Творчыя прыёмы на ўроках англійскай мовы

- 12:23Педагагічная майстэрня

Прычынай перагрузкі сучаснага школьніка з’яўляецца не змест асобных прадметаў, а адсутнасць у дзіцяці цікавасці да таго, чым яно займаецца ў школе. Неабходна ствараць умовы для актыўнага, дзейснага пражывання дзіцяці на ўроку. На ўроках англійскай мовы, асабліва ў пачатковай школе, паэтычная мова мае перавагу перад прозай — нават там, дзе гаворка ідзе пра матэрыяльныя прадметы і дзеянні.

Вершы, рыфмоўкі, песні, інсцэніроўкі значна павышаюць цікавасць дзіцяці да мовы, якая вывучаецца, узбагачаюць яго маўленне і пры гэтым не перагружаюць, таму што звяртаюцца непасрэдна да душы дзіцяці. Мова паэзіі, ад простых дзіцячых вершыкаў і да асобных санетаў Шэкспіра, з іх багаццем гукапераймання, з’яўляецца фундаментам для развіцця эмацыянальнай сферы дзіцяці. Вучні пачатковай школы ў адрозненне ад старэйшых дзяцей не робяць ніякіх спроб аналізаваць замежню мову, параўноўваць яе з рускай.

Найважнейшым патрабаваннем да заняткаў з’яўляецца яркая афарбоўка. Толькі ў радаснай атмасферы дзіця будзе прагна ўбіраць усё новае, будзе не толькі запамінаць, але і разумець. Для таго каб навучанне было эфектыўным, я стараюся адносіцца да вершаў і песень творча, а не проста прапяваць або прагаворваць іх з вучнямі ад пачатку і да канца: мяняць месцамі куплеты, замяняць словы, ствараючы праблемныя сітуацыі для разумення іх сэнсу, некалькі разоў прагаворваць або прапяваць асобныя фразы, звязаныя з найбольш важным лексічным або граматычным матэрыялам, прыдумваць новыя куплеты і г.д.

Знаёмячы дзяцей з новымі вершамі, песнямі, стараюся настроіць клас на іх успрыманне, выкарыстоўваючы адпаведныя жэсты і міміку для стварэння яркай карціны. Калі я або дзіця будзем на ўроку проста расказваць верш пра сабачку, які згубіўся, птушку, якая мерзне, і г.д., то гэта хутка надакучыць дзецям. Яны хочуць самарэалізоўвацца на ўроках, гаварыць пра свае пачуцці, жаданні. Няхай дзіця ўявіць сябе сабачкам, зайчыкам, птушкай… Калі дзіця адчувае сябе галоўным суб’ектам зносін, то эфектыўней і хутчэй авалодвае новым моўным матэрыялам, асабліва калі ён дапамагае рэалізаваць дзіцячыя жаданні.

Напрыклад, пры вывучэнні частак цела стараюся зрабіць так, каб кожнае дзіця думала, што ў песні або вершы гаворыцца менавіта пра яго руку, нагу, яго нос. Тады ўдаецца задзейнічаць эмацыянальную, рухальную, тактыльную памяць дзіцяці. Прывяду некалькі прыкладаў з англійскіх вершыкаў-дзеянняў:

I’ve got one face,

I’ve got one head,

I’ve got two arms,

I’ve got two legs,

Ten fingers, two hands,

Ten toes, two feet,

Listen! Listen!

Repeat! Repeat!

Boys, hands up! Boys, hands down!

Boys and girls! Turn around!

Girls, hands up! Girls, hands down!

Girls and boys! Turn around!

Boys, jump! Girls, run!

Boys and girls! Turn around!

Для верша “My poor puppy” абавязковы памочнік — цацачны сабачка, які з’яўляецца галоўным героем. Прадстаўляючы верш дзецям, я прайграю ўсе словы з сабачкам. Дзіця, расказваючы потым верш на памяць, з цацкай у руках таксама адчувае сябе клапатлівым гаспадаром чатырохногага сябра:

My poor puppy’s sick today,

His nose is dry, he doesn’t play.

His eyes are dull, his tail is down.

He is the saddest dog in town.

I’ll take my puppy to the vet.

I’ll ask the vet to help my pet.

The dog will cheer up and run,

And we will have a lot of fun.

Што да песенькі “Can you tell me the way?”, тут словы і дзеянні непарыўна звязаны адно з адным — усе словы песенькі дзеці суправаджаюць адпаведнымі дзеяннямі:

Excuse me, sir,

Can you tell me the way

To the nearest bank?

It’s not far away.

First turn left, then turn right,

Then go straight ahead.

You must stop at the traffic lights

When the traffic lights are red.

З прычыны псіхафізіялагічных асаблівасцей дзеці малодшага школьнага ўзросту пасля перапынку або дынамічнай паўзы з цяжкасцю вяртаюцца ў рабочы стан. Неабходна выкарыстоўваць асаблівыя прыёмы, якія дапамаглі б уключыць дзяцей у наступную работу. Адзін з найбольш эфектыўных прыёмаў у пачатку кожнага ўрока — гэта харавая рэцытацыя ўсім класам верша, які стварае атмасферу спакою, урачыстасці або, магчыма, нават глыбокай павагі. Напрыклад:

Good morning, good morning!

Good morning to you!

Good morning, good morning!

I’m glad to see you!

На дзяцей станоўчы ўплыў аказвае тое, што ўрокі пачынаюцца рэцытацыяй адных і тых жа невялікіх вершаў на працягу некалькіх тыдняў. Калі клас настроіўся на заняткі, можна папрасіць некаторых дзяцей або групу паўтарыць тое, што клас толькі што дэкламаваў хорам. Працэс паглыблення ў мову можна ўзмацніць спяваннем песенькі. Іншы прыклад таго, што можна зрабіць, — гэта стварыць процівагу спакойнаму і ўрачыстаму пачатку ў выглядзе вершыкаў-дзеянняў разам з адпаведнымі рухамі. Вось прыклад вядомай песенькі “Dr. Monday” ў вершаванай форме:

He gets up at 6 o’clock,              (I)

He takes a shower.                       (I)

He walks his dog at 7 o’clock,  (I)

He buys a flower.                           (I)

Chorus: He’s Dr Monday, he’s a vet.  (II)

He’s Dr Monday, he helps my pet. (II)

“What’s the matter? What’s the matter?” (III)

“Can you help my cat?” (IV)

“Please, don’t worry, please, don’t worry,

I can help your cat”. (V)

Рухі

І. Дзеці паказваюць усе дзеянні, якія робіць Dr. Monday.

ІІ. Дзеці паказваюць на доктара (яго фота) і захапляюцца ім, таму што ён дапамагае гадаванцам.

ІІІ. Дзеці паказваюць доктара, які цікавіцца, што здарылася з гадаванцам.

  1. Дзеці паказваюць занепакоенага гаспадара, у якога захварэў гадаванец.
  2. Дзеці іграюць ролю доктара, які супакойвае гаспадара і гаворыць, што дапаможа (дзеці паказваюць гэта з дапамогай інтанацыі і жэстаў).

Вядома, што нерухомая поза для арганізма малодшага школьніка больш стомная, чым рухі. Рухальная актыўнасць вучня ў школе павінна складаць не менш за 2 гадзіны. Вялікая частка гэтай актыўнасці даецца дзіцяці на перапынках, уроках фізкультуры. На ўроку таксама неабходна праводзіць розныя фізкультхвілінкі, дынамічныя паўзы або вельмі часта мяняць позы дзяцей і вывучаць неабходны вучэбны матэрыял у руху. І вершы ў гэтым выпадку таксама вельмі карысныя.

Калі на ўроку запланавана ўвесці штосьці новае, то самы зручны момант для гэтага — адразу пасля рытмічнай часткі ўрока. Таксама ёсць вялікая колькасць вершаў, скорагаворак, песень, якія можна выкарыстоўваць у якасці фанетычнай зарадкі. Часам з яе я пачынаю ўрок або праводжу яе ў сярэдзіне ўрока. У фанетычнай зарадкі не можа быць фіксаванага месца на занятках. На некаторых з іх яна ўвогуле бывае лішняй. Месца фанетычнай зарадкі на ўроку залежыць ад паслядоўнасці выканання тых заданняў, дзе вучні могуць сутыкнуцца з цяжкасцямі. Фанетычная зарадка дапамагае іх прадугадаць і пазбегнуць. Прывяду прыклады такіх вершаў-скорагаворак.

На асобныя гукі:

A black cat sat on a mat

And ate a fat rat.

Father, mother, sister, brother

Hand in hand with one another.

I scream, you scream

We all scream for ice-cream.

Why do you cry Willy? Why do you cry? Why Willy? Why Willy? Why Willy? Why?

На граматычныя з’явы:

I am Jack. You are Jill.

She is Kate. He is Bill.

I have a hare, I have a bear,

My toys are here, my toys are there.

На лексіку:

I like fish, I like eggs,

I like cheese and meat.

I like cakes and biscuits

In fact I like to eat.

In the morning we say Good morning,

In the afternoon we say Good afternoon,

In the evening we say Good evening.

Праўда, размежаванне такіх вершаў па аспектах мовы вельмі ўмоўнае. У час фанетычнай зарадкі стаўлю перад вучнямі некалькі задач: спачатку прачытаць скорагаворку ў сярэднім тэмпе і, галоўнае, правільна і выразна вымаўляць усе гукі. Потым дзеці павінны прачытаць скорагаворку як мага хутчэй, пры гэтым правільна вымаўляючы словы.

Падводзячы вынік, хочацца сказаць, што выкарыстанне вершаў і песень на ўроку дазваляе індывідуалізаваць працэс навучання, павышае матывацыю навучання, напаўняе ўрок эмацыянальнай афарбоўкай, актывізуе дзейнасць навучэнца.

Прапляскаць рытм, угадаць або па­знаць верш па рытме, слухаць і назіраць, гудзець, спяваць, пляскаць або гаварыць гучна, паказваць дзеяннямі тое, што спяваюць або дэкламуюць іншыя, — разнастайнасць форм бясконцая. Справа настаўніка — скласці кампазіцыю так, каб дзеці з вялікай радасцю і самазабыццём удзельнічалі ў розных формах дзейнасці і каб у канцы ўрока клас быў не стомленым, а, наадварот, адпачыў, ня­гледзячы на тое, што на самай справе працаваў плённа і добрасумленна.

На заканчэнне хачу адзначыць, што для таго, каб дзеці не вельмі стамляліся і ішлі з урока вясёлымі і пазітыўнымі, я стараюся прытрымлівацца наступнага правіла: “Every lesson should have at least one piece of fun”.

Яўгенія ГЛАДКАЯ,
настаўніца англійскай мовы гімназіі № 16 Мінска.