Знакамітае коласаўскае “Мой родны кут, як ты мне мілы!..” можна лічыць своеасаблівым дэвізам даследчыкаў роднага краю. У многіх педагогаў-краязнаўцаў паэма “Новая зямля”, а таксама трылогія “На ростанях” яшчэ са школьных часоў сфарміравалі любоў да малой радзімы, жаданне яе даследаваць. Як ніхто іншы пра гэта ведае настаўнік інфарматыкі і матэматыкі Люсінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя Якуба Коласа Ганцавіцкага раёна Аляксандр Іванавіч ЗАНЬКА.
Калі б у 1902—1904 гадах Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч не працаваў настаўнікам у Люсіна, не сустракаўся б з палешукамі, не занатоўваў мясцовыя легенды і паданні, не палюбіў гэты маляўнічы куточак, нарэшце, не напісаў аповесць “У палескай глушы”, то, можа, і не было б у нашай краіне столькі краязнаўцаў, столькі неабыякавых да лёсу малой радзімы людзей. “Яму па душы быў і гэты глухі куток Палесся, аб якім яшчэ дома так многа цікавага наслухаўся ад аднаго старога аб’ездчыка, і гэты народ з яго асаблівай моваю і звычаямі, так не падобнымі да мовы і звычаяў тых беларусаў, з гушчы якіх выйшаў Лабановіч; гэты некрануты край старажытнасці, якая на кожным кроку кідалася яму ў вочы і затрымлівала на сабе ўвагу…”
Пасля прачытання гэтых рад-коў, думаю, многім захочацца наведаць Люсіна. А ўявіце, якую гордасць у люсінцаў (у трылогіі вёска названа Цельшына) выклікаюць словы пісьменніка пра іх малую радзіму! “Мы заўсёды ганарымся, што у нашай вёсцы працаваў Якуб Колас. Да Канстанціна Міцкевіча ў маіх землякоў асабліва цёплыя адносіны. Памятаю, калі паехаў паступаць у Мінск на матэматычны факультэт педінстытута, то напярэдадні экзамену вырашыў наведаць магілу пісьменніка на Вайсковых могілках. Было гэта ў жніўні 1982 года. Стоячы каля помніка, чамусьці адчуў сувязь з роднай зямлёй. Пасля гэтага выдатна здаў экзамены і паступіў на настаўніка”, — падзяліўся Аляксандр Іванавіч.
Супадзенне? Своеасаблівае Коласава благаславенне? Вядома толькі адно: па-іншаму і не магло быць. Яшчэ з дзяцінства Колас стаў знакавай фігурай у жыцці Аляксандра Занькі. Настаўнік з усмешкай прыгадаў выпадак, калі ў пачатковых класах ён напісаў у адной з работ, што Колас нарадзіўся ў Люсіна. “Мне чамусьці ў дзяцінстве менавіта так і здавалася”, — адзначыў педагог. А ўжо ў класе 7-м ці 8-м ён пачаў ствараць паэму пра роднае Люсіна. Прыкладам для твора, як нескладана здагадацца, стала “Новая зямля”, асаблівы коласаўскі стыль напісання. Акрамя таго, Аляксандр Іванавіч удзельнічаў у школьнай мастацкай самадзейнасці і выконваў ролю… канечне, Лабановіча. Гэтае захапленне настаўнік не пакінуў, таму сёння з’яўляецца і рэжысёрам, і сцэнарыстам тэатральных пастановак на аснове аповесці “У палескай глушы”, якія выконваюцца люсінскімі настаўнікамі і вучнямі. А яшчэ Аляксандр Іванавіч — вядучы розных мерапрыемстваў. Пачатак гэтаму таксама быў пакладзены дзякуючы Коласу. У 10 класе Аляксандр Занька разам з іншымі вучнямі пад кіраўніцтвам былога дырэктара школы Станіслава Іосіфавіча Жаркова, настаўніц Ганны Фёдараўны Мурсалім і Любові Іванаўны Навумік удзельнічаў у стварэнні школьнага літаратурна-этнаграфічнага музея. Быў нават вядучым на яго ўрачыстым адкрыцці 24 красавіка 1982 года, на якое прыехала шмат гасцей, пісьменнікаў з розных куточкаў Савецкага Саюза.
“Унікальнасць творчасці Якуба Коласа ў тым, што яна не толькі прымушае чытача задумацца над той ці іншай тэмай, але і выхоўвае ў яго любоў да малой радзімы. Сам Колас быў краязнаўцам. Гэта пацвярджае хаця б нарыс пра сялянскія пабудовы вёскі Люсіна. Чалавек, абыякавы да краязнаўства, не будзе праводзіць такое грунтоўнае даследаванне”.
За 38 гадоў музей наведалі тысячы людзей з розных краін. Тут госці знаёмяцца з прыладамі працы і побыту сялян пачатку мінулага стагоддзя, вышыванымі ручнікамі, а таксама шматлікімі матэрыяламі пра люсінскі перыяд жыцця і творчасці Коласа. У музеі можна ўбачыць і асабістыя рэчы пісьменніка, а таксама макет Люсінскага народнага вучылішча, дзе настаўнічаў Канстанцін Міхайлавіч. Пасля знаёмства з макетам варта абавязкова наведаць і месца, дзе знаходзілася ўстанова. Гэта якраз на рагу вуліц у цэнтры вёскі. Пазнаць тое месца нескладана. Арыенцірам стануць вялізныя пафарбаваныя бярвёны, складзеныя ў форме зруба па перыметры сцен вучылішча, а таксама вялікі валун з інфармацыйнай шыльдай і маладыя дрэўцы, прыкладна такія ж, што ў свой час саджаў разам з вучнямі малады настаўнік Міцкевіч.
“Мы стварылі ў школе музей, беражліва захоўваем памяць пра нашага песняра, пра гады яго працы ў Люсіна. Але ўсё ж хацелася б, каб мы, люсінцы, больш актыўна займаліся коласазнаўствам, даследавалі лёс герояў аповесці “У палескай глушы”. Па шчырасці, становіцца крыўдна, калі ў рэспубліканскім друку табе трапляюцца артыкулы, прысвечаныя Коласу і Люсіна, за аўтарствам настаўнікаў з іншых рэгіёнаў. Наогул, настаўнікам трэба актыўней вывучаць творы літаратуры, прысвечаныя іх малой радзіме, даследаваць гісторыю іх напісання”, — падзяліўся Аляксандр Іванавіч.
Усе мы ведаем Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча як паэта, празаіка, мовазнаўца. Аднак не многія ведаюць Якуба Коласа як краязнаўца. А даследчыкам ён быў не менш апантаным, чым сённяшні герой рубрыкі “Педагогі ў краязнаўстве”. Чаго варты толькі нарыс К.Міцкевіча “О крестьянских постройках деревни Люсино Минской губернии Пинского уезда Хотыничской волости”, напісаны ім у звычайным вучнёўскім сшытку. Сёння арыгінал нарыса захоўваецца ў Пінску ў Музеі Беларускага Палесся, а з яго копіяй можна азнаёміцца на сайце Люсінскай школы.
“Настаўнікам трэба актыўней вывучаць творы літаратуры, прысвечаныя іх малой радзіме, даследаваць гісторыю іх напісання”.
“Унікальнасць творчасці Якуба Коласа ў тым, што яна не толькі прымушае чытача задумацца над той ці іншай тэмай, але і выхоўвае ў яго любоў да малой радзімы. Сам Колас быў краязнаўцам. Гэта пацвярджае хаця б нарыс пра сялянскія пабудовы вёскі Люсіна. Чалавек, абыякавы да краязнаўства, не будзе праводзіць такое грунтоўнае даследаванне. Колас пісаў пра тое, што бачыў сам, пра мясціны, якія ён наведваў, а хадзіў ён шмат і па нашых лясах, і па балотах, добра ведаў люсінскія ваколіцы. Таму з любоўю і напісана аповесць “У палескай глушы”. Пра Шведаву гару (апісаў, якая яна), пра Яшукову гару (якая гэта гара), пра рэчку Цну, пра азёры (якія яны). Творы Коласа — сапраўдны дапаможнік для даследчыкаў роднага краю”, — адзначыў педагог.
Можна смела сказаць, што пешыя турыстычныя маршруты па Ганцавіцкім раёне былі ўпершыню пракладзены і апісаны менавіта Якубам Коласам. “Дарога ўвесь час ішла лесам. Лес зрэдку разрываўся невялічкімі палянкамі, на некаторых рунела жыта, а па краях там-сям пападаліся старадрэвіны-хвоі, што пышна разрасліся на прасторы, або развіслыя таўшчэразныя дубы, як заможныя старасвецкія гаспадары; на гэтых дубах палешукі-бортнікі рабілі цэлыя пчальнікі, зацягваючы туды па дзясятку вуллёў. Палянкі зноў змяняліся лесам, то стройным баравым, то нізкім балотным…” Калі чытаеш гэты ўрывак “У палескай глушы”, то ў думках малююцца вобразы і той дарогі, якая ідзе праз лес, і невялічкіх палянак, якія разрываюць гэты лес, і магутных дубоў. Аднак чым сто разоў пачуць і прачытаць (няхай нават і такога майстра беларускага слова, як Якуб Колас), лепш адзін раз прагуляцца. Напрыклад, да возера Дубаўскога або да Яшуковай гары, легенда пра якую падрабязна апісваецца ў аповесці (калі наведаецеся ў Люсіна, то дарогу да гэтых аб’ектаў абавязкова падкажуць мясцовыя жыхары). Пераканаецеся, чаму пісьменнік любіў гэтыя мясціны.
Шведава і Яшукова гара, азёры Смольскае, Красненскае, Дубаўское… Дарэчы, наконт азёр. Існуе легенда, што на беразе Дубаўскога Канстанцін Міцкевіч таемна сустракаўся з Ядвігай Баранцэвіч (прататып Ядвісі Баранкевіч), дачкой люсінскага падлоўчага. Чаму таемна? Таму што тата дзяўчыны Ігнат быў супраць таго, каб у маладога настаўніка і яго дачкі былі зносіны, а тым больш каханне. Гавораць, што менавіта гэтыя няўдалыя адносіны і сталі прычынай таго, што малады настаўнік напісаў прашэнне аб пераводзе ў іншую школу (просьба была задаволена, і Канстанцін Міхайлавіч быў накіраваны на працу ў Пінкавіцкую школу). А што тычыцца Дубаўскога возера, то малады настаўнік-краязнавец у пачатку ХХ стагоддзя пісаў, што колер вады ў ім цёмны (як і вочы яго каханай дзяўчыны) і залежыць гэты колер вады ад глыбіні вадаёма і характару дна. “Возера Красненскае афіцыйна называюць то Краснае, то Чырвонае. Хаця, на мой погляд, тапанімічныя назвы павінны быць такімі, як іх даюць мясцовыя жыхары”, — заўважыў настаўнік.
У адрозненне ад сваіх калег-краязнаўцаў, Аляксандр Іванавіч не ўдзельнічае ў конкурсах, не вядзе нават краязнаўчага гуртка. Краязнаўствам ён займаецца ў вольны ад выкладання інфарматыкі і матэматыкі час. Прычым займаецца ім не горш, чым любы пераможца рэспубліканскіх краязнаўчых конкурсаў. Акрамя таго, настаўнік стварыў віртуальны школьны музей, напоўніў грунтоўнымі краязнаўчымі матэрыяламі асобны раздзел школьнага сайта, прысвечаны люсінскаму перыяду біяграфіі Коласа. Як сапраўдны краязнавец, любыя творы, артыкулы пра малую радзіму ён чытае ўважліва, як кажуць, з алоўкам у руках, вылучаючы найбольш цікавае, а таксама пазначаючы недакладнасці. Ёсць такія недакладнасці і ў аповесці “У палескай глушы”. “Спачатку Колас піша пра Цельшына (значыць, наша Люсіна), што гэта “невялічкая вёска ў адну вуліцу”. Потым падчас апісання школы ён гаворыць, што тая “стаяла на рагу дзвюх вуліц. Адна вуліца, прасторная, роўная, шырокая, ішла на чыгунку, другая, невялічкая, бегла ў поле і зараз жа канчалася, перайшоўшы ў дарогу”. Дык колькі ў Люсіна стагоддзе назад было вуліц: адна ці дзве?”, — з усмешкай пытаецца настаўнік.
Чаму з усмешкай? Таму што Аляксандру Іванавічу няёмка шукаць недакладнасці ў творах свайго любімага пісьменніка, свайго настаўніка-краязнаўца, які праславіў яго малую радзіму, а таксама дапамог цэлай плеядзе педагогаў-краязнаўцаў з гордасцю гаварыць: “Мой родны кут, як ты мне мілы!..”
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.