Тут пачыналася вайна

- 12:19Выхаванне

Летнія канікулы — гэта час экскурсій, многія з якіх з’яўляюцца тэматычнымі. Навучэнцы сярэдняй школы № 1 Скідзеля Гродзенскага раёна прынялі ўдзел у экскурсіі, прысвечанай трагічным і адначасова гераічным падзеям пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Першымі ўдар ворага прынялі савецкія пагранічнікі, большасць з якіх загінула ў пачатку вайны. Школьнікі наведалі мемарыяльны комплекс на месцы 4-й пагранзаставы пад камандаваннем старшага лейтэнанта Ф.П.Кірычэнкі. Напярэдадні вайны Кірычэнка вывез з заставы ў вёску сваю жонку, якая чакала дзіця, і тым самым выратаваў ёй жыццё. Сам старшы лейтэнант і ўсе байцы заставы загінулі, абараняючы Радзіму. На месцы гэтых баёў усталяваны помнік з імёнамі загінуўшых герояў, мемарыяльны камень, знакі дзяржаўнай мяжы, створаны рэаліі ваеннага часу. Вучні ўшанавалі памяць загінуўшых пагранічнікаў хвілінай маўчання. Усё гэтак жа ясна свяціла сонца і спявалі птушкі, як і ў першы дзень вайны. І тым больш выразна вымалёўваўся подзвіг маладых байцоў.

Наступны прыпынак быў на дзеючай пагранічнай заставе імя В.М.Усава. Пагранічнікі сустрэлі школьнікаў, правялі экскурсію па заставе, пазнаёмілі з асаблівасцямі пагранічнай службы, са сваім побытам, паказалі сабак, якія таксама нясуць службу на мяжы. У музеі заставы навучэнцы ўбачылі снарады, зброю, рэчы абаронцаў рубяжоў 1941 года, пачулі аповед аб подзвігу лейтэнанта Усава і яго таварышаў. Школьнікі ўсклалі кветкі да меркаванага месца гібелі камандзіра пагранічнай заставы.

Помнік “Смуткуючая маці”, дзе навучэнцы таксама ўсклалі кветкі, — яшчэ адно сведчанне чалавечых трагедый у гады вайны. Тут пахавана каля 3000 мірных жыхароў і ваеннапалонных, расстраляных фашыстамі. Заключным этапам экскурсіі стала наведванне Аўгустоўскага канала — унікальнага гістарычнага і геаграфічнага аб’екта, які прываблівае ў нашу краіну турыстаў з розных краін.

Экскурсія па мясцінах, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, — гэта адзін са спосабаў спазнання рэалій мінулага і захавання гістарычнай памяці маладым пакаленнем.

Наталля ЧАРКЕС,
настаўнік-метадыст, настаўніца рускай мовы
і літаратуры сярэдняй школы № 1 Скідзеля Гродзенскага раёна.
Фота аўтара.