Конкурс “Лепшы навучэнец установы прафесійнай адукацыі Мінскай вобласці” стаў фінальнай кропкай навучальнага года для прафесійных каледжаў і ліцэяў прысталічнага рэгіёна. На працягу года тысячы таленавітых юнакоў і дзяўчат рэалізоўвалі свае смелыя ідэі, карысныя ініцыятывы і маштабныя пачынанні. І іх поспехі не засталіся незаўважанымі. Конкурс дае магчымасць вылучыць маладых людзей, якія могуць ганарыцца сваімі поспехамі ў вучобе, прафесійным майстэрстве, інавацыйнай, даследчай і грамадскай дзейнасці. А для нас, паважаныя чытачы, гэта добрая нагода парадавацца таму, што побач з намі падрастае цудоўнае новае пакаленне, якое крэатыўна мысліць і імкнецца накіроўваць сваю энергію ў стваральнае рэчышча. Давайце пазнаёмімся з гэтымі маладымі, таленавітымі, перспектыўнымі юнакамі і дзяўчатамі.
Пераможцы конкурсу — найлепшая рэклама ўстаноў прафесійнай адукацыі. Іх дасягненні і поспехі сведчаць аб тым, што сёння ў прафесійных ліцэях і каледжах не проста даюць прафесію, а ўсебакова развіваюць і выхоўваюць асобу, здольную вырашаць нестандартныя задачы і творча падыходзіць да любой справы. Ва ўстановах створаны спрыяльныя ўмовы для рэалізацыі патэнцыялу маладога чалавека ў любым напрамку.
У гэтым годзе конкурс праводзіцца трэці раз. Упершыню ён адбыўся ў рамках абласнога фестывалю ўстаноў прафесійнай адукацыі, аднак наступныя два конкурсы праводзіліся асобна і ў дыстанцыйнай форме. Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у розных мерапрыемствах на абласным, рэспубліканскім і міжнародным узроўнях.
Спачатку адбыўся адбор ва ўстановах адукацыі, дзе вызначылі лепшых навучэнцаў, якія і прадстаўлялі гэтыя ўстановы ў абласным конкурсе. Увазе журы былі прадастаўлены іх партфоліа, якія расказвалі аб індывідуальных дасягненнях навучэнцаў за мінулы год. Сёлета ўдзельнікамі конкурсу сталі 62 юнакі і дзяўчаты з 22 прафесійных ліцэяў і каледжаў. Іх дасягненні былі прадстаўлены ў 9 намінацыях.
Лепшыя ў сваёй справе і не толькі
У намінацыі “За дасягнутыя высокія паказчыкі ў галіне прафесійнага майстэрства” свае дасягненні прадстаўлялі ўдзельнікі і пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў прафесійнага майстэрства, навучэнцы, якія дасягнулі высокіх практычных вынікаў у рабоце і паспяхова выконваюць заданні асаблівай складанасці. Пераможцам у намінацыі стаў навучэнец Мар’інагорскага дзяржаўнага ордэна “Знак Пашаны” аграрна-тэхнічнага каледжа імя У.Е.Лабанка Арсеній Сафонаў.
Арсеній вучыцца ў каледжы па спецыяльнасці “Аграномія”, і ён надзвычай захоплены сваёй справай.
— Аб сваім выбары я ніколі не пашкадаваў — больш творчую, разнастайную, навукаёмістую, складаную і адначасова цікавую і патрэбную ўсяму чалавецтву прафесію складана ўявіць, — кажа Арсеній.
З першых дзён ён актыўна ўключыўся ў вучобу, заўсёды імкнуўся даведацца штосьці новае ў сваёй прафесійнай галіне. Юнак не толькі добра займаўся па ўсіх вучэбных дысцыплінах, але і наведваў факультатыўныя заняткі, браў актыўны ўдзел у рабоце творчай групы над даследчым праектам. Сур’ёзны падыход да справы і працавітасць Арсенія далі плён — ён стаў бронзавым прызёрам IV Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus 2020 у кампетэнцыі “Аграномія”. Таксама Арсеній з’яўляецца прызёрам праекта ProfiEnergy.
Арсеній можа ганарыцца і поспехамі ў конкурсе прафесійнага майстэрства “Аграмайстэрства” ў намінацыі “Аграномія”. Каманда каледжа, у склад якой уваходзіў юнак, заняла 3-е месца на конкурсе. Хлопец расказвае аб сваёй захопленасці прафесіяй і праз творчасць: ён удзельнічаў у складзе агіткаманды каледжа ў рэспубліканскім інфармацыйна-прафарыентацыйным праекце “ПРАФ-БУМ”, а таксама заваяваў дыплом ІІ ступені за работу “Аграном — гаспадар зямлі. Спецыяльнасць з багатым мінулым і вялікай будучыняй” у конкурсе праектаў “Мая прафесія — мая будучыня” сярод навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі Мінскай вобласці і ўстаноў прафесійнай адукацыі Расійскай Федэрацыі.
Удзельнікі і пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд, навукова-практычных і даследчых конкурсаў, турніраў і канферэнцый сталі прэтэндэнтамі на перамогу ў намінацыі “За высокія паказчыкі паспяховасці”. Лідарам у намінацыі стала Вольга Зайцава, навучэнка Навапольскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа. Вольга вучыцца на бухгалтара і з’яўляецца прадаўжальніцай сямейнай дынастыі. Бабуля, мама, цётка, стрыечныя сёстры дзяўчыны працуюць бухгалтарамі. І ўсе яны атрымалі адукацыю ў Навапольскім каледжы. Сямейную справу Вольга працягвае годна: яе сярэдні бал за трэці курс склаў 9,9! А яшчэ дзяўчына ў гэтым годзе стала пераможцай у асабістым заліку Гомельскай абласной алімпіяды ў секцыі “Бухгалтарскі ўлік” і ІІ Рэспубліканскага конкурсу маладых бухгалтараў, аналітыкаў і аўдытараў.
Установа адукацыі — гэта не толькі вучоба, а яшчэ і свет захапленняў. У гэтым перакананы Мікіта Ашнін: атрымліваючы ў Слуцкім дзяржаўным сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі прафесіі трактарыста і вадзіцеля, ён адначасова змог рэалізаваць і сваё захапленне інфарматыкай і інфармацыйнымі тэхналогіямі. І рэалізаваў настолькі паспяхова, што толькі за 2020 год паклаў у агульную скарбонку ўзнагарод ліцэя больш за 10 дыпломаў і медалёў. Ён прымаў удзел у міжнародных конкурсах па інфарматыцы “Бабёр”, “Інфазнайка”, алімпіядзе “Лічбавая кампетэнтнасць як алгарытм жыццёвых навыкаў”, шэрагу конкурсаў па стварэнні відэаролікаў рознай тэматыкі. Таксама ў мінулым годзе ён прадставіў свой праект “Слуцкія сляды на месяцы” на Усерасійскім конкурсе праектна-даследчых работ “Грані навукі”. У рамках праекта юнак стварыў інтэрактыўную музейную кнігу экспанатаў і ў выніку ўзнагароджаны дыпломам І ступені.
Мікіта Ашнін стаў пераможцам у намінацыі “За дасягнутыя высокія паказчыкі ў галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій”.
За перамогу ў намінацыі “За дасягнутыя высокія паказчыкі ў галіне навукова-даследчай дзейнасці” змагаліся ўдзельнікі навуковых таварыстваў, дыпламанты і лаўрэаты розных конкурсаў, чые праекты атрымалі шырокае прымяненне на практыцы і паслужылі асновай для дасягнення прафесійнага поспеху. Перамогу ў намінацыі святкаваў Дзмітрый Іваноўскі, навучэнец Слуцкага дзяржаўнага каледжа. Кола даследчых інтарэсаў Дзмітрыя шырокае. Яно закранае яго будучую прафесійную дзейнасць. Так, юнак узнагароджаны дыпломам І ступені на III конкурсе на лепшую навукова-даследчую работу сярод студэнтаў і навучэнцаў, якія праводзіць Інстытут мяса-малочнай прамысловасці НАН. Таксама юнак цікавіцца гісторыяй і краязнаўствам — дыпломам І ступені адзначана яго даследаванне на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны ў лёсах, падзеях, фактах”.
Спартсмены, артысты, турысты
Дзясяткі юнакоў і дзяўчат прадставілі свае лепшыя інавацыйныя ідэі на конкурсе “100 ідэй для Беларусі”, рэспубліканскім аглядзе інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, міжнародных конкурсных пляцоўках. Яны сталі ўдзельнікамі абласнога конкурсу ў намінацыі “За дасягнутыя высокія паказчыкі ў тэхнічнай творчасці”. 1-е месца прысуджана Аляксею Бандарыку, навучэнцу Смілавіцкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя.
Аляксей — актыўны ўдзельнік аб’яднання па інтарэсах “Рацыяналізатар”, што дзейнічае ў ліцэі. Тут юнак змог увасобіць мноства сваіх ідэй. Так, напрыклад, была створана пелетаўтваральная машына для вырабу прэсаваных гранул, якія выкарыстоўваюцца ў якасці паліва для ацяплення жылых дамоў. Аляксей у 2020 годзе стаў прызёрам заключнага этапу рэспубліканскага агляду інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў адукацыі, прызёрам заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу “ТэхнаЁлка”.
Трэці год запар лідарамі ў намінацыі “За дасягнутыя высокія паказчыкі ў галіне гуманітарных навук, літаратурнай творчасці” становяцца дзяўчаты з Барысаўскага дзяржаўнага каледжа. Сёлета перамогу святкавала Аляксандра Цішкавец — неаднаразовая пераможца літаратурных конкурсаў і конкурсаў чытальнікаў. Увогуле, Аляксандра — надзвычай творчая асоба. Яна выкладае ў мадэльнай школе і вядзе свой відэаблог.
І яшчэ адна перамога — у прыгажуні і разумніцы з Барысаўскага каледжа: Вікторыя Арнаутава стала лепшай у намінацыі “За дасягненні ў галіне турызму і краязнаўства”. Вікторыя — будучы выхавальнік дашкольнай адукацыі. Тым, хто стане яе выхаванцамі, вельмі пашанцуе: у іх будзе вельмі чуллівая выхавальніца з багатым духоўным светам, якая ведае шмат цікавага. Вікторыя захапляецца праваслаўнай гісторыяй нашай краіны, аб якой стварае інфармацыйныя праекты. Дзяўчына не раз удзельнічала ў абласных і рэспубліканскіх духоўна-асветніцкіх чытаннях у Мінску, Полацку і Жыровічах. Яе даследчыя работы і праекты ў гэтым напрамку адзначаны шматлікімі дыпломамі, у тым ліку міжнароднага ўзроўню. А яшчэ Вікторыя шмат падарожнічае, найперш яе прывабліваюць хрысціянскія святыні нашай краіны.
Намінацыя “За папулярызацыю рабочых прафесій сродкамі мастацка-творчай дзейнасці” аб’яднала тых, хто мовай мастацтва прапагандуе рабочыя прафесіі ў маладзёжным асяроддзі. Пераможцай намінацыі стала Ганна Асіпюк, навучэнка Капыльскага дзяржаўнага каледжа — актыўная ўдзельніца творчых фестываляў і конкурсаў, прафарыентацыйных праектаў. Ганна ганарыцца тым, што ў хуткім часе стане кухарам. Аб сваёй адданасці любімай справе яна гучна заяўляе падчас разнастайных мерапрыемстваў. У спісе яе дасягненняў за мінулы год — дыпломы абласнога фестывалю мастацкай творчасці “ПрафАрт”, абласнога этапу Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу “АРТ-вакацыі”, Міжнароднага музычнага конкурсу сучаснай творчасці “Калядны звон”, перамога ў Міжнародным музычным фестывалі “Пульс нашага часу”.
— Я веру ў тое, што мы павінны быць шчаслівымі і напаўняць гэтае жыццё станоўчай энергіяй. Мне ў гэтым дапамагае музыка, праз яе я магу дзяліцца з іншымі станоўчымі эмоцыямі, — расказвае Ганна.
Гэта старанная, працавітая і дысцыплінаваная дзяўчына. Яна вельмі артыстычная, таму знайшла сябе ў і тэатральнай майстэрні “Калейдаскоп”. Таксама Ганна з’яўляецца актыўным удзельнікам маладзёжнага прафілактычнага атрада “Наркапост” і валанцёрам атрада “Данка” Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.
“За дасягненні ў галіне фізічнай культуры і спорту” найвышэйшую ўзнагароду конкурсу атрымаў Уладзіслаў Жартун, прадстаўнік Слуцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. Уладзіслаў даўно займаецца вольнай барацьбой, і ў ліцэі ў яго ёсць магчымасці развіваць свае спартыўныя здольнасці. Як вынік — ён з’яўляецца пераможцам шматлікіх спаборніцтваў па вольнай барацьбе. Юнак мэтанакіраваны, адказны, настойлівы ў дасягненні вынікаў — усе гэтыя якасці дапамагаюць яму і ў спорце, і ў асваенні прафесіі.
— Трэніроўкі, вучоба, зноў трэніроўкі… Кожны дзень я выкладваюся на поўную, бо ведаю: каб стаць лепшым, трэба шмат працаваць. За ўсімі маімі медалямі стаяць неверагодныя намаганні. Я перакананы, што той, хто змагаецца, заўсёды перамагае. Гэтым і кіруюся ў жыцці, — расказвае пра сябе спартсмен і будучы зваршчык.
Знаёмячыся з жыццёвымі гісторыямі ўдзельнікаў конкурсу “Лепшы навучэнец установы прафесійнай адукацыі Мінскай вобласці”, міжволі адзначаеш, што практычна ўсе яны маглі б выступаць адразу ў некалькіх намінацыях — столькі талентаў і маладой энергіі ў гэтых юнаках і дзяўчатах. І самае галоўнае — у кожнага з іх правільныя жыццёвыя арыенціры, якія, без сумненняў, прывядуць іх да новых вяршынь.
Дар’я РЭВА.