і моладзі, — сказала дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алена Ануфровіч. — У кожнай вобласці назапашаны пэўны вопыт такой работы. Падзяліцца гэтым вопытам і акрэсліць найбліжэйшыя планы, абмеркаваць галоўныя напрамкі дзейнасці на 2018 год, сярод якіх і ўдзел у турыстычным злёце навучэнцаў Саюзнай дзяржавы, — такія задачы абмяркоўвалі на семінары-нарадзе.

Установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі турыстычна-краязнаўчага профілю складаюць 17 працэнтаў ад агульнай колькасці такіх устаноў і маюць вялікі патэнцыял выхаваўчай работы.

— У рабоце па выхаванні патрыятызму, грамадзянскасці, павагі да культурна-гістарычнай спадчыны народа выкарыстоўваюцца сістэмныя і доўгатэрміновыя арганізацыйныя формы, такія як акцыі вучнёўскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, “Мы гэтай памяці верныя”, “Зорны паход”, — адзначыла ў сваім выступленні намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Лідзія Жур. — У наступным годзе пройдзе заключны этап Рэспубліканскага конкурсу “Дарогамі памяці”, Міжнародная канферэнцыя навучэнцаў “Вялікая Айчынная вайна: гісторыя і памяць”. Шэраг мерапрыемстваў адбудзецца ў сувязі са 100-годдзем Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. У рэалізацыю мерапрыемстваў рэспубліканскіх праектаў уключаны ўсе ўстановы адукацыі краіны.

Вопыт работы, а таксама новыя праекты прадставіў дырэктар Гродзенскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства Андрэй Лунін. У вобласці за апошнія гады значна актывізавалася работа па правядзенні экскурсій школьнікаў па родным краі. Кожную чвэрць кожны вучань бывае на экскурсіях. Толькі за 10 месяцаў гэтага года іх адбылося каля 31 тысячы. У вобласці рэалізуецца 11 праектаў, такія як “Шляхам віціны”, “Зброя Перамогі”, “Каменныя старонкі гісторыі”, “Запрашаем у госці да нас”, развіваецца вытворчы і прамысловы турызм, які мае і прафарыентацыйную накіраванасць.

У сувязі з бязвізавым наведваннем Гродна і Аўгустоўскага канала замежнымі грамадзянамі новыя напрамкі дзейнасці з’яўляюцца і ва ўстановах дадатковай адукацыі. Аб перспектывах развіцця турыстычна-экскурсійнай дзейнасці расказаў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама Яўген Арадзь.

Цікавыя напрацоўкі па рабоце з вучнямі сельскіх школ, вопыт правядзення круглагадовай турыяды прадставіў дырэктар Жлобінскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Віталій Клімовіч. Метадыст аддзела турызму, краязнаўства і экскурсій Полацкага раённага цэнтра турызму і краязнаўства Алена Багдановіч расказала аб праектнай дзейнасці, у прыватнасці аб інтэрактыўным квесце “Полацкі лабірынт”, турыстычным лагеры “Азімут”.

Ва ўстановах адукацыі краіны дзейнічае каля 1500 музеяў рознага профілю. Школьны музей з’яўляецца значным сацыяльным інстытутам, які спрыяе развіццю і сацыялізацыі асобы, тым месцам, дзе ў навучэнцаў фарміруецца цікавасць да пазнання гісторыі і культуры малой радзімы, рэгіёна, краіны.

У сярэдняй школе № 38 Гродна, дзе і адбываўся семінар, створаны музей “Хрысціянскія каштоўнасці і народныя традыцыі ў сям’і”, які ўжо выйшаў за межы толькі школьнага музея і з’яўляецца адным з цэнтраў культурнага жыцця горада. Аб дзейнасці музея, рэалізацыі праектаў расказалі дырэктар сярэдняй школы № 38 Сяргей Кісялёў і кіраўнік му зея Святлана Ходар.

Удзельнікі рэспубліканскага семінара-практыкуму “Стан і перспектывы развіцця турыстычна-краязнаўчай работы з навучэнцамі ў Рэспубліцы Беларусь” азнаёміліся з выставай “Панарама вопыту турыстычна-краязнаўчай дзейнасці ўстаноў адукацыі Гродзенскай вобласці” і прайшлі шляхам прамысловага турызму — пабывалі на Гродзенскай ГЭС.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *