Творцы будучыні

- 10:56Адукацыйная прастора

Заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Руская мова” і “Руская літаратура” адбыўся ў Полацку. На працягу тыдня знаўцы рускай мовы і літаратуры з розных куткоў Беларусі не толькі вызначалі свой статус у алімпіядным руху і здзіўлялі журы глыбокімі ведамі, але і знаходзілі новых сяброў, вывучалі славутасці горада.

Госці маладзёжнай сталіцы паспелі наведаць экскурсіі, пазнаёміцца з творчасцю лепшых калектываў мастацкай самадзейнасці ўстаноў адукацыі рэгіёна, атрымаць асабістае прывітанне ад Францыска Скарыны, нават у завочным конкурсе “Міс алімпіяда” паспаборнічаць! Папулярнасць апошняга невыпадковая: сярод удзельнікаў заключнага этапу алімпіяды большасць склалі дзяўчаты — іх было 111, а прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва было толькі 7. Самую масавую дэлегацыю — 18 чалавек — накіраваў Мінск.

Вітаючы фіналістаў, арганізатараў і гасцей алімпіяды ад імя кіраўніцтва раёна, намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Пётр Пяткевіч падкрэсліў:

— Алімпіяда аб’ядноўвае тых, хто гатовы многа працаваць для дасягнення выдатных вынікаў у жыцці і будучай прафесіі, вучыць творчаму, нестандартнаму мысленню, духоўна ўзбагачае. Мы ганарымся, што нашы інтэлектуальныя спаборніцтвы праходзяць менавіта на Полаччыне. Спадзяёмся, што родная зямля натхніла вас на дасягненне новых вышынь, падарыла добры настрой і ўпэўненасць у сваіх ведах.

Як паведаміў старшыня журы дэкан філалагічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Сяргей Нікалаенка, заданні алімпіяды ахоплівалі ўсе раздзелы школьнай праграмы і былі найперш накіраваны на праверку фонавых ведаў навучэнцаў, здольнасці працаваць з навукова-папулярнымі крыніцамі, ведання раздзелаў навукі пра мову, літаратурных твораў, а ў дачыненні да іх аўтараў — фактаў гісторыка-біяграфічнага характару, валодання літаратурнымі тэрмінамі. Агульны ўзровень выступленняў за апошнія гады значна вырас: пры выкананні комплекснай работы пераважная большасць удзельнікаў набрала ад 35 балаў і вышэй з 50 магчымых.

Што тычыцца малодшай узроставай групы, то ў ліку фіналістаў разам з дзевяцікласнікамі дастойна змагаліся іх малодшыя таварышы. Навучэнка 8 класа сярэдняй школы № 1 Лёзна Вікторыя Заруцкая паказала высокія вынікі па ўсіх трох турах і атрымала дыплом ІІІ ступені. Усяго ў фінале алімпіяды было заваявана 28 дыпломаў ІІІ і 15 — ІІ ступені, а таксама 9 пахвальных водзываў.

Дыпломамі I ступені заключнага этапу адзначаны навучэнцы 9 класа гімназіі Светлагорска Аляксандра Лабанава, сярэдняй школы № 3 Добруша Ганна Туравец і сярэдняй школы № 21 Баранавіч Таццяна Петрашэвіч; навучэнцы 10 класа Ліцэя БДУ Вераніка Новікава, гімназіі № 146 Мінска Карына Лянькова, гімназіі № 27 Мінска Лізавета Лойка; навучэнцы 11 класа гімназіі № 2 Баранавіч Анастасія Пузікава, сярэдняй школы № 7 Рэчыцы Лізавета Дондыш, гімназіі № 1 Брэста Марк Церашэнкаў і гімназіі № 7 Віцебска Дар’я Барбачэнка.

Спецыяльным прызам міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь за выдатнае веданне рускай літаратуры ўзнагароджаны навучэнец 8 класа сярэдняй школы № 3 Стоўбцаў Мінскай вобласці Дзмітрый Суднік. Спецыяльны прыз райвыканкама ўручаны навучэнцы 10 класа сярэдняй школы № 1 Полацка Ірыне Тарасевіч. Прызы землякам-пераможцам уручыла таксама дэкан гісторыка-філалагічнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Таццяна Гардзіёнак. Сярод каштоўных падарункаў лепшым з лепшых — пуцёўкі на вучэбна-азнаямляльныя паездкі ў Расію ад прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь, якія атрымалі пяцёра лепшых алімпіяднікаў.

— Мяне здзіўляе ў Полацку ўнікальнае адчуванне, калі ты разумееш, што па гэтай зямлі хадзілі людзі, якія не проста сталі радком у энцыклапедыі, гістарычнымі постацямі — яны стваралі нашу гісторыю і культуру, — адзначыў намеснік старшыні журы, начальнік навукова-даследчага цэнтра Нацыянальнага інстытута адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, доктар педагагічных навук, дацэнт Васіль Русецкі.

— Перамога — прызнанне поспеху і таленту вучняў і педагогаў, якім пашанцавала знайсці адно аднаго, прыслухацца, зразумець і ў выніку выпрацаваць паспяховую алімпіядную стратэгію. Ад усёй душы жадаем нашым дзецям, каб спраўдзіліся ўсе іх мары і самыя запаветныя жаданні, загаданыя ў гэтыя вясновыя дні на старажытнай полацкай зямлі, — падзялілася ўражаннямі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама Ірына Драздова. — Галоўнае — не спыняцца на дасягнутым, развівацца, вучыцца, тварыць у імя шчаслівай будучыні роднай Беларусі, у імя міру на Зямлі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.