Творчы шлях да майстэрства

- 11:01Выхаванне

Колькі ў свеце прафесій? Якой з іх аддаць перавагу? Як выконваць сваю прафесійную місію творча? На гэтыя пытанні давалі адказы ўдзельнікі Рэспубліканскага конкурсу “Праз майстэрства да творчасці”, які праходзіў у Рэспубліканскім цэнтры тэхнічнай і інавацыйнай творчасці.

Каб расказаць пра свае дасягненні і перспектывы ў прафесіі, паказаць сваё майстэрства і прадставіць станоўчы імідж рабочых прафесій і спецыяльнасцей, аб’ядналася больш за 200 устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Беларусі. У фінал трапілі пераможцы абласных і мінскага гарадскога этапаў конкурсу. Гэта 7 каманд у складзе 120 навучэнцаў.

“Конкурс “Праз творчасць да майстэрства” толькі пачынае свой адлік, але ён мае доўгую гісторыю, бо 15 гадоў сярод устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі праводзіўся конкурс “Беларусі вянок”, — адзначыла, адкрываючы конкурс, Марыя Аляксандраўна Саротнік, начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі. — Летась сістэма прафтэхадукацыі святкавала 75-годдзе, і ў працяг юбілейных падзей мы хочам паказаць, што сістэма прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі — важная ступень адукацыі ў нашай краіне”.
Закліканы былі гэта паказаць 5 конкурсаў: “І майстэрства, і натхненне”, у які ўвайшлі творчыя заданні па макетаванні, мастацкай фатаграфіі і машыннай вышыўцы на тэму “Славутасці Беларусі”; “Прадстаўленне каманды”; “Усе грані прафесіі” (стварэнне відэаролікаў, у якіх раскрываюцца пэўныя прафесіі); “Ад прадзедаў спакон вякоў” (стварэнне вырабаў у тэхніцы народных промыслаў па выніках даследчай работы); “Адрасы цікавых прафесій” (інтэрактыўныя праграмы, якія павінны дапамагчы абітурыентам з прафесійным выбарам).

“Пасля 15 гадоў правядзення “Беларускага вянка” ўзнікла неабходнасць змяніць яго змест у адпаведнасці з новымі патрабаваннямі ў падрыхтоўцы кадраў, з новымі кірункамі творчасці, якія развіваюцца, — вывесці гэты конкурс на сучасныя рэльсы, — зазначыла Ала Сцяпанаўна Герасімук, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце РЦТіІТ. — Адна з асноўных ідэй гэтага конкурсу — удасканаленне прафарыентацыйнай дзейнасці навучальных устаноў і, акрамя таго, развіццё творчасці, прафесійнага майстэрства, выяўленне і развіццё індывідуальных здольнасцей навучэнцаў. Мы сур’ёзна змянілі ўмовы конкурсу, і асноўная мэта, на наш погляд, дасягнута. Парадаваў узровень майстэрства ва ўсіх відах конкурсных мерапрыемстваў”.

Найлепш паказалі сябе навучэнцы ў конкурсе на лепшую даследчую работу “Ад прадзедаў спакон вякоў”. Конкурс гэты ўпершыню быў уведзены ў апошнім “Беларускім вянку” два гады назад, але, як адзначае Ала Сцяпанаўна, на той момант узровень быў недастатковым. Сёння ж удзельнікі вельмі парадавалі арганізатараў і журы, бо падыход да даследчай работы стаў больш грунтоўным, работы сталі больш глыбокімі, ды і сама форма прэзентацыі адпавядала мэтам конкурсу, а не была проста шоу з народнымі песнямі і аднаўленнем абрадаў, як было да гэтага.

Навучэнцы даследавалі стварэнне глінянай цацкі-свістулькі і ўкаранялі яе вытворчасць у работу з дашкольнікамі, стваралі ювелірныя вырабы з дроту, прасачылі шлях абрэзкавага шыцця ад эканамічнага варыянта да твораў мастацтва, аднавілі тэхналогію гатавання сметанковага масла па народных рэцэптах, узамен хларыраванай водаправоднай вадзе навучыліся будаваць калодзежы
па-даўнейшаму і інш.

Самым лепшым па меркаванні журы стаў праект навучэнцаў адзінага ў сваім родзе Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа паліграфіі імя В.Харужай. Акунаючыся ў гісторыю стварэння кніжных пераплётаў, якія ў Беларусі былі неверагодна разнастайнымі, навучэнцы высветлілі, што для аздаблення выкарыстоўваліся толькі дарагія матэрыялы — золата, каштоўныя камяні, якія прывозілі на нашу зямлю здалёк, а вось танныя беларускія матэрыялы, якія былі даступны простаму чалавеку, для аздаблення ніколі не прымяняліся, бо гэта аспрэчыла б кнігу ў пераплёце як сімвал дастатку, багацця, рэспектабельнасці. Майстэрства ўдзельнікаў мінскай каманды аб’яднала традыцыі народнага рамяства саломапляцення і сучаснае мастацтва аздаблення пераплётаў, тым самым зрабіўшы аздобленую кнігу даступнай чалавеку з любым дастаткам.

У наступным годзе спаўняецца 500 гадоў з выхаду ў свет першай беларускай кнігі. “Хто, як не мы, нашчадкі Скарыны, можам зрабіць свой уклад у інтэграцыю беларускай народнай творчасці ў сучасныя паліграфічныя тэхналогіі аздаблення пераплётаў”, — прагучала ад аўтараў. Творчая група падрыхтавала паліграфічны выбар “Прысвячэнне”. Гэта падарункавы камплект, які складаецца з мініяцюрнай кнігі “Мастацкая спадчына Францыска Скарыны” на беларускай і рускай мовах і дызайнерскага футляра, што нагадвае кнігу, з лёну, з інкрустацыяй саломкай партрэта Скарыны і арнаментаў з васількамі.

Першыя ўпэўненыя спробы змяніць замерлыя выставы зрабілі ўдзельнікі конкурсу “Адрасы цікавых прафесій”. У ім усе рэгіёны і Мінск прадставілі інтэрактыўныя пляцоўкі, у якіх прапанавалі маладзёжнай аўдыторыі паступаць на тыя прафесіі, якія запатрабаваны нашай эканомікай. Майстар-класы, конкурсы, віктарыны, флэш-мобы — у ход ішло ўсё.

“Хацелася б на выставах бачыць прыўнясенне інтэрактыўных элементаў, узаемадзеянне з аўдыторыяй, стварэнне станоўчага іміджу не ў дэманстрацыйным фармаце, а ў фармаце жывых зносін з гледачом, наведвальнікам, — абгрунтоўвае ідэю конкурсу Ала Сцяпанаўна. — Хочацца прыходзіць на адукацыйныя выставы, напрыклад, “Адукацыя і кар’ера”, і не хадзіць ды збіраць буклеты, а незаўважна для сябе ўцягнуцца ў дзейства. Чалавек сам па сабе інертны. Калі не знайсці магчымасці яго прыцягнуць, у гульнявой форме зрабіць на сабе акцэнт, ён пройдзе міма. І гэты кірунак патрабуе ўдасканалення. У нас вельмі многа праходзіць выставачных мерапрыемстваў, і тое, як сябе прэзентуюць навучальныя ўстановы, у многім вызначае набор навучэнцаў, спрыяе правільнаму прафесійнаму выбару дзяцей”.

Асабліва ўдалося гэта камандам Віцебскай і Брэсцкай абласцей. Яны знайшлі ўдалыя формы работы з аўдыторыяй, не былі сумнымі, актыўна прыцягвалі аўдыторыю, давалі магчымасць на сабе апрабаваць тую ці іншую прафесію.

Усе пераможцы атрымалі каштоўныя прызы. У асноўным гэта тэхнічныя сродкі: аўдыясістэмы, відэакамеры, навушнікі. Тыя навучэнцы, якія перамаглі ў асабістых першынствах, будуць прадстаўлены для саіскальніцтва прэзідэнцкай прэміі па падтрымцы таленавітай моладзі. Арганізатары плануюць далей пашыраць колькасць конкурсных заданняў, улічваючы новыя прафесійныя кірункі і, калі будуць, канкрэтныя рэкамендацыі ўдзельнікаў.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.